Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Часам на “Советскую Белоруссию” прымушаюць падпісвацца і мужа, і жонку”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці выпісваеце вы дзяржаўныя выданьні? Ці даводзілася вам сутыкацца з прымусовай падпіскай? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы.

Спадарыня: “Мне даводзілася з такім сутыкацца. Напрыклад, у нас на працы навязваюць “Советскую Белоруссию” — пэўную колькасьць асобнікаў, на якія павінны падпісацца нашы супрацоўнікі. Але я асабіста не выпісваю, таму што мне ў дзяржаўных газэтах недастаткова інфармацыі. Я купляю “Вечерний Гродно” і “Комсомольскую правду”.

Спадар: “Дзяржаўных газэтаў я не выпісваю, і каб прымушалі на іх падпісвацца — у нас такога не было”.

Спадар: “Мы раней выпісвалі “Гродзенскую праўду”, “Вечерку” выпісвалі, а цяпер нічога не выпісваем, бо ламаюць паштовыя скрынкі, нічога туды не пакладзеш”.

Спадар: “На працы мне нічога не гавораць наконт падпіскі, і на дзяржаўныя газэты асабіста я не падпісваюся”.

Сталая спадарыня: “Не, я пэнсіянэрка й нічога не выпісваю, мне пэнсіі не хапае, каб штосьці выпісваць”.

Спадарыня: “Я выпісваю “Беларускі час”, таму што зьвязана з прафсаюзамі, і ўсё. А падпісвацца ў нас не прымушаюць”.

Спадар: “Я не выпісваю дзяржаўных газэтаў — і не даводзілася сутыкацца з гэтым, мяне ніхто не прымушаў, не было такога”.

Малады спадар: “Не, я іх не выпісваю, і на працы ў нас няма такога, не прымушаюць”.

Малады спадар: “Я працую ў прыватнай фірме і, адпаведна, ніякага прэсінгу ў нас няма. Хаця ў дзяржаўных установах такая праблема існуе. У мяне працуюць бацькі, таму я ведаю. Ну, напрыклад, калі ўзяць мэдыцыну, то там прымушаюць падпісвацца на “Медицинский вестник”, у міліцыі — на “Милицейский вестник” і гэтак далей. Абсалютна ўсе мэдыкі выпісваюць “Медицинский вестник”: ад малодшага мэдпэрсаналу і да старэйшага”.

Спадар: “Я не выпісваю газэтаў, я купляю. А на рабоце не сутыкаўся, каб прымушалі. Я купляю “Белорусский рынок” і тое, чым захапляюся, — кампутарныя выданьні”.

Малады спадар: “Не, на працы не прымушаюць, і выпісваю я толькі “Пресс-бол”, спартовую газэту”.

Малады спадар: “Я газэтаў не выпісваю, хаця ведаю, што ў некаторых установах прымушаюць падпісвацца, асабліва гэта датычыць, напрыклад, школаў. Маю знаёмых: муж з жонкай працуюць у розных дзяржаўных установах, і іх прымушаюць выпісваць “Советскую Белоруссию”. І так атрымліваецца, што дадому ідуць два асобнікі “Советской Белоруссии”. І нічога ня зробіш, бо яны вымушаны паказваць блянк, каб пацьвердзіць, што яны сапраўды падпісаліся на гэтую газэту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG