Шырока ў “Кнізе рэкордаў Гінэсу” прадстаўленыя беларускія спартоўцы.
Так, на рахунку гімнаста Віталя Шчэрбы адразу шэсьць залатых мэдалёў, атрыманых на Алімпіядзе ў Барсэлёне ў 1992 годзе.
Канькабежац Ігар Жалязоўскі шэсьць разоў станавіўся абсалютным чэмпіёнам сьвету ў спрынтэрскім шматборстве.
Мноства рэкордаў у падыманьні цяжараў у беларускага асілка Вячаслава Харанэкі. Па агульнай колькасьці спартовых дасягненьняў у канцы 1990-х трапіў у “Кнігу рэкордаў Гінэса” і славуты штангіст Леанід Тараненка:
“Натуральна, што гэта прыемна, хоць я туды й ня рваўся. Шчыра кажучы, даведаўся выпадкова: глядзеў перадачу па тэлевізары і раптам паказваюць мяне, расказваюць, што зафіксаваны мой усясьветны рэкорд. Мне было, вядома, прыемна. Сам рэкорд быў устаноўлены ў 1988 годзе. Было гэта ўжо пры канцы году ў Аўстраліі, а ў 1990-м ён ужо зьявіўся ў “Кнізе рэкордаў Гінэса”. А прыемна тым больш, што нашых суайчыньнікаў там няшмат”.
Ад сярэдзіны 1990-х на тэрыторыі былога СССР рэкорды рэгіструюцца праз прадстаўніцтва “Кнігі рэкордаў Гінэса” – кампанію “Інтэрстронг” са штаб-кватэрай у Маскве.
Каб трапіць у гісторыю – засьпяваў, стоячы на галаве
Сьпявак Альберт Скараход увекавечыў сябе тым, што найдаўжэй у сьвеце сьпяваў, стоячы на галаве. Як згадвае Альберт, рэкорд зьдзейсьніўся шмат у чым дзякуючы кіраўніку “Інтэрстронгу” Алегу Гарунову:
“Ён мне патэлефанаваў у 2006 годзе і прапанаваў устанавіць гэты рэкорд. Я й раней сьпяваў гэтую песьню ў стойцы на галаве, але яна ніколі мне не залічвалася як рэкорд на колькасьць часу. Таму я прыняў запрашэньне, паехаў і атрымалася 5 хвілін.
У чым заключаецца рэкорд? Я зьяўляюся рэжысэрам і аўтарам кампазыцыі. Па тэме і назва – “Перакулены сьвет”, то бок літаральна “дагары нагамі”. Дагэтуль не было яшчэ зафіксавана, каб хтосьці ўвогуле выконваў песьню на галаве і на колькасьць часу. Я ў гэтым сэнсе быў першы. Сам нумар цяпер пашыраю, у творчым пляне ўдасканальваю: перарабіў словы, перарабіў аранжыроўку, запрашаю танцораў. Нумар раблю як шоў, ён будзе ў маёй канцэртнай праграме. А з гледзішча якогасьці рэкорду, мяркую, ня буду нічога рабіць. Бо ўжо няма сэнсу”.
Адзінае месца “Габэлена стагодзьдзя” – у кнізе рэкордаў
Найбольш усясьветных рэкордаў сярод беларусаў на рахунку жыхара Магілёва Аляксандра Бендзікава, у якога ўжо цэлы стос сэртыфікатаў ад “Гінэса”. Свой першы рэкорд Бендзікаў зафіксаваў у 1994-м, паставіўшы на руб 522 касьцяшак даміно. Ужо праз год зьдзейсьніў яшчэ адну задуму: на рубе адной манэты зьмясьціў 880 іншых. Роўна 10 гадоў таму Бендзікаў з дапамогай 410 тысяч піўных коркаў склаў піраміду пад дахам бровару “Крыніца”. Цяпер яму не дае спакою іншая задума: пабудаваць запалкавую канструкцыю на бутэлькавым рыльцы.
Прапіску ў “Кнізе рэкордаў Гінэса” атрымаў так званы “Габэлен стагодзьдзя” ўжо нябожчыка, мастака Аляксандра Кішчанкі. Гэты габэлен уручную сатканы ў 1996 годзе на Барысаўскім камбінаце ўжытковага мастацтва. Гіганцкае палотнішча 14 на 19 мэтраў ня мае аналягаў у сьвеце, але й памяшканьня для яго сталай экспазыцыі таксама знайсьці амаль немагчыма.
Адзін з рэкордаў (ужо, праўда, пабіты) быў дасягнуты калектыўна: 14 лютага 1999-га амаль 6 тысяч менчукоў у Дзень закаханых адначасова пацалаваліся ў спартовым комплексе “Ўручча”.
Але ня толькі людзкім удзелам праславілася Беларусь у “Кнізе рэкордаў Гінэса”. На тэрыторыі беларускага Палесься разьмясьцілася самае вялікае ў сьвеце балота.
А ў 1964 годзе магілёўская карова Любік стала рэкардсмэнкай у пладавітасьці: у яе зьявіліся адразу сямёра цялятаў.
Патэнцыйным кандыдатам на месца ў “Кнізе рэкордаў” – першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Ягоная пэнсія, якая не падвышалася з папраўкаю на інфляцыю ад 1996 году, магла б быць прызнаная самай нізкай у сьвеце – усяго паўтара даляра.