Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Сацыяльнага маршу застаўся адзін дзень


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца падрыхтоўка да Сацыяльнага маршу, які пройдзе 4 лістапада ў Менску. Ён пачнецца а 12-й гадзіне ад пляцоўкі ля Акадэміі навук. Арганізатары праводзяць інфармацыйную кампанію. Сёньня затрымалі чатырох моладзевых актывістаў.

Сёньня раніцай актывісты раздавалі інфармацыйныя матэрыялы пра Сацыяльны марш.

А.Лябедзька: “Адчуваецца, што людзі хочуць атрымоўваць інфармацыю”

Адзін з удзельнікаў гэтай кампаніі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, апавёў:

“А шостай гадзіне раніцы мы хадзілі на трактарны завод. І раздалі больш за тры тысячы інфармацыйных матэрыялаў, уключна з запрашэньнем на Сацыяльны марш на дазволенае гарвыканкамам месца каля Акадэміі навук, а таксама розныя газэты.

Раздалі больш за тры тысячы экзэмпляраў. Проста ішло нарасхват. Адчуваецца, што людзі хочуць атрымоўваць інфармацыю”.

Разам з Анатолем Лябедзькам было шэсьць чалавек. Пасьля раздачы матэрыялаў аднаго з удзельнікаў, актывіста “Маладых дэмакратаў” Мікалая Сергіенку затрымалі.

Потым затрымалі яшчэ трох актывістаў — аднаго з заяўнікаў Сацыяльнага маршу і лідэраў “Маладых дэмакратаў” Міхаіла Пашкевіча, Зьмітра Кавалгіна і Сяргея Клюева. Іх адвезьлі ў Кастрычніцкі і Партызанскі суды.

Затрыманых вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў

Міхаіл Пашкевіч апавёў, у чым іх вінавацяць міліцыянты:

“Артыкул — гэта парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Заклік да ўдзелу ў мерапрыемстве з парушэньнем працэдуры”.

Зьміцер Кавалгін распавёў, што хлопцаў затрымалі на станцыі мэтро “Інстытут культуры” і потым адвялі ў пастарунак міліцыі, а адтуль у суд. У іх былі ўлёткі пра Сацыяльны марш.

Зьмітра Кавалгіна адпусьцілі, а пратакол адносна Міхаіла Пашкевіча накіравалі на дапрацоўку. Суды працягваліся ў другой палове дня.

Старшыня аргкамітэту Валер Ухналёў сказаў, што інфармацыйная кампанія вельмі актыўная. Сёньня і заўтра будуць распаўсюджвацца, да прыкладу, налепкі пра акцыю:

“Былі тут моманты, калі ў нас налепкі гэтыя арыштавалі. Таму мы іх нанова выраблялі. І яны ўчора, сёньня, заўтра будуць. Я ўжо сам бачыў”.

Да Сацыяльнага маршу падрыхтавалі партыйныя сьцягі, расьцяжкі й плякаты.

В.Ухналёў: “Ёсьць поўнае разуменьне зь міліцыяй”

Сёньня Валер Ухналёў сустрэўся з прадстаўнікамі міліцыі. Ён сказаў, што падпісаў паперу пра тое, што як арганізатар ня будзе парушаць законаў.

“Ёсьць поўнае разуменьне. Яны будуць ахоўваць невялікай колькасьцю сваіх супрацоўнікаў. Будзе мірная акцыя”.

Пойдзе марш праезнай часткай альбо па ходніках?

“Я думаю, гэта пытаньне мы на месцы вырашым. І там, дзе няма ходнікаў, я думаю, мы, як і на Эўрапейскім маршы, вырашым гэта пытаньне без праблемаў”, — паведаміў Ухналёў.

Адносна тых удзельнікаў, якія прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, Валер Ухналёў сказаў:

“Я думаю, што будзе няшмат людзей. І там будуць нашы арганізатары, якія запросяць іх прайсьці ці праехаць у парк Дружбы народаў, дзе будзе праходзіць мітынг”.

Пра вынікі судовага працэсу над затрыманымі чытайце пазьней на нашым сайце і слухайце ў вечаровым эфіры.

• У "Сацыяльнага маршу" — два маршруты, 31.10.2007 • За “Сацыяльным маршам” будуць назіраць дыпляматы, 30.10.2007 • Сканфіскавалі 5 тысяч наклеек з абвесткамі пра “Сацыяльны марш”, 30.10.2007 • "Сацыяльны марш" пройдзе дазволеным уладай маршрутам, 24.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG