Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: чыноўнікі выдзялялі ўчасткі пад будаўніцтва з парушэньнем закону


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу пасьля праверкі фактаў незаконнага выдзяленьня зямельных участкаў на Віцебшчыне. За падобныя правапарушэньні да дысцыплінарнай адказнасьці будуць прыцягнутыя намесьнік старшыні аблвыканкаму і 8 старшыняў райвыканкамаў. Яшчэ тром старшыням райвыканкамаў вынесеныя вымовы.

Такія меры ў адносінах да службовых асобаў кіраўніцтвa вобласьці прыняла пасьля таго, як пракуратура і Камітэт дзяржкантролю выявілі факты парушэньня заканадаўства пры разьмеркаваньні зямельных участкаў у водаахоўных зонах і будаўніцтве на іх капітальных будынкаў.

Паводле заканадаўства, усе капітальныя пабудовы мусяць быць разьмешчаныя не бліжэй як за 500 мэтраў ад вадаёмаў. Тым ня менш, на Віцебшчыне зафіксавана некалькі соцень выпадкаў самавольнага захопу прыбярэжных земляў.

Найбольш парушэньняў было выяўлена на Браслаўшчыне. Да прыкладу, у прыбярэжнай паласе возера Струста мясцовы жыхар незаконна пабудаваў летні домік, гараж, альтанку і бэтонную лесьвіцу. А на беразе возера Снуды жыхар Менску ня толькі ўзьвёў на беразе пабудовы, але нават "перапрацаваў" рэльеф мясцовасьці: прарыў два каналы, каб было дзе паставіць свае 3 яхты і маторны катэр.

Паводле загаду пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю, зносу падлягае 131 аб’ект, незаконна пабудаваны ў прыродаахоўнай зоне. Аднак праверка пакуль была праведзена яшчэ не ва ўсёй вобласьці, а толькі на траціне буйных азёраў і рэчак. Надалей праверка мае адбыцца яшчэ на дзьвюх тысячах водных аб’ектаў Віцебшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG