Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Акудовіч: “У беларусаў жыве генэтычны страх перад заможнасьцю”


Радыё Свабода Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Ўсясьветны банк правялі дасьледаваньне “Жыцьцё ў пераходны пэрыяд эканомікі”, паводле якога 70 працэнтаў беларусаў задаволеныя сваім жыцьцём. Менавіта такая колькасьць апытаных лічыць цяперашні ўзровень свайго жыцьця вышэйшым за той, які быў на пачатку пераменаў 17 гадоў таму. Ці адпавядае гістарычнай традыцыі беларуса быць задаволеным сваім жыцьцём? Наколькі тут важны матэрыяльны чыньнік? Пра гэта Віталь Цыганкоў гутарыць зь філёзафам Валянцінам Акудовічам.

Цыганкоў: “Валянцін, сацыёлягі часам фіксуюць, што грамадзяне заможных эўрапейскіх краінаў, такіх як Нямеччына ці Швайцарыя, бываюць больш не задаволеныя жыцьцём, чым жыхары многіх бяднейшых краінаў. Наколькі важны матэрыяльны чыньнік для беларусаў?”

Акудовіч: “Сапраўды, калі параўноўваць жыцьцё беларусаў нават не з 1990-мі гадамі (калі бурылася вялізная імпэрыя і з гэтага руйнаваўся ўвесь сацыяльна-эканамічны жыцьцялад краіны, зачыняліся прадпрыемствы, была гіпэрынфляцыя, не ставала пэўных тавараў і гэтак далей), калі параўноўваць ня з гэтай парой, а нават з “залатымі” машэраўскімі гадамі, то жыцьцё беларусаў сёньня выглядае значна лепш. Больш за тое, якім бы бедным ні выглядала сёньняшняе жыцьцё беларусаў у параўнаньні з жыцьцём жыхароў Заходняй Эўропы, магчыма, беларусы ніколі ў сваёй гісторыі ня мелі такога ўзроўню дабрабыту, які маюць сёньня. Фактам ёсьць тое, што беларусы сёньня жывуць адносна таго, як яны жылі раней, значна лепш”.

Цыганкоў: “Наколькі гэта гістарычна звыкла для беларуса – быць задаволеным сваім жыцьцём? Здаецца, што ў літаратурнай і мастацкай традыцыі мы часьцей сустракаліся з адваротным...”

Акудовіч: “Беларус і ў Бога за пазухай будзе скардзіцца на жыцьцё. І вось чаму. Паколькі гэты край праз стагодзьдзі пэрманэнтна абіралі тыя ці іншыя прыхадні, дык выжывалі ня моцныя і багатыя, а слабыя і бедныя, зь якіх захопнікам не было чаго ўзяць. Таму заставацца бедным ці, прынамсі, выглядаць на беднага было найпершай справай беларуса. А каб ніхто ў гэтым не сумняваўся, беларус увесь час на людзях скардзіўся на сваё жыцьцё. У Францішка Багушэвіча ёсьць па сутнасьці страшны верш, дзе рэфрэнам гучыць жаданьне маці, каб яе сын “панам ніколі ня быў”. Уяўляеце, жадаць сыну, каб ён ня быў багаты, заможны, ня меў статусу ў грамадзтве.

Але гэта зразумела, бо просты народ ведаў, што за царом паны траплялі калі не на шыбеніцу, дык у Сібір, а за саветамі і падпанкаў туды адпраўлялі. Тыя бізнэсоўцы, якіх я ведаю, наймацней скардзяцца на жыцьцё. У іх жыве генэтычны страх перад заможнасьцю як знакам магчымай бяды”.

Цыганкоў: “З улікам усяго таго, што вы цяпер сказалі, як вы патлумачыце вынікі апытаньня, якія мы абмяркоўваем?”

Акудовіч: “Я мяркую, што на вынікі апытаньня радыкальным чынам паўплывала ідэалёгія. Гэта значыць, што прыхільнікі сучаснага палітычнага ладу такім чынам прадэманстравалі падтрымку свайму лідэру. А зь іншага боку, простыя людзі сапраўды моцна напалоханыя. І таму, каб ня выйшла якой бяды, яны публічна нават скардзіцца баяцца. І толькі трэцім чыньнікам гэтых фантастычных лічбаў у апытаньні варта лічыць рост матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG