Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульная культура пераносіцца і на дарогу


Любоў Лунёва, Менск Што трэба зрабіць, каб паменшыць колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў? Кіроўцы і пешаходы маюць на гэты конт розныя меркаваньні. Але яны пагаджаюцца, што адным павелічэньнем памераў штрафаў сытуацыю палепшыць не ўдасца. Наша карэспандэнтка высьвятляла, што думаюць на гэты конт палітыкі і грамадзкія дзеячы, якім даводзіцца кіраваць аўтамабілем.

Дырэктар ліквідаванага ўладамі гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас – адзін з тых, хто менш за ўсё прэтэнзій у дарожных здарэньнях мае да пешаходаў:

“Cправа ўся ў браку агульнай культуры, узаемнай ветлівасьці ў шанаваньні асобы й асабістага жыцьця. Уся справа ў нашай цывілізаванасьці, ва ўзроўні нашай культуры. А прыклад павінны паказваць, безумоўна, улады. Калі кіраўнік дазваляе сабе крычаць і зьневажаць на людзях гонар тых, хто знаходзяцца вакол яго, то гэтае хамства робіцца нормай зносін”.

Мікола Статкевіч лічыць, што паміж дабрабытам грамадзтва і аварыйнасьцю на дарогах ёсьць наўпроставая сувязь:

“Мабыць, беларусам трэба разбагацець і пачаць купляць больш сучасныя аўтамабілі. Зімой на іх надзяваць добрыя шыны і г.д. Але галоўнае нават ня гэта: дзяржава павінна клапаціцца пра дарогі – разьвязкі, асьвятленьне, пакрыцьцё... таму што большая колькасьць здарэньняў зьвязаная менавіта з гэтым. Недарэмна менш загінула людзей на дарогах у багатых краінах”.

Лідэр прадпрымальнікаў з грамадзкага аб’яднанаьня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка выказаў на гэты конт сваё меркаваньне:

“Калі будуць добрыя дарогі, то кіроўца ня будзе злавацца на ямы. Значыць, ён ня будзе нэрвавацца, значыць мы, кіроўцы, будзем узаемна ветлівыя і культурныя. Гэты ланцуг сьведчыць аб тым, што чым багацей мы будзем, тым больш у нас будзе парадку на дарозе. А гэта вельмі сур’ёзна ўплывае на дарожную абстаноўку”.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка шмат часу праводзіць за рулём. Ён занепакоены непісьменнасьцю пешаходаў, якія бяздумна ідуць на “зэбру”, не пераканаўшыся, што кіроўца пасьпее затармазіць:

“Трэба адукоўваць народ. Для гэтага трэба падключаць беларускае тэлебачаньне. Я, як кіроўца, ведаю ўсе гэтыя рэчы. Калі пераходжу на пераходзе, то гляджу, каб чалавеку хапіла часу затармазіць. А яны ж літаральна лезуць пад колы, думаючы, што аўтамабіль спыніцца, як укапаны. Мне шмат маіх сяброў распавядалі, што бачылі страшэнныя рэчы”.

Усе суразмоўцы выказаліся, што й супрацоўнікі ДАІ мусяць сачыць за бясьпекай. Яны кажуць, што праца міліцыянтаў стала выклікаць больш павагі зь іх боку, чым, напрыклад, пяць гадоў таму. Яны лічаць, што чалавек з паласатым жэзлам пачаў успрымацца больш як асоба, якая сапраўды сочыць за бясьпекай руху, а ня карнік, які шукае любую магчымасьць, каб аштрафаваць кіроўцу.

Штогод у сьвеце больш мільёну чалавек гіне ў аўтааварыях, 19.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG