Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Замест Дома-музэю 1 зьезду РСДРП наведайце, таварышы камуністы, Курапаты”


Радыё Свабода Званкі на “Свабоду” – 5 лістапада, панядзелак

Мікола Кіеў, удзельнік Айчыннай вайны: “Добры дзень, Радыё Свабода! Паслухайце вэтэранаў, удзельнікаў вайны. Украіна шырока і глыбока адзначыла дзень палітычных рэпрэсій і Галадамор. Прэзыдэнт Юшчанка выступіў зь вялікай прамовай, у якой выказаў абурэньне сталінскім рэжымам за генацыд украінскага народу. Пуцін таксама знайшоў магчымасьць адзначыць палітычныя рэпрэсіі і перадаць спачуваньне зьнішчаным. Расея прайшла па месцам, дзе былі забойствы, і выказала сваю трывогу. Беларускі рэжым у гэты час распачаў пышны зьезд навукоўцаў, якія з ухвалай, як статак, слухаюць прамову свайго прэзыдэнта. Ні слова спачуваньня тым, хто загінуў, хто стаў ахвяраю сталінізму. Вось тое, што хацелі сказаць мы, вэтэраны, удзельнікі Айчыннай вайны. Дайце магчымасьць паслухаць нас па Радыё Свабода”.

Спадарыня: “Маё дарагое Радыё Свабода! Я вельмі высока ацэньваю тваю працу і заўжды за тваіх работнікаў узношу сваю малітву. Палітыкай я пачала займацца ўжо зь першай клясы і слухаць праз грохат глушылак забароненыя перадачы: “Голас Амэрыкі”, “Нямецкую хвалю”, расейскую службу Радыё Свабода”. А з 1991 года я слухаю і цябе. Маё мілае і вельмі горача любімае беларускае Радыё Свабода! Табою я наталяюся і дыхаю і зь вялікай нецярплівасьцю чакаю твайго этэру. Цябе слухаюць ня толькі справядлівыя людзі, але і прыхільнікі Лукашэнкі. Вялікі Вам дзякуй за Вашу працу”.

Міхась Барута: “Напачатку 1990-х мой зямляк Алесь Адамовіч сказаў, што камунізм здох і больш не ўваскрэсьне. Але, на жаль, у Беларусі ён яшчэ працягвае жыць. Змрочныя цені мінуўшчыны сабраліся ў Менску на сваю канфэрэнцыю. Замест наведваньня Дома-музэю Першага зьезду РСДРП, дзе нарадзілася і распаўзлася па сьвеце бальшавіцкая чума, наведайце, таварышы камуністы, урочышча Курапаты, дзе ляжаць нявінна расстраляныя дзесяткі тысяч ахвяраў таталітарнага рэжыму, і пакайцеся за грахі камунізму, каб такое больш ніколі не паўтарылася на нашай зямлі”.

Спадарыня: “Хутчэй перадайце вялікую падзяку спадару Юрасю Беленькаму за разумныя адказы, што “не Лукашэнка трымае Беларусь – Бог яе яшчэ не адпусьціў. Бог яе не адпусьціў яшчэ, а не Лукашэнка”.

Спадарыня, Магілёў: “Калі б у мяне была магчымасьць прысутнічаць на Сацыяльным маршы, я б там была. Але справа ў тым, што Магілёў і Менск разьдзяляюць 200 кілямэтраў. А ў мяне ў дадзены момант 10 тысяч, каб пражыць да 10-га чысла, таму прыехаць ніяк не магу. А мая адзіная льгота – гэта грамадзкі транспарт. Калі яна так неабходная Лукашэнку, няхай ён сабе яе забярэ і купіць дымэдролу, прыме нанач і сьпіць спакойна, адняўшы ў людзей апошнія крошкі”.

Мікалай Міхайлавіч, Ваўкавыск: “У 1988 годзе Аляксандр Рыгоравіч быў дырэктарам саўгасу, ён біўся з трактарыстамі, а мы, “аўганцы,” паміралі ў гарах, пустынях Аўганістана, згубілі зубы, здароўе, а цяпер нас пазбавяць усялякіх ільгот! Параніць і забіць усіх не змаглі. А аўганцаў апусьцілі ніжэй прыбіральні.

Паважаная “Свабода,” дазвольце праз Вас запытацца нашых дэпутатаў, законатворцаў: чые дзеці служылі ў Аўганістане падчас вайны? Мы ваявалі, паміралі ад інфэкцыйных хваробаў, згубілі зубы, здароўе, нам душманы сьняцца ў страшных снах дагэтуль. Спадары дэпутаты, нас, аўганцаў, апусьцілі так нізка! За сумленна выкананы інтэрнацыянальны доўг нас пазбавілі льготаў Вы, паважаны Аляксандр Рыгоравіч”.

Спадар: “Добрая думка, як усім людзям і палітыкам у грамадзтве памірыцца. Пасьля ўскладаньня кветак да помніка Леніну ў Менску камуністы павінны ісьці ў Курапаты і таксама да месца былой турмы “амэрыканкі,” дзе забілі лепшых сыноў Беларусі: пісьменьнікаў – Чарота, Зарэцкага і шмат іншых. Трэба запаліць там сьвечкі і ўскласьці кветкі. А 7-ы дзень лістападу зрабіць днём згоды людзей розных нацый, веры і палітыкі. Няўжо камуністы такія ўпартыя нелюдзі, што ніколі не пакаюцца перад сваім народам?! Жыцьцё ўсё роўна іх прымусіць. Жыве Беларусь!”

Ільля Копыл: “Добры вечар, “Свабода”! Адбылася, магчыма, апошняя ў гэтым годзе акцыя апазыцыі – Сацыяльны марш. Трэба меркаваць, што зараз пачнецца “сьпячка” да 25 сакавіка. Сацыяльны марш значна адрозьніваецца ад Эўрапейскага маршу. Эўрапейскі марш адбыўся больш прыстойна, яго склад быў больш аднародны, хоць і ёсьць шмат недахопаў. На Сацыяльным маршы стаялі людзі пад рознымі сьцягамі: бела-чырвона-белыя – прыхільнікі БНФ, чырвоныя сьцягі зь мінулага – прыхільнікі ПКБ, расейскія трыкалёры – ня ведаю, можа, прыхільнікі саюзу з Расеяй. Удзельнічалі дзьве вельмі згуртаваныя суполкі па 100-150 чалавек: пад чырвона-чорным сьцягам, магчыма, гэта было РНЕ (рэд. – анархісты), пад бела-чырвона-белым сьцягам з чорным ромбам на чырвоным полі – “Белая Воля”. Гэтыя дзьве групоўкі прыйшлі на Марш, каб перашкодзіць яго правядзеньню. “Белая Воля” і РНЕ (рэд. – анархісты) былі ў большасьці абутыя ў міліцэйскія боты, на галовах – аднолькавыя чорныя вязаныя шапкі, паводзілі сябе вельмі агрэсіўна і нахабна. “Белая Воля” выкрыквала лёзунгі “Слава Нацыі!”, “Слава Перамозе!”, “Не – лібэралізму!”, выкрыкнулі адзін раз, але няўпэўнена “БНФ – у Курапаты!”. Пасьля бойкі паміж гэтымі суполкамі “Белая Воля” атрымала загад звонку пакінуць Марш. У іх былі перагаворныя прылады. Перад унівэрсамам “Рыга” яны згарнулі свае сьцягі і зьніклі. Дзякуй за ўвагу”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Вялікі Вам дзякуй за ўсё. Вось якое маё ўражаньне: я ведаў, што не адпусьцяць з абласных цэнтраў на Сацыяльны марш у Менск. Як адчуваў, прапрацаваў за кампутарам, але галоўнае вось што. Такія маршы трэба праводзіць часьцей, як мінімум, можа, раз на месяц. Гэта вельмі цудоўная акцыя. І калі сёньня яшчэ нехта не пайшоў, ці, можа, засумняваўся ў чымсьці, ён пойдзе заўтра і пасьлязаўтра. Гэта самы лепшы сёньня сродак супраць улады. Лепшага ня знойдзем у бліжэйшы час. Дзякуй вялікі. З павагай”.

Спадар: “Як паслухаеш беларускае радыё ці паглядзіш тэлевізар, складваецца ўражаньне, што ўсе эўрапейскія і ня толькі эўрапейскія краіны сталі ў чаргу, каб з намі супрацоўнічаць. Нібыта да нас, як з рога ўсяго многа, з усіх бакоў ідуць замежныя інвэстыцыі. Калі ўсё гэта адпавядае рэчаіснасьці, задам простае пытаньне: чаму мы так бедна жывем, і куды ў такім выпадку прападаюць грошы? Ня выключана, што наш усенародна абраны “правадыр” паціхеньку складвае іх да сябе ў кішэню. Шкада, што няма ў нас у Беларусі падаткавікоў, якія б наважыліся праверыць Аляксандра Рыгоравіча, так сказаць, “на вашывасьць”. Праверыць так, як яны правяраюць прадпрымальнікаў, якія за кожную капейку павінны справаздачу даць. Таму становіцца зразумелым, чаму Аляксандр Рыгоравіч так чапляецца за сваё крэсла і хоча перадаць яго ў спадчыну”.

Спадарыня: “Добры вечар, Радыё Свабода. Вось толькі што праслухала па радыё “Праскі акцэнт”. І ведаеце, я слухаю і думаю: як добра людзям з боку даваць парады і выказваць меркаваньні. Няхай бы яны прапанавалі нейкія мерапрыемствы, выказалі сваю думку, каб дапамагчы апазыцыі. Яны самі добра ведаюць, у якіх умовах працуе наша апазыцыя: яна абпляваная, яна зьняважаная… Часам людзі ня вераць нашай апазыцыі, таму што нашы ўладныя структуры спрабуюць увесь час прынізіць і паказаць нікчэмнасьць нашай апазыцыі. Таму, каб даваць нейкія парады, лепш бы дапамагалі нашай апазыцыі ў арганізацыйных пытаньнях. Усяго Вам добрага. Да пабачэньня”.

Сталы слухач: “Гісторыя паўтараецца. Спачатку ў выглядзе трагедыі, драмы, а потым у выглядзе фарсу. Лукашэнка – гісторык па адукацыі. Дык вось ён з усёй гісторыі добра запомніў “попгапонаўшчыну”. Правакатар быў такі, Гапон. Вось дакладна тое ён паўтарыў, калі адбылася сутычка сярод маладых людзей. Падрыхтаваныя былі палкі. Няхай ён ня думае, што беларускі народ не разьбярэцца, у чым справа. Беларускі народ ужо разабраўся. Ён ужо гатовы. Ён ужо сасьпеў да таго, каб плюнуць на гэтую дзікую, страшную палітыку і выказаць сваё стаўленьне падчас галасаваньня. Такі і будзе, запомніце мае словы. Таму што гэты поп Гапон усё роўна будзе працягваць. А наконт беларусаў ужо ходзіць такі анэкдот. Калі на стол, дзе быў цьвік, сеў расеец, ён падскочыў і зьбег. Сеў украінец на цьвік – “Ой!”, выцягнуў яго, паклаў у кішэню – можа, у гаспадарцы спатрэбіцца. Сеў беларус – дрэнна неяк, пакруціўся, павярцеўся ды і кажа: “Мусіць, так трэба…” Ужо пра нас, дурняў у гэтым пляне, прыдумваюць анэкдоты. І, напэўна, слушна робяць. Таму што цярпеньне скончыцца. Гэта абавязкова. А як вылузваліся радыё ды тэлебачаньне, каб паказаць, як мала людзей сабралася!”

“Вашы слухачы абураюцца, што ў Беларусі сабраліся прадстаўнікі кампартый Эўропы і іншых краін. Я лічу, і гэта так, што ідэі камунізму самыя сьветлыя. Але мы, на жаль, атаясамліваем іх з бандай Сталіна. Гэта дзьве розныя рэчы. Лепшага грамадзтва, чым камуністычнае грамадзтва, яго ідэалаў роўнасьці і гэтак далей, не было яшчэ і пакуль ня будзе. І тут я лічу, што Лукашэнка абсалютна мае рацыю. Я падтрымліваю яго ў тым, што ён прапанаваў запрасіць да нас. І вельмі дрэнна, калі нашы апазыцыянэры ня могуць адрозьніваць. Мы проста працягваем ідэі той “халоднай вайны” ў адносінах да кампартыі, а гэта самая сьветлая. Разьбярыцеся аб’ектыўна, але ж Вы ня можаце. Вы служкі Амэрыкі…”

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры дзень! Вельмі балюча і сорамна, што будзем сьвяткаваць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бальшавікі арганізавалі сапраўдную вайну супраць свайго народу. Бязьлітасна вынішчалі самых разумных і працавітых людзей, не шкадавалі беззабаронных дзетак. Чытаеш фрагмэнты выдатнейшай, мужнай і добра абгрунтаванай кнігі Якаўлева “Прыцемкі,” і душа крывёю абліваецца. Кожны шосты беларускі селянін быў раскулачаны, вырваны з коранем з роднага гнязда і кінуты ў Сыбір ці на Поўнач зь дзецьмі, старымі на зьнішчэньне. Знаходзяцца асобныя кіраўнікі, якія робяць выгляд, што ня чулі пра бальшавіцкі генацыд. Сёньня ў Беларусі бясьсьледна зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі, многія іншадумцы кінутыя за краты, вялікае мноства маладых актывістаў судзяць. Які цынізм! Навешваецца хлусьлівае абвінавачваньне: “нецэнзурна выказваўся”. Я душою і сэрцам з вамі, маладыя хлопцы і дзяўчаты, нашы героі Беларусі. За Вамі, я ўпэўнены, будучыня роднай Беларусі. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Учора я слухала Ваш выпуск, і ў перадачы Вы прасілі, каб я перадала Вам сваю адрэсу. Мая адрэса: Гарадзенская вобласьць Наваградзкі раён, п\а Ваўковічы, в. Рудка-2, Мазура Раіса Леанідаўна. Гэта была мая перадача, у якой я сказала праўду. І я ўвесь час кажу толькі праўду, якую вельмі ненавідзіць наш прэзыдэнт і наш старшыня райвыканкаму. У мяне просьба ад усіх жыхароў вёскі: мы просім вярнуць наш калгас. Яго запусьцілі, зарасьцілі бур’яном, зельлем, дрэвамі. Усе будынкі фэрмаў цяпер у аварыйным стане. Мы ўсе хочам зьвярнуцца да нашага прэзыдэнта, каб яму было сорамна, што даў дазвол на гэта нашым чыноўнікам. Наш Кулак на сходзе сказаў: “Нараджайце дзяцей!” Пэнсіянэрам, якім па 70 гадоў! Мне нават цяпер сьмешна гэта ўсё пераказаць. Я ў яго запыталася, чаму нічога не будуецца, каб прыехала моладзь. Ён адказаў, каб гэтая вёска зарасла зельлем, бур’яном. Ад гэтага пранізала маю душу і душу ўсіх жыхароў, якія стаяць за абарону чалавека. Мы просім ад усёй вёскі: вярніце наш калгас! Вярніце нашу тэхніку! Вярніце нашы землі! Вярніце нашу сілу, нашу моладзь, якая паўцякала ў гарады!”

Спадарыня: “Вітаю, шаноўная “Свабода”! Я Вас сёньня слухаю. І вось адзін чалавек кажа, што выйшлі загадзя, льготы яшчэ ня зьнятыя. Дык я зь ім нязгодная. Ёсьць такая прыказка: “Не тады сабаку карміць, як на паляваньне ісьці”. Трэба загадзя падрыхтаваць. І добра зрабілі, што падрыхтаваліся і выйшлі. Ці дапаможа, ці не дапаможа… Але, можа, дапаможа. Адмена так жа страшна для нас, ільготнікаў… гэта трэба неяк папрасіць, каб гэтага не рабілі, бо немагчыма будзе жыць. Ой, як цяжка!.. Дзякую за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG