Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі палітоляг Д.Дарчыяшвілі: “Мы – грамадзтва нечаканасьцяў”


Юры Дракахруст, Прага Грузінская аб''яднанай апазыцыя вылучыла адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары беспартыйнага дэпутата парлямэнту Левана Гечэчыладзе. Гэтае рашэньне мы папрасілі пракамэнтаваць грузінскага палітоляга Давіда Дарчыяшвілі.

Дарчыяшвілі: “На мой погляд гэта паказвае, што апазыцыя ставіцца да выбараў неяк дзіўна. Яна ня лічыць прэзыдэнцкую пасаду цікавай і робіць стаўку на яе скасаваньне. Гэта бачна і па кандыдаце, і па іх заявах.

Гечэчыладзе, як палітычная асоба, зьявіўся напрыканцы 1990-х, але вельмі ненадоўга. Ён чалавек зь сярэдняга бізнэсу, здаецца, няблага ведае грузінскі фальклёр і паэзію. Вось, здаецца, і ўсё.

Ён калісьці прэтэндаваў на тое, што добра разумее эканоміку і хацеў стварыць камітэт, бяз згоды якога ніякія эканамічныя праекты – ні прыватныя, ні дзяржаўныя , не павінны рэалізоўвацца. Калі парлямэнт, яшчэ пры Шэварнадзэ, гэтую прапанову адхіліў, яго неяк не было бачна ў палітыцы.

Падчас апошніх дэманстрацыяў на мінулым тыдні ён асабліва акцэнтаваў паняцьце годнасьці, увесь час яго паўтарае. Гэта само па сабе някепска, але што за гэтым стаіць, якія павінны быць праўныя, эканамічныя стратэгіі распрацаваныя – у гэтым, мне здаецца, ён мала разьбіраецца.

Дракахруст: "Чаму 10 партый сышліся на асобе беспартыйнага кандыдата?"

Дарчыяшвілі:"Яны , відаць, вырашылі дыскрэдытаваць самую ідэю прэзыдэнцтва. Яны – за парлямэнцкую рэспубліку і такім крыху тэатральным грузінскім спосабам вырашылі дасягнуць гэтага. Вылучылі чалавека, які кепска разумее палітыку, і тым самым дэманструюць: "А мы наагул ня хочам прэзыдэнцтва". Маўляў, вы яго абярэце, і ён сыдзе. Мне здаецца, што гэта наіўнасьць".

Дракахруст: "А на што тут разьлік? Спадар Саакашвілі яшчэ жывы-здаровы – калі Вашае апісаньне мае рацыю, Саакашвілі лёгка выйграе выбары і нікуды ня сыдзе".

Дарчыяшвілі: "Разьлік робіцца на нянавісьць – усе супраць Саакашвілі. Гэта такі рэвалюцыйны разьлік”.

Дракахруст: "Наколькі я ведаю, далёка ня ўсе апазыцыйныя сілы Грузіі ўваходзяць у склад аб''яднанай апазыцыі, лідэры яшчэ 4 ці 5 партый, а таксама бізнэсовец Бадры Патаркацышвілі заяўляюць пра свой намер таксама ўдзельнічаць у выбарах. Сёньняшняе рашэньне – вылучэньне адзінага Гечэчыладзе, ці можа яно прымусіць іншых прэтэндэнтаў ня вылучаць свае кандыдатуры?"

Дарчыяшвілі: "Мы – грамадзтва нечаканасьцяў. Адно гаворыцца – іншае робіцца. У нас адзін гаворыць: я перамагу і сыду з гэтай пасады. Іншыя казалі, што яны за канстытуцыйную манархію. Зараз вылучаюць свае кандыдатуры на прэзыдэнта".

• ЗША заклікаюць грузінскія ўлады і апазыцыю да кампрамісу, 10.11.2007 • Грузія: каталікос-патрыярх дабраславіў улады і апазыцыю на перамовы, 10.11.2007 • Саакашвілі абвясьціў новыя выбары прэзыдэнта Грузіі, 8.11.2007 • Грузія: кіраўнік апазыцыйнай партыі арыштаваны за сувязь з расейскімі спэцслужбамі, 8.11.2007 • Давід Какабадзэ: “Падзеі ў Тбілісі – гэта ўдар па дэмакратыі”, 7.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG