Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін у інфармацыйнай ізаляцыі


Алег Грузьдзіловіч, Менск З Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі сустрэўся ягоны адвакат. Ад яго стала вядома, што працягваецца інфармацыйная блякада апазыцыйнага палітыка.

Адвакат Зьміцер Гарачка сустрэўся з Аляксандрам Казуліным і апавёў пра гэтую сустрэчу дачцэ вязьня Вользе.

Як паведаміла Вольга Казуліна, яе бацька праз пошту не атрымлівае ніякай інфармацыі пра палітычныя падзеі ў краіне:

“Ён вельмі цікавіцца палітычнымі падзеямі, зьвесткамі пра нашу партыю — Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Але яму не хапае інфармацыі. Бо ўсё, што мы яму палітычнае дасылаем, канфіскоўваюць. Да яго нічога не даходзіць”.

Працягваецца і рэальная ізаляцыя Аляксандра Казуліна ў віцебскай калёніі. Паводле зьвестак Вольгі, вязьні баяцца кантактаваць зь яе бацькам, бо за гэта ім пагражаюць рэпрэсіі з боку адміністрацыі:

“Ён адзін. Ніхто зь ім не размаўляе, ніхто нават у тэніс не гуляе. Хоць там у калёніі знаходзіцца болей за тысячу чалавек, зь ім ніхто не кантактуе. Усе баяцца”.

Нагадаем, пасьля галадоўкі Аляксандра Казуліна, якая скончылася летась у сьнежні, шмат хто зь вязьняў яго маральна падтрымліваў, дапамагаў парадамі, выконваў дробныя даручэньні.

Гэтых людзей неўзабаве альбо пакаралі карцарам, альбо перавялі ў іншыя атрады ці нават у іншыя калёніі.

Гэтак паступова вакол Аляксандра Казуліна ўтварыўся вакуўм. Сваякі апазыцыянэра мяркуюць, што гэта зроблена дзеля псыхалягічнага ціску. Але, паводле Вольгі Казулінай, яе бацька прыстасаваўся — ён шмат чытае альбо глядзіць відэафільмы.

Як пачуваецца цяпер Аляксандар Казулін, які падчас галадоўкі схуднеў больш як на 25 кіляграмаў? Паводле апошніх зьвестак, здароўе палітыка не палепшала, кажа дачка Казуліна:

“У яго хворы страўнік, ён слабы, мышцаў няма, ад працы хутка стамляецца. Ведаем, што нядаўна прымаў лекі ад страўніка і ад галаўнога болю. Але ўсё роўна ён разумее, што ў калёніі паправіць здароўя яму не дадуць. Бо няма галоўнага — добрага харчаваньня. Што можам, мы яму перадаем, але гэтага недастаткова”.

У канцы лістапада адбудзецца доўгатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна са сваякамі.

• У Менску адбудзецца пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна, 24.10.07 • В. Чаму пракуратура не адказвае на скаргі адносна справы А.Казуліна?, 20.10.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG