Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскія грошы пойдуць на брудную вытворчасьць


Уладзімер Глод, Менск Кітай дасьць Беларусі крэдыт паўмільярда даляраў. Адпаведны дакумэнт падпісалі сёньня ў Менску падчас візыту ў Беларусь кіраўніка кітайскага ўраду Вэнь Цзябао. Гэтыя грошы пойдуць на будаўніцтва новых лініяў вытворчасьці цэмэнту.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч лічыць, што да пашырэньня вытворчасьці цэмэнту трэба ставіцца надзвычай асьцярожна:

“Гэта брудныя тэхналёгіі. Разьмяшчэньне такіх вытворчасьцяў заўжды экалягічна небясьпечнае. І перагружаць рэспубліку цэмэнтнымі вытворчасьцямі, на мой погляд, недальнабачна. Такую палітыку можна назваць неапраўданай.

Так, цяпер існуе бум будоўлі, а гэта значыць, патрэбны і цэмэнт. Але ж доўгатэрміновага прагнозу на тое, што такая колькасьць цэмэнту будзе і надалей патрэбная, няма.

І яшчэ — тыя краіны, дзе ўжо цяпер больш думаюць пра будучыню, стараюцца пазбаўляцца ад шкодных вытворчасьцяў. З тэрыторыі высокаразьвітых краінаў іх выносяць. Выносяць туды, дзе лішак рабочай сілы, дзе экалягічныя праблемы стаяць ня так востра”.

Сёньня кітайскі бок паабяцаў яшчэ некалькі крэдытаў. Але яны значна меншыя. Прынамсі, міжурадавая дамова прадугледжвае крэдыт на 27 мільёнаў даляраў.

Для кітайскага прэм’ера Беларусь — трэцяя краіна, якую ён наведвае падчас гэтага візыту. Дагэтуль Вэнь Цзябао ўжо пабываў ва Ўзбэкістане і Туркмэністане. Там яго прымалі першыя асобы краінаў.

Аляксандар Лукашэнка таксама сустрэўся з пэкінскім госьцем. Беларускі лідэр падзякаваў кіраўніцтву Кітаю “за палітычную, эканамічную, дыпляматычную падтрымку Беларусі”:

“За гэтыя паўтара дзясятка гадоў мы ішлі, не зьмяняючы курсу датычна Кітайскай Народнай Рэспублікі. І мабыць, у Кітаі ўсе пераканаліся ў тым, што Беларусь — надзейны сябар кітайскага народу і кітайскай дзяржавы. Беларусь будзе і надалей трымацца такога ж курсу”.

Палітоляг, старшыня Беларускага шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў лічыць, што Аляксандар Лукашэнка такімі выказваньнямі арыентуецца адразу на два лягеры:

“Я думаю, гэтыя дачыненьні выкарыстоўваюцца, з аднаго боку, для таго, каб паказаць Расеі, што мы можам абысьціся і бяз вас, што ў нас ёсьць іншыя сур’ёзныя хаўрусьнікі, кшталту Кітаю. А з другога боку, для ўнутранага пасланьня — маўляў, мы не адны ў сьвеце, нас падтрымліваюць, зноў жа, такія сур’ёзныя краіны, як Кітай.

Але, на маю думку, гэта ня больш за дэманстрацыю. Таму што эканамічныя дачыненьні з Кітаем могуць зрабіцца больш інтэнсіўнымі. Аднак ахілесава пята Беларусі — гэта энэрганосьбіты. А Кітай сам зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце спажыўцом энэрганосьбітаў”.

• Беларусь спадзяецца на кітайскія крэдыты?, 5.11.2007 • С.Багданкевіч: “Які крэдыт патрэбны Лукашэнку, мне складана зразумець”, 12.10.2007 • Горш чым у Беларусі з мэдыямі ў Бірме, Кітаі, Паўночнай Карэі… , 16.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG