Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Cям’я пачынаецца зь любові


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс “У мястэчку Крывошын Ляхавіцкага раёна жыве незвычайная сям''я – Галіна і Алег Зыранавы. Ён і яна – інваліды-вазочнікі. Да нядаўняга часу Галіна працавала ў школе настаўніцай, цяпер – займаецца гуртковай працай са школьнікамі.

Алег уладкаваў сумеснае жытло на першым паверсе шматкватэрнага дому. Ён – неблагі будаўнік, сваю двухпакаёўку прыстасаваў для побыту людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Нават асобныя дзьверы ўсталяваў на месцы вакна, каб можна было пад’ехаць да дома, пасадзіць у набыты й пераабсталяваны пад ручное кіраваньне “Опэль” жонку і адправіцца ў аўтападарожжа па краіне.

Сёлета, у прыватнасьці, яны пабывалі ў Залесьсі Смаргонскага раёну ў сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага.

На чым трывае сям’я інвалідаў Зыранавых? Гаворыць спадарыня Галіна:

“У прынцыпе сям’я, як і любы саюз, павінна пачынацца зь любові. Калі няма любові, я ўжо не кажу каханьня, казаць пра тое, што складзецца сям’я, проста не выпадае. Людзі не павінны аб’ядноўвацца па нейкіх, скажам, сацыяльных прыкметах, сацыяльных статусах, узроўню адукацыі. Людзі павінны аб’ядноўвацца ў сем’і паводле прыкметаў таго, што яны падыходзяць адзін аднаму, што менавіта гэта той чалавек, якога ты чакаў і шукаў”.

Пазнаёміліся Галіна й Алег у Калодзішчах пад Менскам, у цэнтры рэабілітацыі – разам танцавалі, хоць і седзячы ў інвалідных вазках. Так і пасябравалі, здаецца, назаўсёды.

Г.Залатароў: 70% сем’яў інвалідаў распадаюцца

Наагул у асяродку інвалідаў сем’і ствараюцца няпроста. І асаблівай трываласьцю яны не вызначаюцца.

Распавядае старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Інваліды-сьпінальнікі” Генадзь Залатароў:

“Сем’i ў многіх ёсьць. Але павінен сказаць, што надзвычай высокі й працэнт скасаваньняў шлюбаў. Ня многія могуць вытрымаць псыхалягічную траўму. Шмат хто ня бачыць наперадзе нейкіх сьветлых пэрспэктываў – і сем’і распадаюцца. Як мінімум, семдзесят працэнтаў”.

Сам спадар Залатароў сьцьвярджае, што менавіта сям’я дапамагла яму выбрацца з тупіку, калі зь ім здарылася няшчасьце і ён стаў інвалідам.

Прыгадвае кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня й некаторыя даволі пасьпяховыя пары, створаныя ўжо, як кажуць, па факту інваліднасьці.

Да прыкладу, Ігар Закрэўскі з Гомеля пазнаёміўся з Марынай, калі лекаваўся ў менскім шпіталі.

Пажаніліся, нарадзілі дзіця, пабудавалі дом. Ігар займаецца цяпер прадпрымальніцтвам і расказвае пра падмурак сваёй сям’і:

“Трэба справай займацца, дапамагаць. І ня ставіць у межы, што вось гэтага я не магу. Усё нароўні трэба рабіць”, – лічыць спадар Закрэўскі.

Камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс:

Адзінота, стварэньне сям’і… Зразумела ж, усё ўскладняецца, калі ты маеш інваліднасьць. Аднак ёсьць шмат прыкладаў шчасьлівых сем’яў, дзе муж або жонка маюць пэўныя фізычныя абмежаваньні. Проста людзі СУСТРЭЛІСЯ і ім лягчэй разам, чым паасобку...

Мае сябры Алег і Галя Зыранавы – вазочнікі. Набылі і абсталявалі кватэру так, каб у ёй было зручна перамяшчацца ды жыць на калясцы. Падарожнічаюць на сваёй машыне па Беларусі. Жывуць на Брэстчыне. Галіна працуе ў мясцовай школе (яна філёляг), Алег пасьпяхова і актыўна займаецца спортам.

Напэўна, галоўнае – не баяцца скарыстаць свой шанец на каханьне. І на сяброўства – таксама.
XS
SM
MD
LG