Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• У Шклове толькі тры вуліцы захавалі свае гістарычныя назвы


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Апошнія пятнаццаць гадоў яго згадваюць выключна ў зьвязку з тым, што тут радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Між тым, гэты горад на Дняпры вядомы ад дзясятага стагодзьдзя. У розныя часы ён належаў вядомым беларускім магнатам і дзяржаўным дзеячам: Гаштольдам, Хадкевічам, Сіняўскім, Чартарыйскім. Тут быў тэатар Зорыча, тут выдавалі габрэйскія кнігі. Ці адгукаецца мінулае Шклова ў назвах ягоных вуліцаў?

Шклоў меў магдэбурскае права, а значыць, быў эўрапейскім местам. Тут была і ёсьць ратуша. Побач з Спаса-Прэабражэнскай праваслаўнай царквой – каталіцкі касьцёл Пятра і Паўла.

Шклоў тры разы мяняў сваё месца знаходжаньня. Яго ня раз руйнавалі спачатку швэды, потым расейцы, але ён адраджаўся.

Гаворыць шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна:

“Старажытнасьць закранае ў чалавеку нейкія свае своеасаблівыя пачуцьці, тонкія душэўныя струны. Шклоў мае шмат назваў з савецкага часу. Асабіста мне хацелася б, каб у нас адрадзілася такая назва, як Аршанская застава. У паўднёвай частцы гораду назвы Карпілаўка ды Азярышча. Што да назваў – яшчэ трэба вярнуць імёны людзей, якія шмат зрабілі для нашага гораду, зрабілі яго знакамітым”.

У сучаснай шклоўскай гарадзкой тапаніміцы засталіся толькі тры вуліцы, якія захавалі свае гістарычныя назвы. Расказвае Аляксандар Грудзіна:

“Гэта вуліца Дняпроўская, тут знаходзіўся жаночы Ўсьпенскі манастыр, ён не захаваўся. Захавалася і яшчэ адна вуліца, гэта вуліца Паштовая. Захавалася назва і вуліцы Ганчарнай”.

Са спадаром Грудзінам падыходзім да касьцёлу Пятра і Паўла:

“Цяпер гэта дзейны, адноўлены касьцёл. Ён знаходзіцца на вуліцы Луначарскага. Але раней гэтая вуліца называлася Касьцельнай”.

Некалі Шклоў складаўся на 80 працэнтаў з габрэяў. Аляксандар Грудзіна камэнтуе:

“Шклоў мае велізарныя габрэйскія традыцыі. Вось гэта частка гораду, дзе жыла бальшыня габрэяў, атрымала назву неафіцыйную Габрэйская палова. У Шклове было дзьве вялікія сынагогі і сямнаццаць малітоўных дамоў”.

У Шклове ёсьць сваё народнае месца. Завецца яно Рагатка. Тут сыходзяцца пяць вуліц. Раней там быў прыватны сэктар і шынок. Цяпер Рагатку ўпарадкавалі. На ёй месьцяцца ашчадная каса, рынак, шмат крамаў ды аўтавакзал.

А што думаюць пра вяртаньне гістарычных назваў вуліц шараговыя шклоўцы? Вось некаторыя адказы:

“Старыя назвы вуліц, канечне, можна. Ніхто супраць ня будзе”.

“Вось у нас ужо ёсьць Янкі Купалы, 11 ліпеня, таксама Старая вуліца. У прынцыпе было б і дужа добра, калі б пераймяноўвалі вуліцы паводле нашых беларускіх пісьменьнікаў. Да нас таксама турысты прыяжджаюць. Канечне, будуць прыяжджаць: цікава ім паглядзець на Шклоў. Зрабілі яго маленькім Парыжам”.

“Ведаю, што стары Шклоў разьмяшчаўся на старых мясьцінах. Я ня супраць, каб вярталі старыя назвы вуліцам, пра тое я шмат ня ведаю”.

У жніўні да афіцыйнага Дня беларускай пісьменнасьці ў Шклове зьявіліся вуліцы імя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ці плянуе гарадзкая ўлада падоўжаць працэс перайменаваньняў вуліц? Вось што адказалі ў аддзеле ідэалягічнай работы:

“Гэта з нагоды 125-годзьдзя. Вы ж ведаеце, адмыслова плян быў складзены. Загадзя было прадумана. Таму ў нас Янкі Купалы і Якуба Коласа. А так ня ведаю, не магу вам сказаць”.

Камэнтар грамадзкага рэдактара Лявона Вольскага:

Дзіўна, што для людзей беларуска арыентаваных ці, хучэй, дэмакратычна арыентаваных Шклоў – гэта такі нейкі ненавісны горад, маўляў, адсюль усё пайшло… Насамрэч, усё па-іншаму. На Магілёўшчыне я быў яшчэ падчас студэнцкай “бульбы”, дык тады ў вёсках размаўлялі (зараз ня ведаю: мо ўсе памерлі?) на дзіўна літаратурнай беларускай мове.

Дзяржава ня хоча, каб грамадзянін стаў ужо такі разумны і ва ўсім так моцна разьбіраўся. Ёй трэба, каб ён працаваў, каб плаціў падаткі, адпачываў – глядзеў тэлевізар. Бо лепей працаваць зь людзьмі, якія ня вельмі задумваюцца. Дзеля чаго дзяржава думае: чым чалавека заблытаць? Масу, канечне, тэлевізарам.

Тут яшчэ дадаецца гэты незразумелы калгасны лад. Для мяне ён суцэльны мінус: занадта моцна цягне народ назад. У мястэчках кшталту Шклова, Петрыкава, ды і заходніх таксама (зараз розьніца сьціраецца), невыпадкова пераважае нейкая калгасная мэнтальнасьць: ай, ні да чаго справы мне няма, вось зараз добра, і абы далей так жылося, бо ў вайну было кепска!

Мэнтальнасьць заганная, таму што не стваральная. Рэдкія адзінкі ў глыбінцы хочуць нешта зрабіць, дбаюць там пра музэі і гэтак далей, выпінаюцца, аднак маса іх лічыць паўвар’ятамі.

Разам з тым ня ўсё так беспрасьветна, як падаецца. Я думаю, выправіць гэта даволі лёгка.

Нават шмат чаго выправілася за такія можа быць нягеглыя, можа быць няправільныя, можа быць нейкія каструбаватыя шляхі беларусізацыі, якія былі ў 1990-х. Усё ж такі мы крышачку далей сталі ад Саветаў дзякуючы тым часам.

Калі нешта падобнае будзе працягвацца дзесяць гадоў ці нават болей, яно дасьць неацэнны плён.

І галоўнае – зьнікне гэтая дурнаватая калгасная мэнтальнасьць.


У Шклове вуліцу Савецкую пераймянуюць на адзін дзень, 31.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG