Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі дэфіцыт яек


Радыё Свабода, Гомель У апошнія гады жыхары Гомеля не адчувалі недахопу прадуктаў. І вось цяпер дэфіцыт, праўдападобна, вярнуўся ізноў. Найперш на яйкі.

Да нядаўняга часу на Цэнтральным рынку абласнога цэнтру яйкі прадавалі, сама меней, дзесятак гандляроў. І курыныя, і перапёлчыны. Прычым, ня толькі мясцовых вытворцаў, але й менскай птушфабрыкі.

Сёньня а адзінаццатай гадзіне маладая прадавачка папярэджвала пакупнікоў, каб чаргу не займалі: “Няма яек! Прададзеныя”.

Гараджане былі зьдзіўленыя:

Спадар: “ Увесь час усюды прадавалі яйкі. А цяпер ня купіш...”

Спадарыня: “Яек не купіла. Хаджу, гляджу – усё зачынена”.

Спадарыня: “Можа, на фабрыцы які перабой? Невядома, што здарылася”.

Спадарыня: “ І дарагія такія – па дзьве тысячы дзьвесьце, дзьве тысячы трыста рублёў”.

Спадар: “Раней прадавалі па дзьве тысячы за дзесятак, і па тысячы дзевяцьсот, і па тысячы восемсот. А цяпер – па дзьве тысячы чатырыста рублёў”.

У Гомельскім аблспажыўсаюзе, якому належыць Цэнтральны рынак, таксама зьдзіўляюцца адсутнасьці ў продажы яек.

Намесьнік старшыні аблспажыўсаюзу Сяргей Марчук:

Марчук: “У гэтую хвіліну я не гатовы адказаць на пытаньне. Удакладню. Запрашу начальніка гандлёвага ўпраўленьня, які курыруе рынкі. Але першы раз я пра гэта чую. Праблемаў рэалізацыі ў нас не было”.

Карэспандэнт: “У Гомелі кажуць пра тое, што нібыта індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі продаж яек. Таму й ўзьнікаюць складанасьці – мала, не хапае курыных яек”.

Марчук: “Першы раз пра гэта чую. Не было ў нас праблемы ў гэтым і з індывідуальнымі прадпрымальнікамі”.

Між тым дэфіцыт яек на рынках наўпрост зьвязаны з рашэньнем беларускага ўраду забараніць прадпрымальнікам гандляваць гэтым таварам.

Распавядае Сьвятлана Цітова, начальніца аддзелу Белкаапсаюзу:

Цітова: “Унесены зьмены ў пастанову Саўміну №1623 пра забарону продажу яек, акрамя вытворцаў. Вытворчае аб’яднаньне “Птушкапрам” своечасова не прыняло меры, каб мець свае гандлёвыя месцы на гэтых рынках і папярэдзіць дэфіцыт, які ўжо ствараецца”.

У Гомелі сёньня ў невялічкай краме на Цэнтральным рынку зламалі дзьверы.

Цітова: “Проста ганьба! А на Камароўцы? Усе ж памятаюць, колькі там месцаў былі занятыя продажам яек. І так гэта будзе цяпер адбывацца на кожным рынку”.

Апошнім часам у крамах абласнога цэнтру прыкметна зьменшыўся й асартымэнт малочных прадуктаў. Да прыкладу, сёньня апоўдні ў харчовай краме “Космас”, што непадалёку ад Цэнтральнага рынку, не было таннага малака. Стаяла толькі ў пачках стэралізаванае малако “Савушкін прадукт” з Берасьця. Прадавачкі сьцьвярджалі, што малако яшчэ не пасьпелі прывезьці.

Не было і менскага тварагу з разынкамі, салодкіх сыркоў. Адсутнічаў дастатковы выбар цьвёрдых сыроў.

Гомель, 06.11.2007. Цэнтральны рынак
Цэнтральны рынак у Гомелі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG