Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты затрымалі каля трох дзясяткаў чалавек


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі віцебскай міліцыі каля вёскі Паляі затрымалі каля трыццаці чалавек, якія ўсталёўвалі крыж на месцы пахаваньня ахвяраў масавых расстрэлаў часу бальшавіцкага тэрору.

Міліцыянты палічылі гэта несанкцыянаваным мітынгам. Яны прымусілі ўсіх зайсьці ў арандаваны ўдзельнікамі акцыі аўтобус і завезьлі затрыманых у віцебскую міліцыю.

Людзей трымалі ў актавай залі й аднаго за адным адводзілі ў кабінэты, каб скласьці адміністрацыйныя пратаколы.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Барыс Хамайда прапаноўваў міліцыянтам адпусьціць людзей і скласьці пратакол толькі супраць яго — як арганізатара акцыі.

“Рэч у тым, што мы ніколі не бярэм дазволу на ўсе гэтыя мерапрыемствы. Мы лічылі, што гэта лес, ня горад. Ад самага пачатку, калі мы зьбіраліся ля чыгуначнага вакзалу, прыйшоў супрацоўнік міліцыі й пачаў нас апытваць у справе, калі нам РНЕ дасылалі лісты з пагрозамі. Знайшлі час для гэтага менавіта сёньня, у гэты дзень! Затрымалі нас на паўгадзіны. Яны ехалі дакладна за намі, пакуль мы не прыехалі ў Паляі”, — апавёў Барыс Хамайда.

Першы крыж пад вёскай Паляі паставіла віцебская філія Партыі БНФ 5 лістапада 1989 году. Потым прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхату таксама ўсталявалі крыж на месцы расстрэлаў.

Сёньня прадстаўнікі дэмакратычнага руху ўсталявалі трэці крыж. Яны плянавалі таксама наведаць магілы апазыцыйных актывістаў Рамана Салаўяна і Ўладзімера Плешчанкі.

У другой палове дня некаторых затрыманых міліцыянты павезьлі ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG