Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На сайце “Хартыя’97” камэнтуюць ноту пратэсту, якую МЗС Беларусі ўручыў амбасадарцы ЗША ў Менску Карэн Ст’юарт. У ноце выказаны рашучы пратэст супраць дзеяньняў ураду ЗША, які ўвёў фінансавыя санкцыі супраць канцэрну Белнафтахім. Водгукі:

“Амэрыканцы малайцы. Самыя рашучыя і пасьлядоўныя ў сваіх дзеяньнях па падтрымцы свабоды беларусаў. Вялікі дзякуй ім за гэта”;

“Мяркую, апазыцыі трэба абавязкова ўручыць амбасадарцы бутэльку шампанскага і каробку цукерак”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра магчымы рост коштаў на беларускіх рынках. Выснова робіцца з таго, што толькі 2,5 тысячы з 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў перарэгістраваліся як юрыдычныя асобы. Камэнтары:

“Пры чым тут прадпрымальнікі? Падаражэла сыравіна/вытворчасьць/закупка”;

“Мяне жахнула, што “цяперашняя падаткавая нагрузка на індывідуальных прадпрымальнікаў паводле шэрагу пазыцыяў перавышае аналягічную ў Расеі і Ўкраіне”;

“У кожным выпадку ўздымуць кошты. Бо заработак стане меншым з-за зьмяньшэньня пунктаў рэалізацыі тавараў”;

У сецявой суполцы by_politics абмяркоўваюць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Карпенкі, які заявіў, што гатовы “пачаць дыялёг з апазыцыйнымі моладзевымі рухамі”. Тут жа цытуецца зварот да Ігара Карпенкі і чыноўніцы міністэрства адукацыі Ірэны Дыль, падпісаны актывістамі “Моладзі БНФ” Алесем Калітом, Франакам Вячоркам ды Ільлём Богданам. Маладыя людзі дэкляруюць гатоўнасьць сесьці за круглы стол, і перад пачаткам канструктыўнай супрацы прапануюць сярод іншага аднавіць у ВНУ выключаных за палітычную актыўнасьць студэнтаў. Камэнтар:

“Канструктыўны дыялёг, які б суправаджаўся аднаўленьнем студэнтаў, наперад выключаны”.

Кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін у сваім блогу публікуе фотаздымкі табло аэрапортаў Варшавы і Менску, дзе можна пабачыць колькасьць вылетаў за адзін прамежак часу. На менскім табло пазначаны менш за дзясятак рэйсаў, на варшаўскім – некалькі дзясяткаў. Свой допіс аўтар называе “Пра карысьць эўрапейскага выбару”, і працягвае: “Аэрапорт (Менск-2) пусты. Няма д’юці-фры. Адчуваньне, што сеў на запасны аэрадром ва Ўрупінску пасярод кукурузнага поля. Гэта ізаляцыя. Дакладней, самаізаляцыя”. Камэнтары:

“Гулкія цяжкія памяшканьні, цяжкое адчуваньне”;

“Што дзівіцца. У Беларусь за год прыяжджае 65 000 турыстаў, а ў Ізраіль летам за некалькі дзён столькі. А ў Ізраіль едуць адносна мала”;

“Галоўная бяда краінаў у самаізаляцыі – адсутнасьць камунікацыі з цывілізацыяй”.

Карыстальніца bridget_jones2 піша ў сваім дзёньніку пра новую ініцыятыву беларускай міліцыі, якая абавязала пешаходаў насіць на сабе флікеры ў цёмны час сутак: “Як кіроўца, я ўхваляю ініцыятыву супрацоўнікаў ДАІшнікаў… Але штрафаваць – гэта занадта! А ўчора прыбягае (сяброўка) Наташка, здаволеная, румяная, новай футрай хваліцца. На рукаве і на сьпіне прышытыя стужкі, якія адлюстроўваюць сьвятло”. Камэнтар:

“Жах! Псаваць футра гэтымі штуковінамі!”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG