Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры падвышку пэнсіі могуць і не адчуць


Іна Студзінская, Менск Зь лістапада ў Беларусі падвышаюць пэнсіі і заробкі працаўнікам бюджэтнай сфэры. Тарыфная стаўка першага разраду вырасла на да 70 тысяч рублёў. Пэнсіі павялічваюцца на 9,3%. Наколькі гэта істотна і адчувальна для беларусаў?

Апошні раз тарыфная стаўка першага разраду падвышалася год таму – з 1 лістапада 2006. Год яна трымалася на ўзроўні 65 тысяч, зараз яна – 70 тысяч. Тлумачыць галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка:

“Сыходзячы з тарыфнай стаўкі першага разраду разьлічваецца зарплата ўсіх працаўнікоў бюджэтнай сфэры. Работнікаў культуры, адукацыі, аховы здароўя – усіх, хто атрымоўвае зь бюджэтнай сфэры”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальная зарплата ад пачатку году вырасла на 10%. Пры такім паказчыку, сьцьвярджае эканаміст Леанід Заіка, няма неабходнасьці яе падвышаць, у эканамічным сэнсе гэта няправільна. Але на групу неабходных тавараў, да прыкладу, на малако, на алей, цэны вырасьлі значна больш. Так, цэны на малочныя прадукты ў верасьні вырасьлі на 7%, пра гэта абвясьціла Міністэрства эканомікі. Зараз закупачныя цэны на малако абяцаюць узьняць ажно на 25% – гэта азначае, што ўся малочная прадукцыя істотна падаражэе. На алей цэны вырасьлі амаль удвая.

“Калі паглядзець рэальна на інфляцыю, яна за год складзе 7%. Таму ўрад вырашыў, каб не выклікаць сацыяльны пратэст, пагаршэньня становішча тых, хто жыве ніжэй за сярэдні ўзровень – вось гэтыя 7,7% і выскачылі. То бок, гэта не павелічэньне, а проста падтрыманьне ўзроўню, гэта не падвышэньне, а сьлізганьне за цэнамі”, – кажа Леанід Заіка.

Што да пэнсіяў, то іх сёлета падвышаюць ужо другім разам. Папярэдні рост быў у верасьні ў сярэднім на 7%. Зараз іх падвысілі на 9,3%.

Паколькі ў Беларусі пэнсіі выплачваюць на пачатку месяца, некаторыя пэнсіянэры іх ужо атрымалі і павінны былі заўважыць падвышку. Гутару з пэнсіянэркай Вольгай Савіч:

“Я гэтую падвышку магу наагул не адчуць. У мяне пэнсія – 240 тысяч. Калі заплаціць усе камунальныя плацяжы, дык уся пэнсія туды і пойдзе, і на крамы амаль нічога не застаецца. Вось атрымліваю пэнсію, быццам бы даюць на 20 тысяч больш, але прыбаўку гэтых 20 тысяч не адчуваеш. Дый што гэтыя 20 тысяч! Патраціла ў краме, есьці няма чаго, а грошай ужо няма...”

У сувязі з ростам цэн на камунальныя паслугі, электраэнэргію, харчы ці будуць да канцы года яшчэ якія-небудзь падвышкі заробкаў, стыпэндый, пэнсій, пытаюся я ў галоўнага спэцыяліста Мінпрацы Галіны Трафіменкі:

“Што-небудзь падвысяць? Ня ведаю, напэўна, ужо больш нічога. Напэўна, ужо больш нічога... (сьмех) Акрамя цэнаў. Але цэны – гэта ўжо не да нас...”

• “Можна не чакаць, што ў далярах заробак у Беларусі падвысіцца”, 9.04.2007 • Чаму беларусы працуюць на пэнсіі?, 25.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG