Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Агляд беларускага Інтэрнэту Дзьмітрый Падбярэзскі, Менск

Сайт Беларускіх навінаў паведаміў сёньня: гомельскія грамадзкія актывісты зьвяртаюць увагу гарадзкіх уладаў на тое, што на некаторых установах і адміністратыўных будынках вісяць сьцягі невядомых краінаў. 24 кастрычніка яны зафіксавалі два выпадкі, калі на адміністратыўным будынку і галоўным корпусе мэдунівэрсытэту віселі сьцягі, якія толькі нагадвалі беларускія. Над будынкам адміністрацыі Цэнтральнага раёну гораду ўчора лунаў сьцяг з чырвонай палосай унізе і зялёнай — зьверху. Актывіст моладзевага руху Зьміцер Жалезьнічэнка зрабіў запіс у кнігу заўваг і прапаноў адміністрацыі Цэнтральнага раёну аб недапушчальнасьці зьдзекаў над дзяржсымболікай, пасьля чаго супрацоўнікі МНС зьнялі сьцяг з зялёнай палосай зьверху і павесілі правільны. На сайце нехта Аляксандр Аляксандровіч піша: «Спадарства! Вашыя аб''явы ў транспарце аб тым, што пасажырам у выпадку аварыі неабходна выходзіць праз столевыя люкі, трымацца за парэнчы, задалбалі. Па-першае, аб''явы павінны гучаць і на расейскай мове, ня ўсе разумеюць, што гэта за столевыя люки, а трымацца за парэнчы — тлумачыць ня трэба. Лепш бы ўключылі расповеды пра гісторыю разьвіцьця грамадзкага транспарту, пра будучыя павышэньні коштаў, апошнія навіны з жыцьця дзяржавы, гораду. Не ўсе выпісваюць газэты — усё больш карысьці».

Карыстальнік Hipnotyupp ва ўласным дзёньніку сёньня пазначыў: “Мы ўжо звыкліся з думкай, што за перапланіроўку менскай кватэры могуць даць ад 300 тысяч да 1,5 млн. рублёў, але надоечы мяне зусім засмуцілі! Мой Першамайскі ЖЭС сказаў: "Здыміце, маўляў, вашую антэну. Альбо мы перадамо ў суд за перапляніроўку". Сьмешна! Ва ўсіх яны стаяць, але яны па ходу нада мной прыкалваюцца. Пашукаў інфу. Аказваецца, таго закону пра спадарожнікі, пра які даўно казалі, нават не прынялі ў выніку!»

У камэнтарах да ягонага допісу пазначаюць. artureg: “Чаму зьдзіўляцца? Нармальная практыка ў нашай дзяржаве, дый, думаецца, што на ўсёй пасьлясавецкай прасторы». micolik: “Пачытаў тут артыкульчык. Там зразумела, што ніфіга не зразумела! Відаць, трэба ціснуць на ЖЭС тым, што антэна усталявана яшчэ да моманту прыняцьця гэтага палажэньня аб перапланіроўцы».

Блогер Незалежны Беларус у актывізуе дыскусію адносна падрыхтоўкі да Сацыяльнага маршу ў Менску. У адказ яму вядомы блогер l_u_f_t адзначае: “Цуд які! Не-е-е, пакуль Зянон не прыедзе і пару публічных пакараньняў не правядзе, нічога ня будзе». shrek3: “Трымайцеся зпт танкi Зянона ужо на мяжы зпт зараз праходзяць мытню тчк”. ullenshpigel: “Прадукцыя насамрэч была. Проста фінансаваньне , мякка кажучы, саступае ў разы Эўрамаршу... Таму і з прадукцыяй, дакладней, з тым, як яна трапляе да людзей, лажа». jek_hor: “Знаходзіла б ідэя водгук у сэрдцах людзей — і ўлёткі непатрэбныя былі б». no_mad: “Цікава, у 1995-97 гадах хадзілі па прасьпэкту з ускрайку Менску ў цэнтар, а цяпер наадварот — з цэнтру на ўскраіну. А то й наогул па Сурганава на роўнай адлегласьці ад цэнтру. Няправільная тэндэнцыя, зусім няправільная. Наступны марш будзе ад Ангарскай да Ўручча ўздоўж кальцавой?» Сяргей Гутарэчвіч на сайце навінаў з усіх куткоў піша пра анэкдатычны выпадак на Быхаўшчыне. Жыхар Быхаўскага раёна затрыманы за махлярства: мужык знайшоў у хаце купюру ў 500 тысяч рублёў 1998 года і вырашыў зноў пусціць яе ў "абарачэнне": у краме заплаціў старой купюрай за некалькі бутэлек спіртнога і прыстойную закуску да напояў. Падман раскрыўся пасля таго, як паўмільёна "старымі" рублямі трапілі з выручкай у адзін з магілёўскіх банкаў. На тое, каб устанавіць асобу прадпрымальнага пакупніка, міліцыі спатрэбілася амаль два месяцы. Сам жа вясковец, калі да яго прыйшлі, не адмаўляў сваёй віны: маўляў, знайшоў выпадкова, купюра была амаль што новая, спакусіўся на дармавыя грошы. Цяпер у дачыненні да махляра вядзецца крымінальная справа. Пад адрасам пачаў працаваць новы сайт. На галоўнай старонцы сайту можна прачытаць: «Запісы на гэтым сайце разьмешчаны толькі для знаёмства з лепшымі беларускімі бардамі. Падтрымлівайце сваіх любімых выканаўцаў, па магчымасьці набывайце іх ліцэнзійныя дыскі!”. На гэтым сайце зьмешчаны МР-3 вэрсіі запісаў у выкананьні такіх беларускіх бардаў, як Андрэя Мельнікава, Сяржука Сокалава-Воюша, Вальжыны Цярэшчанкі, Віктара Шалкевіча, Зьміцера Бартосіка, Алеся Камоцкага, Эдуарда Акуліна, Тацьцяны Беланогай ды іншых.

На гэтым “Начная аблога” разьвітваецца з вамі. Тут быў Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся!..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG