Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце “Мартыралёг Беларусі” – яшчэ тысяча біяграмаў ахвяраў


Ганна Соўсь, Менск На інтэрнэт-старонцы “Мартыралёг Беларусі” цягам кастрычніка зьявілася больш за тысячу новых біяграмаў ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Пераважна гэта сьпісы людзей, рэпрэсаваных у Беларусі. Да сьнежня 2008 году плянуецца выставіць каля 60 тысяч біяграмаў. Праз старонку “Мартыралёг Беларусі” можна шукаць прозьвішчы сваіх родных і знаёмых.

Сёлета ад 1 верасьня на сайце martyraloh.org выстаўлена ўжо больш за дзьве з паловай тысячы біяграмаў людзей, рэпрэсаваных у Беларусі.

Штодня на хвалях “Свабоды” гучаць кароткія гісторыі людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

“Калі слухаю “Мартыралёг Свабоды”, сьціскаецца сэрца”

На праект адгукаюцца слухачы “Свабоды”. На гэтым тыдні адна слухачка пакінула на нашым тэлефоне-аўтаадказьніку наступнае меркаваньне:

“Калі слухаю “Мартыралёг Свабоды”, кароценькія паведамленьні штодзень — сьціскаецца сэрца. І кароткае слова вядучага: “Расстраляны” — гэта як стрэл і ў нашы душы. За што?! За што катавалі, мучылі?! За тое, што працавалі, думалі, любілі гэтую зямлю, хацелі жыць па праўдзе.

Мы не павінны забыць, што зрабіў бальшавізм з Усходу. Я запомніла словы майго дзеда пра бальшавізм у Заходняй Беларусі пасьля 1939 году: “Чалавечая кроў не прападае”. З гадамі зразумела па-сапраўднаму балючы сэнс гэтых словаў. Паслухайце “Мартыралёг Свабоды”.

“Калі прэзыдэнт прыходзіць на месцы расстрэлаў вязьняў ГУЛАГу”

Дасьледчык гісторыі антыкамуністычнага паваеннага супраціву Міхась Чарняўскі лічыць гэты праект “Свабоды” вельмі важнай і патрэбнай справай.

“Мы павінны пра гэта ўвесь час памятаць, бо калі мы забудзем пра гэта, то гэта паўторыцца зноў. Тым больш, што мы бачым прыклад Расеі, калі прэзыдэнт прыходзіць на месцы расстрэлаў вязьняў ГУЛАГу, на месца, дзе стаяць крыжы памяці гэтых ахвяраў, і ўскладае кветкі.

Такім чынам бачыш, што гэта так і трэба, што па-людзку зроблена. Аднак у нас няма на такім узроўні ўшанаваньня памяці ахвяраў. Таму вось такія сьпісы ахвяраў, канечне, вельмі патрэбныя”.

Ад 1 верасьня да 10 сьнежня — сто гісторыяў ахвяраў

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня — Усясьветнага дня правоў чалавека — у эфіры “Свабоды” згадваецца адно імя, гучыць успамін пра адно жыцьцё, пра адзін лёс з соцень тысяч абарваных камуністычным рэжымам.

За апошнія чатыры гады на сайце ў разьдзеле “Ахвяры” выставілі больш за пяць з паловай тысяч біяграмаў беларусаў, рэпрэсаваных у Архангельску, Карэліі, Комі АССР, Краснаярскім краі, Ленінградзе і Мурманску, а таксама сьпісы рэпрэсаваных дзеячаў культуры з дасьледаваньняў Леаніда Маракова.

Новы разьдзел “Рэпрэсаваныя ў Беларусі” будзе ўвесь час дапаўняцца. Да сьнежня наступнага году плянуецца выставіць каля 60 тысяч біяграмаў ахвяраў, рэпрэсаваных у Беларусі. Гэтыя сьпісы былі здабытыя з архіваў КДБ.

Сайт “Мартыралёг Беларусі” зьявіўся ў сеціве ў 2003 годзе. Гэтая старонка апавядае пра злачынствы і ахвяраў камунізму ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG