Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: пачаўся суд над лідэрам прадпрымальнікаў А.Васільевым


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Пінскі гарадзкі суд пачаў разгляд адміністрацыйнай справы лідэра прадпрымальнікаў Аляксандара Васільева. Яго вінавацяць ў арганізацыі 2 кастрычніка незаконнага сходу на калгасным рынку ў Пінску і агітацыі да ўдзелу ў агульнабеларускім страйку. Аляксандар Васільеў абвяргае абвінавачаньне.

На судовае паседжаньне прыйшлі сябры Аляксандара Васільева, яго паплечнікі ў грамадзкім аб’яднаньні “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, журналісты. Зь Віцебску прыехаў праваабаронца Валеры Шчукін.

Прысутнасьць у судзе групы падтрымкі дазваляла трымацца ўпэўнена

Аляксандар Васільеў кажа, што прысутнасьць групы падтрымкі дазваляла яму трымацца ўпэўнена:

“Яны малайцы, канешне. Я ж так судзьдзі і заявіў: “Усё, што будзе прамоўлена ў судзе, будзе апублікавана. Як можна мяне абвінавачваць у арганізацыі незаконнага сходу, калі прадпрымальнікі знаходзіліся на сваіх працоўных месцах?! Ну, судзьдзя: пык-мык, пык-мык:”Мы пераносім разгляд справы”.

2 кастрычніка зь ініцыятывы грамадзкага аб’яднаньня “За Свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” у Беларусі адбываўся аднадзённы страйк прадпрымальнікаў. Аляксандар Васільеў удакладняе:

“2 кастрычніка на калгасным рынку ў Пінску сабраліся прадпрымальнікі. Натуральна, што і я прыйшоў. Выступіў. Тады ж прыехалі мясцовыя падпалкоўнікі КДБ. Адразу спрабавалі мяне затрымаць, але гэта ім не ўдалося. Пасьля даведваюся, што складзены пратакол. Мяне абвінавацілі ў арганізацыі сходу і агітацыі да страйку”.

Праваабаронцу В.Шчукіну забаранілі карыстацца дыктафонам

Сёньня суд у Пінску быў кароткі. Але не без канфлікту. Валеры Шчукін сьведчыць:

“Як праваабаронца, я мушу сачыць што адбываецца, дзе і як. Ну і падказаць, калі ёсьць патрэба. А мне судзьдзя забараніў карыстацца дыктафонам. Буду цяпер падаваць на яго скаргу”.

А вось якое меркаваньне Валеры Шчукіна па сутнасьці судовай справы:

“Гэтага чалавека абвінавачваюць у тым, што ён арганізаваў сход. Але ён – не арганізатар. Проста Аляксандар Васільеў тлумачыў людзям іхныя правы. Даводзіў: “Вы маеце права на страйк!”. Казаў: “Вось Канстытуцыя, дзе пра гэта напісана. Глядзіце, чытайце”. А ў судзе яго цяпер вінавацяць: “Ты арганізаваў!”.

Аляксандару Васільеву 39 гадоў. Ён зьяўляецца сябрам аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За Свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Сёлета за ўдзел у грамадзкіх акцыях пратэсту Аляксандар Васільеў падвяргаўся арыштам на 15, 7 і 5 сутак.

• В.Гарбачоў: “У страйку ўдзельнічаюць 30 000 прадпрымальнікаў”, 2.10.2007 • Пінск: асуджаны лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў,17.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG