Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 26 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Удзельнікі форумаў парталу TUT.by абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, які настойвае на тым, што ў Беларусі няма месца антысэмітызму. Заяву ён зрабіў у часе міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску “Дыялёг хрысьціянства ды ісьляму ва ўмовах глябалізацыі”: “Калі нехта скажа, што ў Беларусі квітнее ці то антысэмітызм, ці то мы прыгнятаем тут мусульманскае насельніцтва, вы гэтаму ня верце. Гэта непрыяцелі, ворагі Беларусі. Толькі яны могуць казаць пра гэтую сьвятую зямлю, гэтую сьвятую дзяржаву, гэты сьвяты народ такія рэчы”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Вось што пра гэта думаюць удзельнікі форумаў:

“Я цягам доўгіх гадоў так і думала: быў, маўляў, дзяржаўны антысэмітызм, скончыўся – і адразу ж зьнік і побытавы. Гэтак усё й выглядае нібыта: мы паўсюль чытаем, што беларусы заўсёды лепей за расейцаў ды палякаў ставіліся да габрэяў. І вельмі сумна было чытаць дакумэнтальныя старонкі “Даніэля Штайна, перакладчыка” Уліцкай. Там зусім іншае вымалёўваецца”.

“Не каб проста пакаяцца... Маўляў, даруйце, змарозіў. Дык не...”

“Я часта быў у Бабруйску, у параўнаньні з суседзямі – Жлобін, Сьветлагорск, Гомель – Бабруйск быў сапраўды вельмі брудным і непрыемным горадам. І “Дажынкі” сапраўды яго ўратавалі, самі бабруйчане не нарадуюцца”.

Блогер Zhelezko апавядае пра дыягназ, які яму паставіў псыхіятар у ваенкамаце: “Спачатку яна запыталася, за што я прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, як напісана ў асабістае справе. “Які з чатырох артыкулаў вас цікавіць?”, – удакладніў я. Тая вырашыла тэму больш не чапаць і пацікавілася, чаму ў мяне няма анкеты і ліста вывучэньня. Я патлумачыў, што ў часе мінулага візыту палкоўнік паабяцаў даць усе дакумэнты для запаўненьня на беларускай мове. Крыху паразмаўляўшы са мною пра міжнародную палітыку й высьветліўшы погляды , мне выпісалі накіраваньне на дадатковае дасьледаваньне ў дурдом. Як сказала лекарка, яна ня хоча псаваць мне жыцьцё й пісаць у вайсковы білет дыягназ “хранічны псых”, бо на працу не ўладкуюся. І напісала значна мякчэй: "Дыягназ: рэакцыя апазыцыі".

Eolonir на сайце блогаў Позірк разважае пра тое, што будзе зь беларускай мовай, калі прымуць новы закон аб правапісе: “...Карыстальнікі ж Беларускага Сеціва ды незалежныя рэсурсы, што ствараюцца празь іх, застануцца як былі. Прымусіць іх раптоўна перайсьці на новы правапіс немагчыма: для гэтага ўладзе трэба мець маральны аўтарытэт, а беларускай мове блогеры вучыліся НАСУПЕРАК уладзе. 21-е стагодзьдзе – стагодзьдзе электронных мэдыяў, сымбіёзу прафэсійнай журналістыкі ды блёгінгу. І Беларусь гэта не абміне, прыватызацыя «Белтэлекаму» ды лібэралізацыя рынку сувязі не за гарамі. Ужо зараз любы чалавек з дасягам да Сеціва можа стварыць свой рэсурс БЯСПЛАТНА пры дапамозе сафта з адкрытым кодам. І нарэшце, калі ў мове існуе некалькі стандартаў, гэта выбар не заканадаўцаў (і тым болей не “палаткі”), а тых, хто карыстаецца з тае мовы. Калі ў беларускім грамадзтве складзецца стала некалькі суполак людзей, якія ПРАЗ СВОЙ УЛАСНЫ ВЫБАР будуць стала карыстацца зь некалькіх стандартаў правапісу: тарашкевіцы кірылічнае ды лацінічнае, наркамаўцы, лукамолаўцы – заканадаўцам нічога не застанецца, як кадыфікаваць усе стандарты як «ахвіцыйныя». На большае яны права ня маюць”.

Блогер m_panin дзеліцца з чытачамі сеткавага дзёньніка ўражаньнямі ад прагляду мюзыкла “Прарок”, які паказваюць гэтымі днямі ў Менску: “Я ведаў, што мне не спадабаецца, таму не расчараваўся нават. Кепскія вершы, папсовая музыка, шмат ілжывага патасу. Музыку ня гралі жыўцом. Розных артыстаў было па-рознаму чуваць. Але ўсё гэта дробязі перад адсутнасьцю ўцямнага сюжэту. Па тэксьце ідзе пералічэньне “бітых месцаў” і банальнасьцяў: пра каханьне, пра нешта яшчэ... Уразілі розныя ўстаўленыя цыркавыя нумары. Прыгадваю мюзыкл на ролікавых каньках “Starlight express”, які я бачыў у Нямеччыне. Там было шмат вельмі добрага тэатру. Быў цікавы галоўны пэрсанаж, які, паводле амэрыканскай традыцыі, пераадольваў усіх і самога сябе, узносіўся да вяршыняў грамадзкага прызнаньня. Была інтрыга. У “Прароку” тэатру жахліва мала. Шмат эстрады, шмат цырку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG