Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Кудлацкая: “Дабро ня злом адплоціцца, а ўсё ж – дабром”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сёньня мы заканчваем тыднёвую сэрыю ранішніх гутарак з грамадзкім рэдактарам Свабоды Валянцінай Кудлацкай зь Верхнядзьвінску. Яна працуе там у “Белдзяржстраху”, актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцьці рэгіёну.

Уліцёнак: “На ваш погляд лепшая газэта і лепшы сайт – гэта…”

Кудлацкая: “…я прыхільнік “Белгазеты”: чытаю, выпісваю. А праца на пасадзе грамадзкага рэдактара вашага Радыё зацьвердзіла ў думцы: сайт Свабоды – вельмі цікавы”.

Уліцёнак: “Вашыя любімыя пісьменьнікі?”

Кудлацкая: “Васіль Быкаў. Ніл Гілевіч, да твораў якога я зьвяртаюся ўсё часьцей і часьцей. А яшчэ людзі, якіх добра ведаю. Напрыклад, Сяргей Панізьнік. Ягоная сэрыя “Наша Бацькаўшчына” патрэбна сёньня кожнаму беларусу, каб ведаць гісторыю і тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі”.

Уліцёнак: “Любімыя літаратурныя героі?”

Кудлацкая: “З “Молодой гвардии”, бо я заканчвала Магілёўскае культасьветвучылішча і давялося ў спэктаклі іграць Валянціну Філатаву”.

Уліцёнак: “Ну а ў рэальным жыцьці бачыце некага на п’едэстале, кажучы высокім штылем?”

Кудлацкая: “Тыя ж Мадлен Олбрайт, Хілары Клінтан – гэта жанчыны, якія проста вымагаюць паважаць сябе. Мне блізкая таксама Вольга Іпатава, яе творчасьць”.

Уліцёнак: “Што найперш цэніце ў асобе?”

Кудлацкая: “Важнейшае маё патрабаваньне, каб чалавек быў прыстойным і сумленным”.

Уліцёнак: “Песьня, якую вы з задавальненьнем слухаеце?”

Кудлацкая: “Люблю Аляксандра Сярова, і таму практычна ўвесь ягоны рэпэртуар з задавальненьнем слухала б па некалькі разоў”.

Уліцёнак: “А самі – сьпяваеце?”

Кудлацкая: “Так, у нас ёсьць вакальная група. Тым больш я заканчвала тэатральнае аддзяленьне, дзе адна з умоваў – уменьне добра сьпяваць і таньчыць. Мне гэта прыносіць задавальненьне”.

Уліцёнак: “Якая пастаноўка вось зараз у вас “у падкорцы”?

Кудлацкая: “Чамусьці “Лявоніха на арбіце”.

Уліцёнак: “Што для беларусаў каштоўнасьць нумар адзін?”

Кудлацкая: “Усё ж такі гэта сям’я”.

Уліцёнак: “Найвялікшы посьпех?”

Кудлацкая: “Тое, што ў мяне была магчымасьць вучыцца ва ўнівэрсытэце штату Ілінойз у горадзе Чыкага”.

Уліцёнак: “А параза нумар адзін?”

Кудлацкая: “Разбураныя і не ўсталёўваюцца адносіны зь мясцовымі ўладамі. Гэта для мяне балюча”.

Уліцёнак: “Любімы афарызм?”

Кудлацкая: “Той кіраўнік ня мае права на памылку, які не даруе памылак сваім падначаленым”.

Уліцёнак: “Вы верніца?”

Кудлацкая: “Калі-некалі я хаджу ў царкву”.

Уліцёнак: “А ў што вы верыце, спадарыня Валянціна?”

Кудлацкая: “Дабро ня злом адплоціцца, а ўсё ж – дабром. Гэта мой жыцьцёвы прынцып. Хаця ў жыцьці шмат бывае наадварот”.
XS
SM
MD
LG