Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў зьвярнуліся да А.Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску на плошчы Бангалор адбыўся мітынг прадпрымальнікаў, які ладзіла рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Зь мітынгу – рэпартаж нашага карэспандэнта.

На плошчы Бангалор сабраліся прадпрымальнікі зь Менску, Гомелю, Віцебску, Берасьця ды іншых гарадоў.

Яны трымалі ў руках расьцяжкі й плякаты “З такімі законамі, як сёньня, прадпрымальнікі застануцца без штаноў”, “Дзеці індывідуальных прадпрымальнікаў — гандляры, а дзеці міністраў — міністры?”, “Далоў дыскрымінацыю паводле сямейнай прыкметы!”.

Прадпрымальнікі выступілі за адмену палажэньня прэзыдэнцкага ўказу №760, якое дазваляе ад пачатку новага году наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

Старшыня “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка зачытаў рэзалюцыю мітынгу:

“Кампанія пераводу прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы цалкам правалілася. Толькі 5% індывідуальных прадпрымальнікаў вырашылі скарыстацца прапанаванымі схемамі.

Гэта адкрыты пратэст супраць фармальных бюракратычных рашэньняў. Бальшыня індывідуальных прадпрымальнікаў сабатуе ўказ — і гэта ўдар па рэпутацыі кіраўніка краіны”.

Удзельнікі мітынгу зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай “абараніць нацыянальнае прадпрымальніцтва ад інэртнага неадэкватнага ўраду”.

Яны патрабуюць сустрэчы з кіраўніком краіны, каб пачаць перамовы пра ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасьці.

На мітынгу былі й чыноўнікі. Кіраўнік ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Генадзь Курбека не пажадаў падзяліцца сваімі ўражаньнямі. Чаму ж ён прыйшоў на мітынг?

“Ну, міма ішоў, надвор’е добрае”, — кажа Курбека.

Удзельніца мітынгу Інэса Цыганкова трымала плякат “Забралі льготы — пакіньце працу. Індывідуальныя прадпрымальнікі-інваліды”.

“У мяне другая група інваліднасьці. Нідзе і нікуды мяне ня возьмуць на працу. Зьявілася магчымасьць стаць прадпрымальнікам, дапамаглі людзі. Я пачынала з нуля.

Мне пяцьдзясят гадоў. У мяне пэнсія 250 тысяч. Ці можна на гэтыя грошы пражыць?! Таму я прыйшла на гэты мітынг і прашу пакінуць маю прадавачку наёмнай асобай, якой 53 гады, яе выкідаюць на вуліцу”.

Сярод удзельнікаў мітынгу актывіст апазыцыі Вячаслаў Сіўчык. Ён сказаў:

“Вельмі добра, што мітынг адбыўся. Але ж тая рэзалюцыя, якая была прапанаваная індывідуальным прадпрымальнікам — добра б было яе прымаць у студзені 2007 году.

У лістападзе 2007 году вельмі сьмешна чуць і пра паважанага Аляксандра Рыгоравіча, і пра народных абраньнікаў, і пра гераічную барацьбу той ці іншай прадпрымальніцкай структуры за правы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Гэта праблема вельмі старая, і вельмі кепска, што на гэтым мітынгу ня выступілі іншыя лідэры прадпрымальніцкага руху. Бо тыя падыходы, якія былі сёньня агучаныя, нагадваюць стары савецкі анэкдот.

Сёньня арганізатары паспрабавалі таксама ўнесьці сваю долю, каб індывідуальных прадпрымальнікаў душылі дустам”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў сказаў, што да Аляксандра Лукашэнкі ўжо шмат разоў зьвярталіся і гэта не прынесла выніку:

“Ёсьць яшчэ прадпрымальнікі, якія кажуць — мы гатовыя 10 сьнежня праводзіць мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Урад кажа ва ўльтыматыўнай форме прадпрымальнікам “не”, то прадпрымальнікі таксама будуць ставіць пытаньне перад уладай рубам, бо мы страчваем працу. І выступы прадпрымальнікаў будуць, і трэба рыхтаваць страйк прадпрымальнікаў, каб ён быў больш арганізаваны”.

Улады дазволілі мітынг прадпрымальнікаў 19 лістапада, 14.11.2007 Прадпрымальнікі рыхтуюцца да мітынгаў пратэсту, 9.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG