Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будзем маўчаць — нікуды не паедзем”


Любоў Лунёва, Менск Што трэба зрабіць, каб грамадзяне Беларусі маглі бесьперашкодна выяжджаць у краіны Эўропы? Гэтае пытаньне задавала мінакам Любоў Лунёва ў Менску на вуліцах Куйбышава, Кульман і Веры Харужай.

Настаўніца: “Тое, што робяць усе людзі: зьмяніць сытуацыю ў краіне. Вось сытуацыя ў Францыі, напрыклад. Да чаго прывяла адмена льготаў? Народ дабіваецца свайго. Усё ў руках і галовах народу. Будзем маўчаць — нікуды не паедзем”.

Спадар: “Можа, трэба зьмяніць дзяржаву? Ёсьць з гэтым праблема”.

Спадар: “У Эўразьвяз уступіць — і ўсё будзе нармальна!”

Студэнт: “Змагацца трэба. Я лічу, што трэба адыходзіць ад Расеі і ўступаць у Эўразьвяз. Перш за ўсё трэба, канечне, стаць дэмакратычнай краінай — і ня трэба будзе ніякіх візаў”.

Спадар: “Я лічу, што трэба з Эўразьвязам наладжваць сувязі. Чатыры ўмовы трэба выканаць, якія ён патрабуе, — і будзе адкрытая дарога. Ня будзе межаў”.

Юнак: “Ды нічога мы ня зробім! Бессэнсоўна. Выйсьце толькі адно — уступіць у Эўразьвяз. Бясплатна па-іншаму мы нікуды не паедзем”.

Студэнт: “Рэфэрэндум трэба, рэфэрэндум — каб зьмяніць сыстэму неяк... Правільны рэфэрэндум. Мы павінны абвясьціць рэфэрэндум, а ня ён. Нешта трэба рабіць з гэтай сыстэмай”.

Пэнсіянэрка: “Ведаеце, я ня ежджу за мяжу, таму нічога не магу вам сказаць”.

Мінак: “Уявіце сабе, што ў Літве пахаваны мой родны брат, а я шмат гадоў не магу туды зьезьдзіць. Вядома, мне шмат чаго не падабаецца ў палітыцы Лукашэнкі. Канечне, у такой сытуацыі трэба вызначыцца — альбо пайсьці на Захад, альбо быць з Расеяй. Палітыкі мусяць дамаўляцца”.

Пэнсіянэр: “Эўропа патрабуе? Трэба дамаўляцца з Эўропай. Ім бясплатны ўезд, нам бясплатны. Не атрымліваецца? Тады трэба мне трапіць ва ўрад, і я ім падкажу, што трэба рабіць”.

Пэнсіянэрка: “Ну, што мы можам зрабіць? Я лічу, што мы бясьсільныя. Пакуль пераменаў у нас ня будзе, нічога ў нас ня будзе. Беларусі патрэбныя перамены — як паветра і вада. Толькі з-за гэтага дыктатара ў нас тармажэньне”.

Спадар: “Пакуль лад ня зьменіцца, нічога мы ня зробім. Пакуль ня станем дэмакратычнай краінай, толькі тады ўсё будзе нармальна”.

Спадарыня: “Уладу трэба зьмяніць. Каб была дэмакратычная, а не бюракратычная. Тады ўсё атрымаецца. Мы нармальныя цывілізаваныя людзі. Мы жывем у Эўропе. З усіх бакоў Эўропа. Як гэта так?! А мы адшчапенцы нейкія”.

Настаўніца: “Ну, можа зьмяніць лад на дэмакратычны. Палітыкам нашым трэба пастарацца. Сапраўды, цяпер вельмі цяжка выехаць за мяжу, а з кожным годам гэта будзе яшчэ цяжэй. Трэба захацець быць свабоднымі — і ня толькі людзям, а і краіне, тым, хто стаіць вышэй за нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG