Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сканфіскавалі 5 тысяч наклеек з абвесткамі пра “Сацыяльны марш”


Ганна Соусь, Менск Сёньня супрацоўнікі райаддзелу міліцыі Цэнтральнага раёну Менску сканфіскавалі 5 тысяч наклеек з абвесткамі пра “Сацыяльны марш” у актывіста Партыі БНФ Вацлава Арэшкі. Кіраўнік аргкамітэту акцыі Валеры Ўхналёў кажа, што ўлады не даюць інфармаваць пра акцыю, мэта якой — зьмена сацыяльнай палітыкі ў краіне.

Як апавёў “Свабодзе” Вацлаў Арэшка, сёньня апоўдні ў раёне плошчы Перамогі яго затрымалі байцы спэцназу ў цывільным. Падстава — спадар Арэшка нібыта падобны да асобы, якая знаходзіцца ў вышуку.

“Бліжэй да акцыі расьце напружанасьць”

Вацлава Арэшку завезьлі ў Цэнтральнае раённае ўпраўленьне ўнутраных справаў, дзе пратрымалі тры гадзіны й сканфіскавалі 5 тысяч налепак з абвесткамі пра дазволены ўладамі “Сацыяльны марш”.

“Бліжэй да акцыі расьце напружанасьць. І гэта сьведчыць пра тое, што гэтая тэма важная. Я нават з тымі ж спэцназаўцамі размаўляў пра льготы, і яны ў пэўнай ступені падтрымалі нашу пазыцыю, кажуць: “Так, і у нас забіраюць ільготы”, — распавёў Вацлаў Арэшка.

Намесьнік старшыні Партыі камуністаў беларускай Валеры Ўхналёў кажа, што ўлады замінаюць інфармаваньню пра акцыю, якая скіраваная на зьмену сацыяльнай палітыкі ў краіне:

“Ідзе на ўсіх кірунках прэсінг на нашых людзей, забіраюць лістоўкі. Тое, што ўлады дазволілі “Сацыяльны марш”, гэта добрая навіна, але тое, што цяпер улады рознымі спосабамі (у нас ёсьць зьвесткі, што на прадпрыемствах людзям кажуць, каб яны ні ў якім разе 4 лістапада нікуды не выходзілі, тое самае ў навучальных установах) робяць, каб як мага меней людзей даведаліся, якім чынам і што будзе 4 лістапада ў горадзе Менску”.

“Праца ў межах кампаніі “Сацыяльны марш” мае плён”

Учора Валеры Ўхналёў атрымаў ліст ад намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч.

Нагадаю, што раней лісты з прапановай абмеркаваць варыянты правядзеньня “Сацыяльнага маршу” й сацыяльную палітыку дзяржавы даслалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Натальлі Пяткевіч асабіста.

Спадарыня Пяткевіч адказала, што, на яе погляд, такія праблемы, як сацыяльная палітыка, сацыяльныя гарантыі, немагчыма вырашаць праз вулічныя акцыі.

“Яна піша, што Адміністрацыя прэзыдэнта сканцэнтравала свае высілкі на падрыхтоўцы збалянсаванага, справядлівага, дэбюракратызаванага мэханізму аказаньня адраснай сацыяльнай дапамогі, падрыхтоўцы новых заканадаўчых актаў, зьвязаных з сацыяльнай палітыкай дзяржавы, – расказвае Валеры Ўхналёў. – Сам прэзыдэнт на сустрэчы з расейскімі журналістамі казаў пра тое, што ў яго на стале ляжыць праект указу ў сацыяльнай праблематыцы.

Гэта гаворыць пра тое, што праца, якую праводзяць у межах кампаніі “Сацыяльны марш” аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, мае плён”.

“Трэба, каб атрымалася адна супольная акцыя — можа, зь нейкімі асобнымі фрагмэнтамі”

Сябра аргкамітэту “Сацыяльнага маршу”, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што яшчэ няма канчатковага маршруту “Сацыяльнага маршу”.

Нагадаю, што арганізатары падавалі заяўку на шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы да будынку Нацыянальнай бібліятэкі, аднак менскія ўлады дазволілі ім шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

“Праблема ў тым, — кажа Анатоль Лябедзька, — што частка людзей атрымала пасланьне, што збор на Кастрычніцкім пляцы а 14-й гадзіне, а другая частка атрымае інфармацыю, што ўлада дазволіла месца збору каля Акадэміі навук а 12-й гадзіне. Аргкамітэт мусіць зрабіць захады для таго, каб аб’яднаць гэта ў адно і ўсё ж каб атрымалася адна супольная акцыя — можа, зь нейкімі асобнымі фрагмэнтамі”.

Заўтра на паседжаньні аргкамітэту “Сацыяльнага маршу” прымуць рашэньне адносна маршруту акцыі.

• "Сацыяльны марш" пройдзе дазволеным уладай маршрутам?, 24.10.2007 • Ці выступяць на "Сацыяльным маршы чыноўнікі?", 15.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG