Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумны лёс Лайкі-касманаўткі


Радыё Свабода, Прага 50 гадоў таму, 3 лістапада 1957 году, а палове шостай раніцы з касмадрому Байканур стартавала ракета з другім штучным падарожжам Зямлі. На борце спадарожніка ў зачыненым касьмічным кантэйнэры знаходзіўся двухгадовы дварняга вагой у шэсьць кіляграмаў па мянушцы Лайка. Тагачасная савецкая прэса пісала пра трыюмф СССР у касьмічнай гонцы з ЗША. Толькі празь дзесяцігодзьдзі сталі вядомымі іншыя акалічнасьці таго палёту.

На старце сэрца сабакі білася з хуткасьцю 260 ўдараў у хвіліну, у тры разы перавышаючы норму, аднак калі спадарожнік выйшаў на арбіту, радыёсыгналы, перададзеныя на Зямлю тэлемэтрычнай апаратурай, сьведчылі пра тое, што першы сабака трапіў у космас жывым.

"Самы няшчасны ў сьвеце сабака, якога, як паведамляюць, завуць Лімончыкам, лятаў вакол Зямлі на вышыні тысячы міляў з хуткасьцю 18 тысячаў міляў у гадзіну”, так пісала пра падзею 1957 году амэрыканская “New York Times”.

“Я разумеў, што сабака ня зможа вярнуцца на Зямлю”

Блытаніна з сабачай мянушкай была выкліканая тым, што савецкая прэса не давала ніякіх падрабязнасьцяў. “Правда” ды “Известия” падкрэсьлівалі хіба што дзьве акалічнасьці: што запуск сабакі прымеркаваны да 40-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, і што гэта ёсьць вялікай перамогай савецкай касьмічнай навукі.

І толькі супрацоўнікі Інстытуту біямэдычных праблемаў, якія адказвалі за падрыхтоўку Лайкі да палёту ў космас, не падзялялі такога аптымізму. Яны ўяўлялі маштабы стрэсу, які была павінна была адчуць Лайка. Сабака мусіў нерухома сядзець у кантэйнэры, есьці жэлепадобную ежу, прызвычайвацца да ўсіх самых нечаканых момантаў касьмічнага палёту.

Адзін з навукоўцаў, Алег Газенка, узгадвае:

“І газэты, і радыё, і тэлевізія пра ўсё гэта казалі вельмі ўзьнесла. У мяне ж на сэрцы быў вялікі сум, таму што я разумеў, што сабака ня зможа вярнуцца на Зямлю. А па-другое, я ведаў, што цягам першых сутак тэмпэратура на спадарожніку паступова падвышалася. Я здагадваўся, што сабачка ўжо загінуў”.

Празь некалькі дзён пасьля запуску савецкія газэты спынілі паведамленьні пра Лайку, пакуль нарэшце ТАСС не паведаміў, што радыёсыгналы са спадарожніку быццам бы больш не паступаюць на Зямлю.

Сабака пражыў у космасе толькі некалькі гадзінаў

На працягу доўгіх гадоў было прынята лічыць, што Лайка правяла на арбіце некалькі дзён – запасы ежы ды кіслароду ў яе кабінцы былі разьлічаныя на тыдзень. Сапраўдныя абставіны сьмерці сабакі высьветліліся толькі праз 45 год, калі супрацоўнікі расейскага Інстытуту біямэдычных праблем паведамілі на кангрэсе ў Хьюстане, што Лайка загінула адразу празь некалькі гадзін пасьля старту ад цеплавога ўдару ды стрэсу. Сабака задыхнуўся ў мэталічным кантэйнэры без катапульты дзесьці на чацьвёртым вітку вакол Зямлі.

Амаль праз тры гады савецкія навукоўцы змаглі накіраваць на арбіту сабак у катапультным кантэйнэры. Гэта былі Белка і Стрэлка, якія правялі ў космасе 25 гадзін у кампаніі мышэй і мух-дразофілаў і потым вярнуліся на Зямлю. Гэтыя сабачкі адразу сталі знакамітымі. Шчанюка Стрэлкі савецкі кіраўнік Хрушчоў нават прэзэнтаваў у Белым доме тагачаснай першай лэдзі Жаклін Кэнэдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG