Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заняткі бодыбілдынгам каштуюць тысячы даляраў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Наш карэспандэнт наведаў гарадзенскіх фітнэс-клюб “Ювэнта”. У горадзе такіх клюбаў – каля дзесятку, клюб “Ювэнта” – самы буйны зь іх.

Карэспандэнт: “Мы знаходзімся ў гарадзенскім фітнэс-клюбе “Ювэнта”, скажыце: вы трэнэр?”

Спадар: “Інструктар-мэтадыст Яўген Паважны”.

Карэспандэнт: “Колькі чалавек у вас займаецца?”

Паважны: “Толькі ў трэнажорным каля ста чалавек, а яшчэ ў нас ёсьць заля аэробікі і яшчэ адна — удоле, так што вельмі многа людзей, нават не падлічу”.

Карэспандэнт: “Вы можаце расказаць пра аэробіку?”

Маладая спадарыня: “Так, мяне зваць Натальля, я інструктар па аэробіцы і арабскіх танцах. Цяпер вельмі многа напрамках, зьвязаных менавіта з танцамі: такія як river-dance, гэта — ірляндзкі танец, “лаціна”, r’n’b — вельмі папулярныя напрамкі, якія я тут якраз разьвіваю”.

Карэспандэнт: “Тут больш моладзі займаецца, а ці ёсьць людзі старэйшага ўзросту?”

Паважны: “Ходзяць людзі і ў шэсьцьдзесят гадоў — і мужчыны, і жанчыны, абмежаваньняў няма…”

Карэспандэнт: “А якія ў вашым клюбе цэны?”

Маладая спадарыня: “Сяброўская складка ў нас складае трыццаць пяць тысяч рублёў за месяц, наведваньне — свабоднае”.

Карэспандэнт: “Таксама я даведаўся, што ў клюбе “Ювэнта” ня проста займаюцца людзі, але яны ячшэ ўдзельнічаюць у спаборніцтвах”.

Паважны: “Нашы інструктары і трэніруюць, і ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. 20 кастрычніка адбыўся Кубак рэспублікі, з нашага клюбу ўдзельнічалі шэсьць чалавек, і ўсе яны занялі прызавыя месцы. Калі паглядзець, наш клюб лічыцца самым моцным у бодыбілдынгу”.

Карэспандэнт: “У горадзе?”

Паважны: “У прынцыпе нават па рэспубліцы, я вам скажу, спаборніцтвы былі рэспубліканскія”.

Маладая спадарыня: “Нядаўна праходзіў чэмпіянат сьвету па кікбоксінгу, і Дзіма Варац заняў першае месца, гэта наш кліент”.

Карэспандэнт: “А зараз мы паразмаўляем з адным з тых, хто займаецца ў клюбе і таксама ўдзельнічаў у спаборніцтвах”.

Малады спадар: “Я Даўгашэй Сяргей, займаюся ўжо сем гадоў, выступіў у катэгорыі “клясычны бодыбілдынг”, заняў трэцяе месца”.

Карэспандэнт: “Дзе – тут у Горадні, на спаборніцтвах, што адбыліся ў драмтэатры?”

Даўгашэй: “Так, на Кубку Беларусі”.

Карэспандэнт: “Вы займаецеся сем гадоў, гэта вельмі сур’ёзна, я разумею”.

Даўгашэй: “Так, канечне, гэта ўжо нават ня хобі, а стыль жыцьця”.

Карэспандэнт: “А за сем год ці шмат грошай пайшло на гэтыя заняткі?”

Даўгашэй: “Калі сказаць шчыра: грошай вельмі шмат пайшло, гэта вымяраецца нават у тысячах даляраў”.

Карэспандэнт: “Так дорага каштуюць паездкі на спаборніцтвы, ці што?”

Даўгашэй: “Гэты від спорту вельмі дарагі праз харчаваньне добрае: ялавічына, цяляціна, кураціна — гэта бялкі — асноўны будаўнічы матэрыял цяглічнай тканіны”.

Карэспандэнт: “Колькі вам гадоў і колькі вы яшчэ зьбіраецеся займацца бодыбілдынгам, да якога ўзросту можна займацца ім?”

Даўгашэй: “Мне дваццаць чатыры гады цяпер. У прынцыпе, няма такога пэўнага ўзросту, калі трэба сказаць сабе: усё, болей нельга. У мяне характар такі: я заўжды бяру па максімуму, іду да канца, нейкіх вышыняў я хачу проста дасягнуць”.

Маладая спадарыня: “Я хацела дадаць, што наш клюб праводзіць вечарынкі, хутка будзе навагодняя, у іх удзельнічаюць самі кліенты, мы ставім танцы, рыхтуем вясёлыя праграмы”.

 Сяргей Даўгашэй, які працуе адміністратарам у гандлёвым доме, займаецца ў фітнэс-клюбе штодня цягам сямі гадоў
Сяргей Даўгашэй, які працуе адміністратарам у гандлёвым доме, займаецца ў фітнэс-клюбе штодня цягам сямі гадоў.
XS
SM
MD
LG