Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзеваму актывісту А.Фінькевічу выставілі новае абвінавачаньне


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывісту “Маладога фронту” Артуру Фінькевічу, які адбывае “хімію” ў Магілёве, выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога актывісту пагражае зьняволеньне да 3 гадоў.

Пра тое, што міліцыянты затрымалі Артура Фінькевіча, паведаміла рэдактарка газэты “Магілёўскі час” Ганна Ільіна.

Журналістка спаслалася на сёньняшні званок чалавека, разам зь якім у Магілёве Артур Фінькевіч адбывае два гады за палітычныя графіці.

“Ад Фінькевіча пазваніў сябар, які разам зь ім на хіміі, і сказаў, што яго толькі што затрымалі, а потым будзе суд”, — кажа Ільіна.

За якое парушэньне завялі крымінальную справу, Ганна Ільіна ня ведае. Аднак вядома, што апошнім часам адміністрацыя папраўчай установы, дзе адбываў пакараньне Артур Фінькевіч, узмацніла ціск на актывіста.

“Апошнім часам на яго ціснулі, праводзілі ў яго ператрусы, усё спрабавалі спыніць нібыта ягоныя парушэньні рэжыму на той “хіміі”, — кажа Ільіна.

Апоўдні стала дакладна вядома, што на Артура Фінькевіча завялі крымінальную справу — за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня.

Актывісту пагражае ад 1 да 3 гадоў зьняволеньня. Гэтыя зьвесткі паведаміла магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю адвакат Фінькевіча. Барыс Бухель кажа:

“Я цяпер зь ёй гаварыў, яна зь ім будзе сустракацца ў аўторак. Раней не атрымліваецца. А ён адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчых без адваката”.

Паводле зьвестак Барыса Бухеля, парушэньне, з-за якога завялі справу на Артура Фінькевіча, адбылося раніцай 26 кастрычніка.

У Магілёўскай спэцкамэндатуры адмовіліся ўдакладніць, што дакладна парушыў Артур Фінькевіч.

У чатыры гадзіны дня Артура Фінькевіча трымалі ў Кастрычніцкім райаддзеле ўнутраных справаў Магілёва. Гэта “Свабодзе” пацьвердзіў сьледчы Аляксандар Ліскавец, які вядзе справу.

Міліцыянт сказаў, што Артура Фінькевіча перавязуць у Магілёўскі сьледчы ізалятар, дзе будуць трымаць да суду. Якое дакладна парушэньне ўчыніў актывіст, сьледчы не паведаміў.

Нагадаем, Артур Фінькевіч быў пакараны на 2 гады “хіміі” за графіці палітычнага зьместу. Суд прызнаў яго вінаватым у напісаньні лёзунгаў “Дастаў!” ды іншых, якія зьявіліся ў Менску за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.


• Артур Фінькевіч: “Улада спрабуе пашырыць геаграфію рэпрэсій”, 29.09.2007 • Магілёў: скаргі Артура Фінькевіча не задаволеныя, 3.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG