Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• “Пра яцьвягаў нічога ня можам сказаць, і пра нас могуць ня ўспомніць…”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якіх палітыкаў ведаюць гарадзенцы і наколькі іх цікавяць палітычныя падзеі й лёсы краіны? Пра гэта наш карэспандэнт размаўляў з жыхарамі гораду.

Карэспандэнт: “Першым нашым суразмоўцам стаў сталы спадар, які сказаў, што ведае прозьвішчы ўсіх палітыкаў, якіх паказваюць па тэлевізары, паколькі ён заўжды глядзіць навіны. Але нас, перш за ўсё, цікавіла беларуская палітычная сцэна”.

Сталы спадар: “У Беларусі самы вядомы палітык Лукашэнка. Хто яшчэ?”

Карэспандэнт: “Цяжка назваць?”

Сталы спадар: “Так, у Беларусі цяжка назваць яшчэ. Ён яўны лідэр”.

Карэспандэнт: “Іншыя палітыкі незаўважныя?”

Сталы спадар: “Ёсьць, але яны вельмі слабыя супраць яго”.

Карэспандэнт: “Якіх палітыкаў вы ведаеце?”

Дзяўчына: “Біл Гейтс, па-мойму, гэта з амэрыканскіх…”

Карэспандэнт: “А беларускіх можаце назваць?”

Дзяўчына: “Вой, цяжка адказаць на гэтае пытаньне”.

Сталы спадар: “Я свайго называю — Лукашэнку, гэта наш бацька”.

Карэспандэнт: “Іншых у Беларусі палітыкаў Вы назваць ня можаце?”

Сталы спадар: “У Беларусі? Чаму? Яшчэ намесьнік Лукашэнкі, як яго, прозьвішча забыўся. У Беларусі норма, нармальна пакуль, а далей паглядзім на сваіх саюзьнікаў. Я вярнуўся толькі з Расеі, у Расеі бруднавата трохі”.

Карэспандэнт: “Апроч Лукашэнкі, вы яшчэ беларускіх палітыкаў ведаеце?”

Дзяўчына: “Твары многія пазнаю, але прозьвішчы ня ўспомню”.

Карэспандэнт: “Гэтая дзяўчына сказала, што яе заўжды цікавяць выбары, напрыклад, ва Ўкраіне. Цікавіць перадвыбарчая барацьба. Што датычыць Беларусі, дык тут у гэтым сэнсе нічога цікавага не адбываецца, тут усё прадугадана, сказала гэтая дзяўчына”.

Спадар: “На слыху ў мяне Казулін, таму што ён па-сапраўднаму лідэр, які варты ўвагі. У яго будзе будучыня, калі мы яго не забудзем, калі народ не забудзе. А калі пра гэта ня будуць памятаць, ягоная палітычная зорка закоціцца”.

Спадар: “Ну вось самы галоўны палітык наш прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч. Яшчэ не забыліся прозьвішча Мілінкевіч, не забыліся яшчэ Пазьняка, хоць і ня ведаем: што і дзе, і як складваецца яго лёс, а хацелася б”.

Карэспандэнт: “Вас цікавіць, чым ён займаецца?”

Спадар: “Мяне цікавіць увогуле ня лёс асобнага палітыка, а лёс краіны”.

Карэспандэнт: “А ці шмат людзей вакол Вас, якіх таксама турбуе гэта?”

Спадар: “Дастаткова шмат, я думаю, проста пра гэта, ведаеце, не прынята гаварыць. У нас увогуле палітыка ніколі не заахвочвалася і цікава гістарычна склалася, што ў Беларусі фактычна любая ўлада не была для людзей: крыжакі, французы, немцы, палякі, саветы, і ў людзей на працягу стагодзьдзяў выпрацаваўся імунітэт”.

Карэспандэнт: “Я зразумеў, вы лічыце, што мала людзей турбуюць палітычныя пытаньні, лёс Беларусі?”

Маладая спадарыня: “Так, мала. Таму што нас турбуе асабістае жыцьцё, адсутнасьць жыльля, не хапае грошай. Нам толькі застаецца спадзявацца, што ў Беларусі будзе лепей”.

Спадар: “Справа ў тым, што калі мы гаворым пра беларускасьць, мы забываемся на адну акалічнасьць: я ня думаю, што беларусы разумнейшыя за іншыя нацыі, папросту кожная нацыя змагаецца за сваё выжываньне. Скажам, як мы нічога цяпер ня можам сказаць пра яцьвягаў, на зямлі якіх мы жывем, можа прыйсьці час, калі ніхто нічога не згадае і пра нас”.

Камэнтар грамадзкага рэдактара Лявона Вольскага:

Трохі ранейшыя выбары. Еду ў аўтобусе, дзе агрэсіўнае ядро складалі яшчэ бадзёрыя пэнсіянэры. Яны пачыналі размаўляць пра палітыку: большасьць, безумоўна, у адзін бок, але ўсё роўна трапляюцца і актывісты дэмакратычнага накірунку, беларускай арыентацыі. Пачынаюць лаяцца, і нехта нарэшце гучна падводзіць рысу: “А я пошел и за Ельцына прагаласаваў!”

Зь цягам часу сытуацыя мала мяняецца. Зорка вялікага палітычнага маштабу (ды й іншых таксама) ў Беларусі як бы адна, і яна пільна сочыць, каб сытуацыя не мянялася. Ну, нашых жа не паказваюць, пра іх гавораць толькі ў абразьлівых перадачах, аналітычных, так бы мовіць. Яшчэ хто інтэрнэтам карыстаюцца, дык ведаюць Лябедзьку, хтосьці болей Мілінкевіча…

Таму ў размове карыстаюцца больш тым, што бачаць. А глядзяць часьцей расейскае.

У выніку – абсалютна зблытаныя арыентыры: дзе мы жывем, што гэта за тэрыторыя…

Праз пару крокаў Польшча ўжо – да Беластоку сорак якіхсьці кілямэтраў. Там ужо зусім іншыя палітыкі, але ж іх пераважная большасьць зусім ня ведае. Амаль як сваіх.

Карацей, надзвычай сур''ёзная заблытанасьць, якую для людзей запатрабуецца разблытваць даволі доўга. Бо гэтыя людзі можа й хочуць быць заблытаным: вось вядзі іх некуды, паказвай – тады будуць ажыўлена карыстацца ў спрэчках ды размовах тым, што ім паказалі і сказалі, што нібыта так толькі і трэба рабіць…Нават не загадалі, а проста мякка ўказалі: вось так ідзіце! Праз тэлевізію, радыё, іншыя сродкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG