Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Памятайце, вы ладзіце гуляньне на касьцях продкаў!"


Агляд падрыхтаваў Ягор Маёрчык Агляд тэлефанаваньняў і СМС паведамленьняў за апошнія суткі

У гэты дзень у 1917 годзе ў Расеі адбылася бальшавіцкая рэвалюцыяў. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе 7 лістапада адзначаецца як дзяржаўнае сьвята. Слухачы адгукаюцца.

Спадар: “Ні ў адной краіне сьвету столькі гора і пакутаў не было прынесена народу, як у Расеі бальшавікамі пасьля петраградзкага перавароту ў 1917 годзе. А ў Беларусі пасьля вызваленьня заходняй часткі краіны ў 1939—1940-я гады. Голад, холад і масавыя рэпрэсіі. Памятайце, вы ладзіце гуляньне на касьцях продкаў!”

У шклоўскай папраўчай калёніі №17 учора пачаўся закрыты судовы працэс над зьняволеным лідэрам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітром Дашкевічам. Яго судзяць за адмову сьведчыць супраць паплечнікаў.

Зіноўеў: “Калі б у органаў было што-небудзь супраць “Маладога фронту,” то і паказаньні Дашкевіча не патрэбныя. А так у іх нічога няма”.

СМС-паведамленьне, якое мы атрымалі на нумар мабільнай сувязі 391-22-24: “Чым адрозьніваецца Шэнгенская зона ад Эўразьвязу?” На гэтае пытаньне адказвае палітоляг Алесь Лагвінец, які цяпер працуе памочнікам Аляксандра Мілінкевіча:

Лагвінец: “Шэнгенскае пагадненьне, падпісанае краінамі Эўрапейскага Зьвязу, гэта частка інтэграцыйных пагадненьняў. Шэнгенскім пагадненьнем ствараецца прастора, дзе не існуе ўнутранага кантролю на межах паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі, дзе праводзіцца супольная візавая палітыка адносна грамадзянаў трэціх краінаў. Таму супрацьпастаўляць Шэнгенскую зону і Эўразьвяз ня мае сэнсу, бо гэта праява эўрапейскай інтэграцыі”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнямі, у якіх слухачы гавораць пра свой дабрабыт і надзённыя праблемы:

Спадар: “Спрадвеку было заведзена: дзе вайскоўцы, там і шпіталь. Калі ідуць баявыя дзеяньні, палявы шпіталь разгортваецца ў зоне баявых дзеяньняў. Быў такі вайсковы шпіталь і ў горадзе Берасьці. Шпіталь зачынілі, мэдпэрсанал разагналі, спаслаўшыся на тое, што няма грошай на яго ўтрыманьне.

А вось грошы на лядовы палац і веславальны канал ёсьць. Таму я сваім калегам у няшчасьці, якія перанесьлі інсульты й інфаркты, а таксама іншыя хваробы, гавару: “Баляць ногі — едзьце на веславальны канал і рухайце рукамі. Баляць рукі — едзьце ў лядовы палац і катайцеся на каньках”. Мяне проста гоняць і кажуць: “Ня зьдзекуйся з хворых людзей”. Я адказваю: “Хіба я зьдзекуюся з вас?! Зьдзекуюцца тыя, за каго вы галасавалі”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю вас, дарагія сябры! Улады будуюць палацы і супэрмаркеты, а людзям няма дзе жыць. Як вынік, распадаюцца маладыя сем’і, застаецца толькі піць ды гуляць. У дадатак да ўсяго адбіраюць ільготы ў студэнтаў, пэнсіянэраў і інвалідаў”.

Мікалай: “Калі я кажу, што ўлада адмяніла льготы, а цэны растуць і жыць стала горай, дык некаторыя пэнсіянэры кажуць, што жыць можна, бо ў мястэчку пэнсіі нават большыя, чым заробкі. А я лічу, што гэта жах, што такія заробкі! Бо маладым жа трэба яшчэ і дзяцей гадаваць, і самім жыцьцё будаваць! І якія пэнсіі яны атрымаюць з гэтага жабрацкага заробку?!”

Спадар: “Пра якую ўстойлівасьць беларускага рубля ўвесь час гавораць?! Напрыклад, для разьліку падатку на нерухомасьць база падаткаабкладаньня майго жытла за шэсьць гадоў узрасла амаль у чатыры разы. Штогод на 70%. Вось вам і ўся стабільнасьць і афіцыйная інфляцыя 10%”.

Спадарыня: “Сёньня ўпершыню за сваё жыцьцё пабачыла хлеб, коштам 5800 беларускіх рублёў. Бохан важыў 500 грамаў. Спачатку я думала, што яго прывезьлі аднекуль з Аўстраліі. Але не — местачковай вытворчасьці. Вось гэта дык даразьвіваліся”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе званкоў на “Свабоду”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG