Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГА” – 7 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by зьявілася абмеркаваньне “7 лістапада – выходны дзень календара”. Вось як сабе ўяўляюць гэтае сьвята ўдзельнікі форумаў:

“Лепей адмяніць гэтае “сьвята” ды ўвесьці дадатковы выходны пасьля Новага году ці Раства. Кожнаму часу свае сьвяты і згадваць пра парады і ўсеагульныя п’янкі пасьля дэманстрацыяў ужо надакучыла”.

“Хто ведае, якая наймагутнейшая зброя ў сьвеце? Слушна, крэйсэр “Аўрора”. Толькі адзін стрэл – і 70 ці болей гадоў разрухі. Таму я таксама не лічу гэты дзень сьвятам і няма чаго сьвяткаваць тое, што перамалола мільёны жыцьцяў”.

У суполцы Жывога Журналу by_politics Тацяна Елавая, вядомая ў сеціве як Zmagarka, зьмяшчае сёньняшняе фота з плошчы Незалежнасьці, дзе адбыўся мітынг з нагоды 90-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. “Шкада людзей”, – адзначае Zmagarka. – “Камуністы – рудымэнты грамадзтва. Гэта іхная бяда і іхнае шчасьце”.

Іншыя чальцы суполкі камэнтуюць:

“А ўяві сабе, яны тое ж самае думаюць пра ўдзельнікаў маршаў і шляхаў”.

“Няхай сабе швэндаюцца, бясспрэчна адно – іх чакае лёс іхнага правадыра, да помніка якога яны, уласна, і прыйшлі”.

Аляксандар Брэчак у сваім блогу на сайце www.telegraf.by зноў вярнуўся да тэмы Сацыяльнага маршу, які прайшоў у Менску 4 лістапада. У часе акцыі адбылася сутычка нэанацыстаў і анархістаў – рэдкі для Беларусі інцыдэнт. Блогер зьвязвае гэтае здарэньне з акцыяй на Дзень народнага яднаньня ў Маскве. “Мне б не хацелася ў дадзеным выпадку неяк характарызаваць нацыстаў зь “Белай волі” й “Белай Русі”, хаця б таму, што гэтыя арганізацыі ў нас скрайне малаколькасныя, зусім маргінальныя й абсалютна чужыя беларускаму мэнталітэту. Па сутнасьці, гэта філіялы расейскіх нацыска-фашыстоўскіх групаў, альбо іхныя аналягі, якія, мяркую, не без удзелу спэцслужбаў экспартуюцца з Масквы ў Беларусь.

Але галоўная праблема, на мой погляд, палягае нават ня ў іх, а ў самым сапраўдным разгуле фашызму ў сучаснай Расеі, што, напэўна, ні ў каго не выклікае ніякіх сумневаў. Ня ведаю, магчыма, расейская дзяржава і яе спэцслужбы свой нэанацысцкі зьвярынец пакуль кантралюе, выкарыстоўваючы яго час ад часу ў сваіх палітычных мэтах, але для суседзяў Расеі гэты неаспрэчны факт робіцца ўсё больш небясьпечным”.

А ў суполцы lulu_gov_by зьявіліся новаўтвораныя мужчынскія й жаночыя імёны – па аналёгіі з савецкімі.

Мужчынскія:

Вэзаперп – "Вэтэраны ЗА перейменаваньне праспэктаў" Газаб – "Галасую ЗА Беларусь" Яўстуўб – "Я ўступіў у БРСМ" Рытналіс – "Рыў траншеі на лініі Сталіна" Неапнал – "Не абагнаў прэзыдэнта на лыжні"

Жаночыя:

Аллунана – "Александар Лукашэнка – наша надзея" Явыва – "Я выросла ў аграгарадку" Яазанасба – "Я аддала заробак на будаўніцтва Бібліятэкі"

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG