Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльны марш пройдзе дазволеным уладай маршрутам


Ганна Соўсь, Менск Аргкамітэт Сацыяльнага маршу прыняў рашэньне правесьці акцыю паводле маршруту, прапанаванаму Менгарвыканкамам – шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Пра гэта Свабодзе заявіў старшыня аргкамітэту акцыі намесьнік старшыні Партыі камуністаў беларускай Валеры Ухналёў.

Менскія ўлады не дазволілі арганізатарам Сацыяльнага маршу правесьці яго па заяўленым маршруце – шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі. “Галоўнае для нас – гэта не маршрут (хаця гэта таксама важна), а тое, каб на акцыю прыйшло як мага болей людзей”, – кажа старшыня аргкамітэту Валеры Ухналёў.

“Ёсьць людзі, якія ўсё роўна пойдуць на Кастрычніцкую плошчу”

Сёньня на паседжаньні аргкамітэту большасьцю галасоў было прынятае рашэньне пагадзіцца з прапанаваным менскімі ўладамі маршрутам.

“Гэта збор людзей на пляцоўцы каля Акадэміі навук і праход маршам да парку Дружбы народаў, дзе будзе праходзіць мітынг”.

Соўсь: “І такога варыянту як пры правядзеньні Эўрапейскага маршу, калі людзей пераводзілі з Кастрычніцкай плошчы, таксама ня будзе?”

Ухналёў: “З улікам таго, што мы давалі абвесткі ў сваіх інтэрвію, што пададзеная заяўка на Кастрычніцкую плошчу, думаю, што не да ўсіх дойдзе інфармацыя, што памянялася месца збору. Я ведаю, што ёсьць людзі, якія ўсё роўна пойдуць на Кастрычніцкую плошчу. Таму мы вырашылі, што мы будзем з гэтымі людзьмі працаваць далей. А тыя, хто прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, то мы такім жа чынам, як на падчас Эўрапейскага маршу, будзем рабіць усё, яны каб мірна, спакойна прайшлі на пляцоўку ля Акадэміі навук”.

”Трэба знаходзіць пэўны кампраміс”

Адзін з сяброў аргкамітэту старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пры галасаваньні за дазволены ўладамі маршрут устрымаўся. Паводле яго, было прынятае рашэньне толькі аб зборы на пляцоўцы ля Акадэміі навук, што да далейшага маршруту, то яго яшчэ трэба ўзгадняць, лічыць Анатоль Лябедзька.

“Адна праблема – як спалучыць актыўнасьць ужо актыўных людзей і разам з тым прыцягнуць да акцыі тых, хто раней ніколі не прыходзіў на вулічныя мерапрыемствы. Гэта найвялікшая задача. І тут трэба не згубіць тых, хто заўсёды на працягу многіх гадоў дэманстраваў сваю прыхільнасьць дэмакратычным поглядам, пазыцыям, настойлівасьць. Гэта вельмі важна. І тут трэба знаходзіць пэўны кампраміс”, – лічыць Анатоль Лябедзька.

Сацыяльны Марш мае адбыцца ў нядзелю 4 лістапада. Акцыя скіраваная супраць скасаваньня ільготаў і мае на мэце зьмену сацыяльнай палітыкі ў краіне. Арганізатары запрасілі на яе прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, намесьніцу кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Пяткевіч, старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка ды іншых урадоўцаў.

• У нядзелю — шэсьце на Дзяды, яшчэ праз тыдзень — Сацыяльны марш, 22.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG