Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Забралі льготы — дайце людзям грошы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Некалькі тыдняў засталося да таго часу, калі беларускія пэнсіянэры, інваліды, студэнты вымушаныя будуць цалкам аплачваць праезд у грамадзкім транспарце, а таксама лекі й камунальныя паслугі.

Адмена сацыяльных ільготаў, якімі многія гады карысталіся мільёны беларускіх грамадзянаў, хвалюе і непакоіць многіх. Пра гэта сьведчыць і пошта “Свабоды”.

Наш слухач Віталь Ліневіч зь Менску лічыць, што, адмяняючы льготы, дзяржава павінна выплаціць пэнсіянэрам, студэнтам ды інвалідам грашовыя кампэнсацыі:

“Я ня супраць, каб ільготы адмянілі, а замест іх кожнаму далі пэўную суму грошай. На маю думку, гэта было б справядліва. Забралі льготы — дайце людзям кампэнсацыю.

Вось, напрыклад, я меў ад дзяржавы льготны праезд у грамадзкім транспарце (гэта прыкладна дваццаць тысяч рублёў у месяц) і лекі па льготных коштах (яшчэ прыблізна дваццаць пяць тысяч). Такім чынам, чакаю, што ў студзені, пасьля адмены льготаў, мне падвысяць пэнсію на 45 тысяч рублёў.

Натуральна, гэта апроч тых падвышэньняў, якія павінны адбыцца плянава, у сувязі з шалёнай інфляцыяй. Вось толькі ці дачакаюся я гэтых сарака пяці тысяч рублёў? Тут я сумняюся”.


Напэўна, сумнеў ваш, спадар Ліневіч, абгрунтаваны. Грашовай кампэнсацыі ўсім, хто меў льготы, ня будзе — пра гэта прэзыдэнт Лукашэнка выказаўся пэўна падчас нядаўняй нарады з чыноўнікамі. Будзе так званая адрасная сацыяльная падтрымка тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Вызначаць ступень такой патрэбы будуць зноў жа чыноўнікі. Мэханізм вызначэньня пакуль невядомы, але, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаны стары выпрабаваны спосаб.

Хочаш, інвалід альбо пэнсіянэр, атрымаць невялікую разавую грашовую дапамогу — зьбяры стос даведак у розных установах пра тое, што ты бедны, самотны ды хворы, а потым выстай даўжэзную чаргу ў выканкаме да начальніка, які будзе вызначаць, ці ў дастатковай ступені ты абдзелены лёсам.

Прайшоўшы аднойчы такую працэдуру, стары хворы чалавек, хутчэй за ўсё, страціць усялякую ахвоту паўтараць яе зноў. На гэта, напэўна, і разьлік у тых, хто ўсё гэта задумаў.

Пра некаторыя сёньняшнія беларускія рэаліі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова:

“Пра якую б важную для дзяржавы праблему ні казалі, абавязкова спасылаюцца на Лукашэнку: “Як патрабуе прэзыдэнт”, “Паводле ініцыятывы прэзыдэнта”, “У адпаведнасьці з рашэньнем прэзыдэнта”…

Такое ўражаньне, што нас хочуць пераканаць, нібы без Лукашэнкі мы адразу ўсе прападзем. Патрабаваць і даваць распараджэньні — гэта адно, а ўсё ж вызначаць палітыку і кіраваць краінай не павінен адзін чалавек на працягу гэтулькіх гадоў. Бо ніводзін чалавек у сьвеце не застрахаваны ад глупства.

Таму прэзыдэнтаў і мяняюць. Так адбываецца ў ЗША, у Эўропе. Нават у Расеі Ўладзімер Пуцін адмовіўся ад трэцяга тэрміну. А ў нас у Беларусі Лукашэнку, атрымліваецца, няма кім замяніць?

Перад выбарамі ён абяцаў кампэнсаваць страчаныя людзьмі на пачатку 1990-х гадоў грашовыя ўклады ў Ашчадным банку. Але ўсё гэта аказалася пустымі словамі. Адкуль можна ўзяць гэтулькі грошай?

У некаторых жа згарэлі вельмі буйныя сумы — у савецкіх рублях на тры “Волгі” хапіла б, альбо на статак кароў. Калі такія вялікія грошы вярнуць людзям, у нашых крамах імгненна спусташаць паліцы.

Па радыё і тэлебачаньні ня хочацца нікога слухаць. Усё пустая балбатня. З пэнсіі з голаду не памрэш — і толькі. Сто пяцьдзясят даляраў на месяц — вось увесь наш прагрэс”.


Вядома, спадар Баранаў, у адзін момант знайсьці некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў, каб раздаць пацярпелым уладальнікам савецкіх ашчадных кніжак, немагчыма.

Але калі б дзяржава мэтанакіравана займалася вяртаньнем даўгоў сваім грамадзянам на працягу апошніх пятнаццаці гадоў — то з большасьцю пацярпелых укладчыкаў магла б ужо разьлічыцца.

Спосабаў для гэтага было багата: прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, адмова ад затратных будаўнічых праектаў, продаж зброі былой савецкай арміі і шмат іншых.

Балтыйскія суседзі Беларусі, дарэчы, выплацілі сваім грамадзянам зусім не сымбалічныя кампэнсацыі. Так адбылося, напрыклад, у Літве, дзе ўкладчыкі за кожныя страчаныя чатыры савецкія рублі атрымалі адзін даляр. У Беларусі ж і сёньня выклікаюць людзей у Ашчадны банк, прапануючы атрымаць так званую “кампэнсацыю”, якой ня хопіць на бохан хлеба. Хоць на рахунку ў чалавека было некалькі тысяч савецкіх рублёў.

Пра сутнасьць улады і спосабы, з дапамогай якіх валадары розных гістарычных эпохаў ухілялі палітычных супернікаў, разважае ў сваім новым лісьце наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў:

“Амаль усе дэлегаты XVII зьезду КПСС былі рэпрэсаваныя і зьнішчаныя — яны маглі ведаць, што большасьць галасоў пры абраньні першага сакратара партыі была пададзеная не за Сталіна, а за Кірава.

Падліковая камісія была зьнішчаная ў поўным складзе, Кіраў быў забіты пры нявысьветленых да канца абставінах.

Калі хто-небудзь думае, што нашыя сучасныя правадыры больш цывілізаваныя, на маю думку, вельмі моцна памыляецца. Канечне, цяпер не прынята публічна садзіць палітычных апанэнтаў на кол, ліць суперніку-кандыдату на прэзыдэнцкую пасаду атруту ў кампот ці варыць апазыцыйных палітыкаў зажыва ў катлах на Чырвонай плошчы або перад будынкам грузінскага парлямэнту.

Ёсьць іншыя, больш вытанчаныя спосабы. Можна, напрыклад, ператварыць канкурэнта ў палітычны труп пры дапамозе СМІ — у нас так ім вераць, асабліва тэлебачаньню! Можна выдзьмуць з паветра крымінальную справу ды пасадзіць незадаволеных у турму.

Можна паганяць удзельнікаў мітынгу вадамётамі, сьлезацечным газам ды гумавымі кулямі — ну і што, калі некалькі соцень іх апынецца ў шпіталях? Ды ці мала што можна зрабіць, калі маеш уладу!

У дзявятай главе “Кнігі судзьдзяў” ёсьць цікавая прыпавесьць. Вырашылі аднойчы дрэвы абраць над сабою цара. Прапанавалі гэты ганаровы пасад аліве, смокве і вінаграднай лазе. Але тыя адмовіліся — маўляў, як гэта мы кінем свае плады, якімі частуем багоў ды людзей! Тады дрэвы прапанавалі царскую карону цярноўніку — ні на што ня здатнай расьліне.

Мараль: далёка не заўсёды ўлада належыць лепшым. Хутчэй наадварот”.


Так, спадар Сырэль, сыстэмы ўлады на працягу стагодзьдзяў мяняюцца істотна, а вось чалавечыя заганы і грахі застаюцца фактычна нязьменнымі.

Прага неабмежаванай і аднаасобнай улады аднолькава штурхала на жудасныя забойствы і ў XVI, і ў XVIII, і ў ХХ стагодзьдзях. І, дарэчы, падсыпаная ў келіх палітычнаму суперніку атрута не засталася анахранізмам сярэднявечча.

Згадайце, як спрабавалі атруціць некалькі гадоў таму падчас барацьбы за прэзыдэнцтва ва Ўкраіне апазыцыйнага лідэра Віктара Юшчанку.

На заканчэньне — ліст ад Галіны Александроўскай з Магілёва. Слухачка разважае пра некаторыя асаблівасьці беларуска-расейскіх дачыненьняў:

“Не магу зразумець, хто за каго трымаецца і хто каго пераймае — Пуцін Лукашэнку, ці наадварот. Публічных кантактаў у іх нібыта амаль няма, сустракаюцца рэдка. Тым ня менш, ствараецца ўражаньне, што яны зьвязаныя адзін з адным вялізным вузлом узаемных абавязкаў.

Палітыка, якую яны ажыцьцяўляюць адносна апазыцыі (кожны ў сваёй краіне) — фактычна ідэнтычная. Душаць гэтых апазыцыянэраў да такой ступені, што дыхнуць няма як. Ледзь што — цягнуць у суд. А вынік судоў — непасільныя штрафы, арышты, турма.

Ствараецца ўражаньне, што жывем у нейкай страшнай казцы, дзе да ўлады прыйшла шматгаловая пачвара. Народ і ў Расеі, і ў Беларусі пакутуе ад хваробаў, галечы, неўладкаванасьці ў жыцьці.

Але ўладу гэта не хвалюе. Яе задавальняе тое, што 20—25% насельніцтва як у Расеі, так і ў Беларусі жывуць стабільна добра. Астатнія 60—70% — у стабільнай беднасьці і галечы. Але каго гэта хвалюе?”


Думаю, спадарыня Александроўская, многія не пагодзяцца з вашым сьцьвярджэньнем пра тое, што стаўленьне да апазыцыі ў Маскве і Менску абсалютна аднолькавае.

У Расеі якраз цяпер адбываецца перадвыбарчая кампанія: многія ў Беларусі за ёй сочаць. Расейскія апазыцыйныя партыі маюць шматлікія ўласныя друкаваныя мэдыі, эфірны час для агітацыі на тэлебачаньні, яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць у разнастайных дыскусійных перадачах.

Хоць, зрэшты, шанцаў на тое, што дэмакратычнай апазыцыі ўдасца трапіць у расейскую Дзяржаўную думу, таксама няшмат. На тое ёсьць нямала прычынаў. І многія зь іх, сапраўды, тыя ж, што і ў Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG