Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў КВЗ не жартуюць пра прэзыдэнта


Радыё Свабода Сёньня адзначаецца міжнародны дзень “Клюбу вясёлых і знаходлівых”. Гульня ў КВЗ нарадзілася ў 1961 годзе ў СССР і шмат у каго асацыявалася найперш з жартамі на вострыя сацыяльна-палітычныя тэмы. Паступова гэты жанр трансфармаваўся ў папулярнае шоў, якое амаль не закранае палітыку. Такая тэндэнцыя характэрная і для Беларусі. Ці ёсьць гэта вынікам самацэнзуры?

Журналістка “Комсомольской правды в Белоруссии» Натальля Крывец, якая шмат пісала пра беларускіх кавэзэшнікаў, прыгадвае адзін з апошніх палітычных жартаў:

Крывец: «Гэта стала анэкдотам, але гэты анэкдот упершыню прагучаў як жарт каманды КВЗ «Здаралася й горш», у якой гуляў Вадзік Галыгін. Ён голасам прэзыдэнта размаўляе па тэлефоне: «Добрая, кепская, добрая, кепская, кепская, кепская...» Потым так, прыкрываючы слухаўку рукой: «Ну гэта ж трэба! Безь мяне ня могуць і бульбу перабраць!»

Цяпер такіх жартаў у беларускім КВЗ не пачуеш: у інтэрвію журналістам вясёлыя й знаходлівыя тлумачаць: кіраўнік краіны болей не дае нагодаў для жартаў. У Натальлі Крывец мяркаваньне іншае: палітычныя жарты сталі нецікавымі для беларусаў – грамадзтва ад палітыкі стамілася. Нават калі народу бракуе хлеба, яго кампэнсуюць відовішчамі. Таму КВЗ ператварылася найперш у забаўляльнае шоў.

Кіраўнік моладзевай грамадзкай арганізацыі “Беларускі КВЗ” Андрэй Мукавозчык глядзіць на “вясёлых і знаходлівых” шырэй, яму не падабаецца тэрмін “шоў” – маўляў, занадта вузкія гэта рамкі. КВЗ у Беларусі за 20 год свайго існаваньня стаў культурнай зьявай. Некаму яна падабацца, некаму не, але ж КВЗ па-ранейшаму запатрабаваны і будзе жыць вечна, упэўнены спадар Мукавозчык. Тут выдатная магчымасьць для маладога чалавека рэалізаваць самыя розныя здольнасьці.

Мукавозчык: “У КВЗ можа сябе рэалізаваць рэжысэр, сцэнарыст, прадусар, дырэктар, адміністратар, актор, сьпявак, эксцэнтрык, танцор. Вось спэктар, які КВЗ у сябе ўцягвае, натуральным чынам пераварвае й выдае ў выглядзе чарговай каманды”.

Раскрытыя ў КВЗ здольнасьці дазваляюць няблага зарабляць. Але звычайна не ў Беларусі. Таму кавэзэшнікі зьяжджаюць у Расею ці Ўкраіну – там ёсьць рынак, а значыцца й сапраўдны шоў-бізнэс.

Крывец: “Жарты каштуюць грошай, і добрыя сцэнарысты на тым зарабляюць. Зь цягам часу, калі чалавек вырашае зьвязаць сябе з гэтым бізнэсам, ён ідзе далей – ён піша сцэнары для сэрыялаў, ён ідзе ў нейкія буйныя кінакампаніі, якія здымаюць гэтыя сэрыялы. І ўсё, ён застаецца ў бізнэсе”.

Так вядомыя кавэзэшнікі Леанід Купрыда й Вячаслаў Муругаў напісалі амаль увесь сцэнар расейскага камэдыйнага сэрыялу “Салдаты”. Вадзім Галыгін стала жыве ў Маскве і прыяжджае ў Менск пераважна тады, калі тут рыхтуюць чарговыя выпускі “Камэдзі-клаб”.

І ўсё ж, палітычныя жарты беларускіх “вясёлых і знаходлівых” застаюцца ў памяці аматараў гэтага жанру.

Мукавозчык: “Быў такі цудоўны жанр: Беларусь знаходзіцца паміж Польшчай і Расеяй, і калі Беларусь Расеі кланяецца, перад Польшчай неяк няёмка выходзіць”.

• Першы нацыянальны канал адмовіўся ад паслугаў Клюбу вясёлых і знаходлівых, 7.10.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG