Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якога часу супрацоўнікі ДАІ будуць заставацца ў ролі настаўнікаў?


Ігар Карней, Менск Сёньня – чарговы досьлед пра тое, якім чынам можна было б зьменшыць сумную статыстыку дарожна-транспартных здарэньняў на дарогах Беларусі. Чаму дысцыпліна на дарозе – дагэтуль выключны клопат ДАІ, а не саміх зацікаўленых бакоў? Якія парушэньні найбольш характэрныя на дарогах Беларусі?

Год бясьпекі азмрочаны трагічнай статыстыкай

Як кажа старшы інспэктар упраўленьня Дзяржаўтаінспэкцыі Менгарвыканкаму Мікалай Васільеў, дзейнасьць супрацоўнікаў міліцыі ў чымсьці падобная да працы школьных настаўнікаў. Толькі калі выкладчыкі даводзяць да яшчэ дзіцячага розуму, то міліцыянты мусяць выхоўваць дарослых людзей, якія часта папросту ігнаруюць агульнапрынятыя нормы:

“ДАІ праводзіла шэраг мерапрыемстваў, непасрэдна зьвязаных з “выхаваньнем” пешаходаў і кіроўцаў. Галоўнай мэтай – фармаваньне культуры як у пешаходаў, так і ў кіроўцаў транспартных сродкаў. Таму што ільвіная доля і скаргаў, і нараканьняў ідзе з-за таго, што людзі элемэнтарна нявыхаваныя. Парушыў правілы дарожнага руху (асабліва калі гэта зроблена ненаўмысна) – папрасі прабачэньня, сам першы працягні руку да замірэньня. А што пачынаецца? Абразы на адрас адзін аднаго, сваркі. І заканчваецца ўсё скаргамі, на якія Дзяржаўтаінспэкцыі яшчэ даводзіцца рэагаваць, вырашаць – хто мае рацыю, а хто вінаваты?”.

Калега спадара Васільева зь Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі, капітан Фёдар Гуліцкі згадвае, што 2007 год Міністэрствам унутраных спраў абвешчаны годам бясьпекі дарожнага руху. Дзеля гэтага намагаюцца аб’яднаць высілкі як МУС, так і іншыя зацікаўленыя структуры. Аднак замінае абыякавасьць саміх людзей.

“Асноўнай прычынай дарожна-транспартных здарэньняў зь цяжкімі наступствамі на сёньняшні дзень – перавышэньне хуткаснага рэжыму. І часта нават не само перавышэньне, а тое, што кіроўцы выбіраюць хуткасьць руху без уліку стану праезнай часткі і мэтэрэалягічных ўмоваў. У выніку здараюцца досыць сур’ёзныя аварыі, у якіх гіне па некалькі чалавек.

Як прыклад – учорашняя аварыя ў Верхнядзьвінскім раёне. Вадзіцель аўтамабіля “Фольксваген Пасат” пры выезьдзе з закругленьня дарогі ня справіўся з кіраваньнем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе і сутыкнуўся з такім невялікім аўтобусам МАЗ. У выніку 4 чалавекі, якія знаходзіліся ў машыне, загінулі. Тры на месцы, а пазьней у шпіталі і дзяўчына. То бок, кіроўцы няправільна ацэньваюць дарожную абстаноўку, умовы, у выніку чаго адбываюцца сур’ёзныя аварыі зь цяжкімі наступствамі”.

Флікер як “элемэнт”: жыцьця ці сьмерці?

Вострай выглядае сытуацыя з гібельлю пешаходаў у выніку наездаў транспарту – звыш 40% ад агульнай колькасьці ДТЗ з загіблымі ці траўмаванымі. 80% ад агульнай колькасьці загінулых трапілі пад колы ў цёмны час сутак, прычым ніводзін ня меў сьветаадлюстравальных элемэнтаў. Памяншэньне дня і дрэнныя умовы надвор’я спрыяюць росту ДТЗ з удзелам пешаходаў. Так, роўна год таму ў сьнежні штодня гінулі ад трох да сямі чалавек.

Між тым, у эўрапейскіх краінах, да прыкладу, у Нарвэгіі – 85% пешаходаў у цёмны час носяць флікеры. Абазначаны элемэнтам пешаход бачны за 150-200 мэтраў, не абазначаны – толькі за 20-50 мэтраў. З улікам яшчэ адной навалы, павальнага перавышэньня хуткаснага рэжыму, пазьбегнуць трагедыі складана.

Арганізаваныя ў прафэсійныя аб’яднаньні аўтамабілісты кажуць, што пэўныя зрухі ў сьвядомасьці аўтааматараў усё ж адбываюцца. Так, кіраўніца Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава лічыць добрым знакам часам зьнешне завостраную ўвагу ДАІ да наяўнасьці ў зімовы час на машынах зімовых шынаў. І хоць нядаўняя папраўка ў Правілы дарожнага руху мае рэкамэндацыйны характар, у выпадку аварыі адсутнасьць такой гумы расцэньваецца як абцяжарваючы фактар:

“Таму я вельмі вітаю апошнія крокі Дзяржаўтаінспэкцыі з нагоды таго, што яны зьвярнулі пільную ўвагу на зімовыя шыны. ДАІ цяпер прывучае хоць такімі мэтадамі мяняць усё ж гуму на колах у зімовы час. Бо для дзяржавы, паводле лёгікі, няма нічога больш важнага, чым жыцьцё чалавека”.

Асобным пунктам стаіць п’янства як беларускіх кіроўцаў, так і пешаходаў. Паводле ўпраўленьня ДАІ МУС Беларусі, за 8 месяцаў 2007 году па віне нецьвярозых кіроўцаў зьдзейсьнена 539 ДТЗ. Хоць гэта на 7% і меней, чым іх было ў 2006-м.

Лічба дня: 1 308 загіблых, 20.11.2007 Штогод у сьвеце больш мільёну чалавек гіне ў аўтааварыях, 19.11.2007 Хто фармуе несуцяшальную статыстыку ДТЗ – кіроўцы ці пешаходы?, 19.11.2007 Агульная культура пераносіцца і на дарогу, 19.11.2007 У аўтааварыі пад Віцебскам загінулі 6 чалавек, 3.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG