Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі дарагі інтэрнэт у суседзяў? Прыклад Літвы


Тацяна Поклад, Прага У сярэднім у Літве сем кампутараў з кожных дзесяці падлучаныя да інтэрнэту. Колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту там расьце амаль гэтак жа, як і колькасьць прапановаў разнастайных плянаў інтэрнэтнай сувязі ад кампаній-правайдэраў. Іх у Літве некалькі дзесяткаў. Цяпер кошты на інтэрнэт у Літве значна паніжаюцца, на форумах наведнікі дзеляцца парадамі, дзе можна знайсьці больш танны і хуткі інтэрнэт.

Для шараговага карыстальніка ў Літве магчыма мець інтэрнэт у хаце і за некалькі даляраў у месяц. Да прыкладу, найбуйнейшы правайдэр, "Літоўскі тэлеком", а таксама некалькі кампаніяў мабільнай сувязі прапаноўваюць розныя варыянты плянаў карыстаньня інтэрнэтам – дзённыя, вечаровыя, начныя, а таксама і на ўвесь час -- ад 9-10 літаў у месяц (каля 4 даляраў). Тыя, каму патрэбная хуткасьць некалькі мэгабіт на сэкунду, плацяць 10-20 даляраў у месяц, але ўжо цяпер можна знайсьці такую ж хуткасьць за меншыя кошты, прынамсі ў гарадах.

Андранік Антанян зь Вільні, праца якога зьвязаная з кампутарам цягам прынамсі апошніх 10 гадоў, кажа, што задаволены хуткасьцю свайго інтэрнэта ў хаце, на якім ён працуе, але правайдэра будзе мяняць таму, што іншыя прапаноўваюць тую ж хуткасьць за меншы кошт.

“У мяне нейкі мінімальны плян, і мне яго хапае. Але я буду на яшчэ больш танны мяняць. Шукаю іншага правайдэра... ужо знайшоў, уласна. Цяпер плаціць дзесяць даляраў у месяц за інтэрнэт у Літве – гэта ўжо зашмат, кошты упалі”.

У Літве – дзесяткі кампаніяў-правайдэраў, якія прапаноўваюць кабэльную інтэрнэт-сувязь, звычайна разам з пакетам прапановаў кабэльнай тэлевізіі. Цяпер кожны правайдэр прапаноўвае і WiFi – бяздротавую інтэрнэтную сувязь, але бальшыню хатніх карыстальнікаў у Літве гэта не прываблівае: у блёчных дамах рэальная якасьць WiFi атрымліваецца нашмат горшая за абяцаную правайдэрам. DSL, разам з іншымі відамі інтэрнэту, можна замовіць у Літоўскім тэлекоме. У Літве бальшыня і хатніх карыстальнікаў, і кампаніяў, асабліва сярэдніх і дробных, карыстаюцца кабэльным інтэрнэтам.

Магчымая хуткасьць кабэльнага інтэрнэту ў Літве па краіне – да 5 Mb/s, але на замежжа – звычайна меней, часам і удвая.

Антанян: “Замежны трафік звычайна даражэйшы. Правайдэры па Літве даюць і 2 мэгабіты, і пяць, і дзесяць, -- колькі у іх там пацягне. А замежны трафік ужо абмяжоўваецца”.

Мінімальнай лічыцца хуткасьць прынамсі 60 Kb/s для замежнага трафіку. Сярэднія кошты такога кабэльнага інтэрнэту – 35-50 літаў у месяц (каля 15- 20 даляраў), -- натуральна, у залежнасьці, ад раёну. Часам, калі ў пэўным раёне, як, да прыкладу, у цэнтры старога гораду ў Вільні, няма асаблівага выбару, то даводзіцца плаціць і да 100 літаў (40-50 даляраў) у месяц, -- але цяпер інтэрнэтная сувязь у Літве значна таньнее, і карыстальнікі маюць усё большы выбар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG