Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрыемствы-гіганты сутыкаюцца зь цяжкасьцямі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымага продажу кантрольнага пакету акцыяў навукова-вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” расейскай фінансавай карпарацыі “Сыстэма”. І сёньня ж стала вядома, што Менскі трактарны завод ня будзе працаваць на наступным тыдні.

Эканаміст Леанід Злотнікаў магчымы продаж расейцам кантрольнага пакету акцыяў “Інтэгралу” тлумачыць наступным чынам:

“Безнадзёга. Я памятаю, два ці тры гады таму Лукашэнка наведаў гэтае прадпрыемства. І ён тады паабяцаў да 40 мільёнаў даляраў дапамогі, калі будзе цікавы праект. Але што такое 40 мільёнаў для такога буйнога прадпрыемства? Нішто. Бо тыя ж японцы ў аналягічную вытворчасьць уклалі 3—4 мільярды даляраў.

У дзяржавы няма сродкаў, каб мадэрнізаваць “Інтэграл” да сучаснага ўзроўню. І гэта ўлады ўжо разумеюць. Яны ж спрабавалі ня тое што мікраэлектроніку, а ровары ды матацыклы сучасныя вырабляць. І нават тут нічога не атрымалася.

Дзяржава нічога ня можа зрабіць, каб падняць гэтыя прадпрыемствы. Мінаюць гады, а “Інтэграл” па-ранейшаму ляжыць на баку”.

Тым часам трактарны завод ня будзе працаваць з 3 лістапада.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук паведаміў, што на заводзе вывесілі загад пра спыненьне канвэеру да 11 лістапада. Адміністрацыя адмаўляецца называць прычыны гэтага. Многія экспэрты кажуць, што экспарт трактароў стаў стратным.

Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу на тое, што трактарны завод, як і “Інтэграл”, знаходзіцца ў сьпісе прадпрыемстваў, якія дзяржава датуе. Але цяпер, падобна, і гэтая апека не дапамагае.

Запасы складаюць больш за паўмесячную вытворчасьць, гаворыць эканаміст:

“Там месяц таму ўся тэрыторыя была запоўненая непрададзенымі трактарамі. Іх кошты сталі больш высокімі. Зразумела, чаму — энэргія стала даражэйшай ды кошт мэталу асабліва падняўся. А трактарны — гэта вельмі мэталаёмкае прадпрыемства”.

Цяжкасьці чакаюць і яшчэ адно буйное прадпрыемства — Менскі аўтамабільны завод, прагназуе аглядальнік штотыднёвіка “Белорусы и рынок” Аляксандар Алесін.

Ён зьвязвае гэты прагноз з тым, што МАЗы цяпер сталі даражэйшымі за расейскія КамАЗы і значна даражэйшымі за грузавікі кітайскай вытворчасьці. Пакуль Расея мае вялікія грошы за нафту, яна скупляе ўсё. Але сёлета ў тэмпах продажу МАЗ прайграе канкурэнтам, падкрэсьлівае спадар Алесін:

“Практычна ўсе павялічылі продаж: “Вольва” павялічыў, “Сканія” павялічыла, “Мэрсэдэс” павялічыў, КамАЗ павялічыў, МАЗ павялічыў. Але калі МАЗ на 11%, дык КамАЗ — на 30, а кітайцы нарошчваюць свой продаж у разы. Калі Расея ня будзе атрымліваць нафтадаляраў у такіх памерах, дык яна скароціць попыт. І тады нам будзе дрэнна”.

Гл. таксама:

Якія тэндэнцыі пераважаюць у беларускай эканоміцы? 25.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG