Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі “партызан” памёр па дарозе на месца дысьлякацыі


Ігар Карней, Менск У часе нядаўніх вайсковых збораў на Віцебшчыне з удзелам мабілізаваных з запасу здарыўся трагічны інцыдэнт. Па дарозе зь Віцебску ў Полацак аднаму з так званых “партызанаў” стала дрэнна. Пакуль шукалі лекара, мужчына памёр. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ад сардэчнага прыступу. Іншыя кажуць, што прычынай была эпілепсія. Вядзецца сьледзтва. А як трапляюць на зборы людзі з падобнымі мэдычнымі дыягназамі?

Маштабныя вайсковыя зборы апошнім часам сталі зьявай звыклай. Калі ад канца 1980-х да пачатку 2000-х многіх, хто ўжо прайшоў тэрміновую службу, увогуле не чапалі, то апошнюю пяцігодку запасьнікаў мабілізуюць рэгулярна. Пры гэтым, як кажуць самі прызыўнікі, ніякага мэдычнага агляду яны не праходзяць: каб вызначыць стан здароўя, хапае вуснага адказу так званага “партызана”.

Давер на слова нядаўна спрычыніўся да сьмерці аднаго з прызваных, які па дарозе з Віцебску ў Полацак памёр у часе перакуру на чыгуначнай плятформе. Сьведкі падзеяў кажуць, што ў чалавека быў эпілептычны прыпадак. Адзін з запасьнікоў, палачанін Аляксей Іваноў кажа: калі-небудзь падобнае павінна было здарыцца:

“Я працую на заводзе, дык у нас са зьмены часьцяком па 2-3 чалавекі бяруць на зборы. Звычайная практыка. Першы раз апытваюць, як прыходзіш па павестцы, а другі крыху пазьней – зноў вуснае апытаньне наконт стану здароўя. Калі скаргаў няма, тады і праблемаў ніякіх не ўзьнікае – пайшоў служыць. І гэта, я лічу, адным з выдаткаў здарэньня пад Полацкам”.

Карэспандэнт: “І там сапраўды было падобна, што здарыўся менавіта эпілептычны прыпадак?”

“Адназначна сказалі, што быў эпілептычны прыпадак. Бо сымптомы ж агульнавядомыя... Ды й у ваенкамаце потым расказвалі, што пабеглі шукаць лекара, бо ня ведалі як дапамогу аказаць. Але пакуль знайшлі лекара, то ён і памёр. Гэта адна праблема. А другое – чаму хворага прызвалі на зборы?”

Як кажа былы начальнік мэдычнай службы Галоўнага штабу Міністэрства абароны Ўладзімер Мялюшка, цяпер на стан здароўя ў шэрагу выпадкаў папросту заплюшчваюць вочы. У прыватнасьці, таму, што ахвотных “партызаніць” меней ад заяўнага сьпісу: бальшыня патэнцыйных абаронцаў усяляк пазьбягаюць пэрспэктывы зноў апынуцца ў казарме:

“Натуральна, патрабаваньні да стану здароўя трэба ўзмацніць. Да ўсіх. Як да курсанта, які ідзе ў акадэмію паступаць ці вайсковую вучэльню патрабуюць падвышаныя патрабаваньні да здароўя. Так і да яго, да выкліканага на зборы, патрэбна ставіцца. Але тут трэба ўлічваць спэцыфіку - у які род войск чалавек прызываецца, бо ад спэцыялізацыі ў войску таксама шмат што залежыць. Калі чалавек ідзе ў элітны спэцназ – увогуле вышэйшая ступень патрабаваньняў да здароўя. А калі які-небудзь аўтамабіліст, то патрабаваньні да кіроўцаў могуць быць крыху і меншыя”.

Аднак здараецца, што выкліканыя на зборныя пункты хаваюць свае хваробы. Прычына ў тым, што на зборах можна нават зарабіць – так, беспрацоўны за трохтыднёвае ўтрыманьне на казённых харчах атрымлівае ў сярэднім 500 тысяч рублёў. Працягвае Аляксей Іваноў:

“Якая там служба – вядома. Я сам на зборах быў і на свае вочы бачыў: альбо нічога ня робяць зусім, альбо гарэлку п’юць. Вось такога кшталту ў нас зборы. А яшчэ і грошы за гэта атрымліваюць. Бо нават таму, хто працуе, налічваецца заробак па сярэднім за працоўныя дні, а таксама за ўдзел у зборах. А беспрацоўнаму дык увогуле добра: там казённае харчаваньне, каб цэлы месяц пражыць, і яшчэ потым заплацяць. Дык чаму ж не пайсьці?”

У Віцебскім гарадзкім аб’яднаным ваенкамаце адмовіліся патлумачыць, як мясцовыя экспэрты не заўважылі сымптомы сур’ёзнага захворваньня. Ад адказнасьці адмахваюцца і ў іншых зацікаўленых ведамствах. Вось што сказалі ў Беларускай ваеннай пракуратуры:

“Справа ў тым, што гэта кампэтэнцыя тэрытарыяльнага пракурора. Так, мы агульны ажыцьцяўляем нагляд за прызыўной кампаніяй -- то бок, пераважна кантралюем законнасьць дзеяньняў супрацоўнікаў ваенкаматаў і прызыўных камісій. Але што тычыцца адказнасьці асобаў, якія прызваныя на зборы ці ўхіляюцца ад прызыву, – то гэта чыста паднагляднасьць тэрытарыяльных пракурораў. Мы маем справу толькі з ваеннаслужачымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG