Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў Расеі "не Беларусь"?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку 5 лістапада

У сьвежым нумары газэты “Белорусы и рынок” – інтэрвію з кіраўніком дыпмісіі Брытаніі ў Беларусі Найджэлам Гулд-Дэвісам. Дыплямат дзеліцца ўражаньнямі ад Беларусі – сапраўднай эўрапейскай краіны, на ягоны погляд.

Тацяна Манёнак у артыкуле “Ямал — Эўропа: дубля не будзе» аналізуе пэрспэктывы Беларусі пабудаваць на тэрыторыі краіны другую нітку газаправоду.

«БелГазета» дасьледуе рост папулярнасьці сьвята нячысьцікаў Галаўіну. У інтэрвію са сьвятаром менскага Сьвята-Духава кафэдральнага сабору Аляксандрам Шымбалёвым – аргумэнтацыя пазыцыі царквы. Паводле сьвятара, Галаўін – небясьпечнае сьвята, здольнае справакаваць чалавека на шкодныя для яго і навакольнага сьвету ўчынкі. Калі чалавек жадае весяліцца зь ведзьмамі ў адной кампаніі, гэта можа прывесьці да кантакту з рэальнай нячыстай сілай, – папярэджвае Аляксандар Шымбалёў.

У артыкуле “Што Расея пераняла ў Беларусі” выданьне аналізуе, што ёсьць агульным у палітычных сытуацыях нашых дзяржаў. Распавядае намесьнік галоўнага рэдактара “БелГазеты” Віктар Марціновіч:

“Мы на працягу ўжо сямі год канстатуем: вось Пуцін скапіяваў з палітычнай сытуацыі Беларусі тое, цяпер – вось тое. Сёньня, калі яны абвясьцілі парлямэнцкія выбары і кажуць, што агітацыя па тэлебачаньні мусіць быць ад 7 да 8 гадзін раніцы і ад 23 да 23.30 ўвечары – дык гэта ўжо папросту Беларусь як ёсьць. І я задаўся пытаньнем: а што цяпер у Расеі – не Беларусь?”

На старонках газэты “Новы час” – гістарычны экскурс у Віленскі музэй старажытнасьцяў. Пра бум папулярнасьці калекцыянаваньня ў ХІХ-м стагодзьдзі, таямніцы партрэту Яхіма Храптовіча і стварэньне першага беларускага нацыянальнага музэю – матэрыял Аляксея Хадыкі “Партрэт Міхала Валіцкага, мецэната і гульца”.

Палітычны партрэт экс-прэм''ера Міхаіла Чыгіра – у артыкуле Аляксандра Тамковіча з цыклю “Найноўшая гісторыя ў асобах”. А “Рэпартаж з гарачай кропкі” Язэпа Палубяткі прысьвечаны праблемам жыхароў памежжа на Гарадзеншчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG