Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец за стварэньне хрысьціянска-дэмакратычнага ценявога ўраду


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ пачала працу навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная 80-й гадавіне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. 6 лістапада 1927 году адбыўся ўстаноўчы зьезд партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Яе ўтварылі прадстаўнікі розных канфэсіяў. Канфэрэнцыю ладзіць аргкамітэт БХД на чале з Паўлам Севярынцам.

Канфэрэнцыя пачалася са сьпяваньня гімну “Магутны Божа” і супольнай малітвы. У сваім выступе Павал Севярынец падкрэсьліў, што ўтварэньне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі было беларускім адказам на бальшавіцкі пераварот, учынены дзевяноста гадоў таму.

Спадар Севярынец згадаў, што прызначаны на сёньня суд над Зьмітром Дашкевічам, адным зь сяброў аргкамітэту для аднаўленьня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, пераносіцца на 9 лістапада.

“І ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў нашай канфэрэнцыі, змогуць прыехаць у Шклоў. Не пусьцілі на суд над Дашкевічам ня толькі замежнікаў, ня толькі журналістаў, але нават і ягоных бацькоў. У якіх умовах мы жывем — гэты факт сьведчыць дастаткова яскрава.

Зрэшты, шлях хрысьціяніна, шлях беларуса быў заўсёды цяжкім. Сёньня мы мусім ісьці наперад, нягледзячы на тое, што рэжым ужывае ўсё болей страху, усё болей гвалту і хлусьні. І даваць маральны адказ — рабіць тую справу, якую рабіў на волі й робіць цяпер за кратамі Зьміцер Дашкевіч”.

Былыя лідэры БХД — Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Фабіян Абрантовіч, Ян Пазьняк — за сваю дзейнасьць зрабіліся ахвярамі камуністычнага і фашыстоўскага рэжымаў.

У савецкі час гісторыя БХД замоўчвалася. А некалькі дзён таму падалі дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, і рыхтуюцца дакумэнты для рэгістрацыі партыі.

Паводле Паўла Севярынца, няма надзеі, што ўлады іх зарэгіструюць:

“Улады баяцца маральнай альтэрнатывы. І таму цяпер ідзе вялікі перасьлед: супрацоўнікі КДБ, міліцыі прыходзяць да сьвятароў, вернікаў, да сяброў аргкамітэту БХД і запалохваюць іх.

Сходы БХД разганяюцца, сябра аргкамітэту Зьміцер Дашкевіч цяпер пад судом, Артур Фінькевіч накіроўваецца ў калёнію. Многіх людзей з аргкамітэту проста папярэджваюць — альбо іх царкву пазбавяць памяшканьня, альбо іх саміх пазбавяць працы ці вучобы”.

Адна з мэтаў канфэрэнцыі — вызначыць пэрспэктыву. Паводле Паўла Севярынца, падчас яе працы закладуцца падмуркі для хрысьціянска-дэмакратычнага ценявога ўраду.

“Бо мы бачым сваё пакліканьне ў тым, каб увесьці хрысьціянскія прынцыпы ўва ўсю беларускую палітыку і грамадзкую дзейнасьць. Пакуль што цэнтралізавана такой альтэрнатывы мы ня бачым”.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел вядомыя палітыкі — Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, паэт Генадзь Бураўкін ды іншыя.

Мікалай Статкевіч прывітаў канфэрэнцыю ад імя беларускай сацыял-дэмакратыі і Эўрапейскай кааліцыі:

“У нас няма іншага выйсьця захаваць сваю незалежнасьць — толькі шляхам інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз, якія ўяўляе сабой сям’ю вольных, незалежных дзяржаваў”.

У сваім выступе старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка назваў хрысьціянскіх дэмакратаў аднадумцамі:

“У сёньняшняй беларускай палітыцы, у тым ліку ў дэмакратычнай палітыцы, на жаль, ёсьць усякае. Ёсьць кулюары і піяры, інтрыгі і ганебная залежнасьць ад не заўсёды сумленных грантадаўцаў. Бог ведае што. У гэтым сэнсе тыя людзі, якія, нягледзячы на любыя спакусы, за ідэю, за ідэал, павінны быць разам”. Падчас сьпяваньня гімну “Магутны Божа” Паэт Генадзь Бураўкін блізка з хрысьціянска-дэмакратычным рухам не зьвязаны, але для яго ён адно з увасабленьняў беларушчыны • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.07 • Павал Севярынец: “База для пераменаў – дзясяткі тысяч вернікаў, што прыйдуць у грамадзкі рух і палітыку”, 11.07.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG