Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Ліс: “Агінскі парадаваўся б за дзяцей…”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы тыдзень у пятніцу галоўную тэму нашай праграмы будзе вызначаць грамадзкі рэдактар “Свабоды”. Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – 26-гадовая Дар’я Ліс – жыве ў мястэчку Залесьсе Смаргонскага раёну. Кожны дзень – ад панядзелка да пятніцы – у нашым эфіры будуць гучаць кароткія інтэрвію з грамадзкай рэдактаркаю тыдня.

Уліцёнак: “Якія местачковыя мінусы цябе найбольш клапоцяць?”

Ліс: “Як і ўсюды ў нашай правінцыі, дастае алькагалізм. Яшчэ – няўменьне часам парадавацца за іншых. Вось адвучылі неяк беларусаў ад гэтага…”

Уліцёнак: “А чаго не хапае сучаснаму мястэчку?”

Ліс: “У Залесьсі, напрыклад, няма магчымасьці схадзіць у тэатар. У кіно. Пасядзець у якой-небудзь кавярні”.

Уліцёнак: “Што ўсё гэта ўраўнаважвае?”

Ліс: “Можна выбрацца на пікнік, пабыць на прыродзе: пабачыць прыгожы сасновы лес, раку Вяльлю, прагуляцца па маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага…”

Уліцёнак: “Можа мястэчка даць нешта гораду?”

Ліс: “Цікавых людзей, якія ёсьць у беларускай правінцыі. Якія разьлічваюць у першую чаргу выключна на сябе, свае сілы. Якія робяць сваю маленькую справу: хтосьці крамку адчыняе, хтосьці краязнаўствам займаецца ці яшчэ нечым. Мне здаецца, вось гэта важна”.

Уліцёнак: “Ці ёсьць такая зьява – местачковая паўінтэлігенцыя?”

Ліс: “Ёсьць такая зьява, як беларуская паўінтэлігенцыя… Напрыклад, і ў менскай, і ў залескай школе хапае пэдагогаў, што цікавяцца сваёй прафэсіяй і прыходзяць да дзяцей з адкрытай душой, абаяльныя, начытаныя, інтэлігентныя. А ёсьць людзі, якія ставяцца да сваёй справы выключна як да спосабу зарабляць грошы. Вось яны – паўінтэлігенты”.

Уліцёнак: “Як жывуць людзі ў Залесьсі: самі па сабе, адасоблена?”

Ліс: “Збольшага дружна, імкнуцца дапамагчы адзін аднаму. Вельмі шмат залежыць ад сям’і. Сям’я – гэта тое, на чым трымаецца вёска”.

Уліцёнак: “Каб у сёньняшняе Залесьсе завітаў ваш славуты зямляк Міхал Клеафас Агінскі, з чаго б ён парадаваўся і чым бы стаўся засмучаны?”

Ліс: “У нас ёсьць добрая беларускамоўная школа, дзе дзетак вучаць любіць сваю краіну і сваю мову. Вось гэтым ён быў бы ўсьцешаны. А расчараваўся б далей, калі б пабачыў, што ня надта родная мова дапамагае ў жыцьці, што экзамэнатары ўспрымаюць яе неадэкватна…”

Уліцёнак: “Тваё жаданьне ў зьвязку з тэмай Залесься?”

Ліс: “За Агінскім яго называлі Паўночнымі Афінамі. І мне вельмі хочацца пабачыць Афіны рэальныя… Думаю, многім залесцам – таксама”.

• Грамадзкі рэдактар тыдня – Дар’я Ліс, 11.10.2007

Найцікавейшыя матэрыялы нядзелі на сайце svaboda.org паводле Дар’і Ліс:

Мартыралёг “Свабоды”: Анэля Дубаневіч-Мацяйковіч “Гэта Божая апека, што Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь” Моладзь БНФ прыняла стратэгічны плян дзейнасьці Фотарэпартаж са зьезду "Моладзі БНФ" Хуліганы пляваліся на прыёме з нагоды Дня Незалежнасьці Польшчы ў Менску
XS
SM
MD
LG