Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці найперш церпяць ад бацькоў


Алесь Дашчынскі, Менск 20 лістапада — Усясьветны дзень дзіцяці. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла гэты дзень з нагоды прыняцьця Дэклярацыі аб правах дзіцяці 1959 году й Канвэнцыі аб правах дзіцяці 1989 году. Ці адзначаецца гэты дзень у Беларусі? Зь якімі пагрозамі сутыкаюцца беларускія дзеці і як абараняюцца іх правы?

У Беларусі гэты дзень адмыслова не адзначаецца, аднак сёлета праводзіцца шэраг імпрэзаў з нагоды года дзіцяці. А сёньня ва ўрадзе плянуецца заслухаць справаздачу аб выкананьні праграмы “Дзеці Беларусі”.

Канвэнцыяй ААН аб правах дзіцяці прадугледжаны захады дзеля рэалізацыі правоў дзяцей – на жыцьцё, на імя, на грамадзянства, на свабоду думкі, сумленьня, рэлігіі, на адукацыю і гэтак далей.

Паводле прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Галіны Рудзянковай, найболей правы дзяцей у Беларусі парушаюцца ў сям’і.

“Бо бацькі яшчэ не да канца разумеюць, што дзеці гэта таксама раўнапраўныя грамадзяне і што яны маюць свае правы. Існуе паняцьце гвалту над дзецьмі ў сям’і. Наша нацыянальная мадэль паводзінаў не заўсёды адпавядае міжнародным стандартам. Існуе і псыхічны гвалт над дзецьмі, і фізычны. Многія бацькі лічаць, што гэта дапушчальныя мэтады выхаваньня”.

Спадарыня Рудзянкова таксама падкрэсьлівае, што некаторыя бацькі таксама ўхіляюцца ад выкананьня бацькоўскіх абавязкаў:

“Такіх бацькоў, на жаль, яшчэ вельмі многа. Дзяржава вымушана ісьці на крайнія захады і забіраць з сям’і, адбіраць у бацькоў права на выхаваньне амаль чатырох з паловай тысяч дзяцей штогод”.

Неўзабаве ўступіць у сілу закон аб скасаваньні ільготаў. Прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Тацяна Шаметавец патлумачыла, што згодна зь ім дзеці да трох гадоў пазбаўляюцца бясплатнага забесьпячэньня лекамі.

“Свайго роду кампэнсацыяй зьяўляецца падвышэньне дапамогі, якая ў нас прадугледжана ад новага году. Таксама разглядаўся праект указу. Там таксама шэраг мераў накіраваны на дзяржаўную падтрымку малазабясьпечаных сем’яў і сем’яў зь дзецьмі да трох гадоў”.

Падчас нядаўняй нарады кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сродкі ад скасаваньня ільготаў накіруюць дзецям, да прыкладу, на іх бясплатнае харчаваньне.

Паводле прадстаўніцы Міністэрства адукацыі, і цяпер частка дзяцей атрымоўвае бясплатнае харчаваньне, аднак гэтую колькасьць дзяцей можна пашырыць, а таксама палепшыць якасьць такога харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG