Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты ўвялі фінансавыя санкцыі супраць “Белнафтахіму”


Радыё Свабода Урад ЗША разглядае гэтае рашэньне як працяг санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў Беларусі.

У паведамленьні АР адзначаецца, што санкцыі ўведзеныя ў адносінах да найбольшай нафтавай і хімічнай кампаніі Беларусі, якая кантралюецца аўтарытарным прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Казначэйству ЗША загадана зрабіць захады супраць “Белнафтахіму”, а таксама яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Літве, Украіне, Расеі, Кітаі і ў саміх Злучаных Штатах. Усе актывы гэтай кампаніі, якія будуць знойдзеныя ў Злучаных Штатах, павінны быць замарожаныя. Грамадзянам ЗША забаронена рабіць бізнэс з гэтай беларускай кампаніяй і яе прадстаўніцтвамі.

Урад ЗША робіць такія захады на падставе леташняга загаду прэзыдэнта Буша, які прадугледжвае ціск на Аляксандра Лукашэнка і ключавых чальцоў ягонай адміністрацыі. Гэты загад прадугледжваў, апроч іншага, накладаньне санкцыяў на асобаў і кампаніі, якія нясуць адказнасьць за разбурэньне дэмакратычных інстытутаў у Беларусі, а таксама кампаніі, якія належаць Лукашэнку ці кантралююцца ім.

Сёньняшняе рашэньне “ўзмоцніць санкцыі супраць Лукашэнкі шляхам фінансавых санкцыяў супраць эканамічнага канглямэрату, які знаходзіцца пад кантролем рэжыму”, – заявіў Адам Шубін, кіраўнік дэпартамэнту казначэйства ЗША па кантролі замежных актываў.

Нагадаем, што на мінулым тыдні намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Дэйвід Крэймэр заявіў у інтэрвію нашаму радыё, што найбліжэйшым часам ЗША увядуць новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі:

“Я шкадую, што вязьні не былі вызваленыя, наадварот, мы бачылі, што рэжым узмацніў ціск на апазыцыю і актывістаў няўрадавых арганізацыяў... Мне было б больш прыемна расказаць вам, што адносіны паміж Вашынгтонам і Менскам паляпшаюцца, а я вымушаны расказваць пра дадатковы ціск, які нам даводзіцца рабіць на беларускі рэжым. Мы значна пашырылі сьпіс візавых санкцыяў і прыблізна на працягу наступнага тыдня вы пачуеце пра дадатковыя крокі, якія мы зробім. Я ня буду зараз удакладняць, пачакайце да наступнага тыдня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG