Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўстаў камітэт у абарону Зьмітра Дашкевіча


Любоў Лунёва, Менск Камітэт у абарону Зьмітра Дашкевіча будзе змагацца за вызваленьне палітвязьня. Зьміцер адбывае паўтара году зьняволеньня ў шклоўскай турме за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Цяпер хлопцу пагражае яшчэ паўгоду турмы за адмову сьведчыць супраць сваіх сяброў.

Напярэдадні судовага разгляду крымінальнай справы супраць сустаршыні “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча актывісты незарэгістраванай арганізацыі вырашылі паскорыць працу дзеля вызваленьня палітвязьня.

На паседжаньні Камітэту, у якім возьмуць удзел вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы й праваабаронцы, прымуць дакумэнты й звароты да беларускіх уладаў і міжнароднай супольнасьці.

Нагадаем: Зьмітра Дашкевіча арыштавалі летась. Ад 15 верасьня мінулага году яго трымаюць пад вартай.

Пасьля крымінальнай справы супраць актывістаў “Партнэрства”, са справы Зьмітра Дашкевіча распачаўся судовы перасьлед каля дзясятка актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Больш за год супрацоўнікі КДБ і пракуратуры робяць ператрусы і выклікаюць на допыты маладафронтаўцаў у Менску і ў рэгіёнах. Апыталі дзясяткі іх знаёмых і аднаклясьнікаў.

Сьледчы ў крымінальнай справе супраць кіраўніка салігорскай філіі “Маладога фронту” Івана Шылы ініцыяваў новую крымінальную справу Зьмітра Дашкевіча, бо той не пагадзіўся сьведчыць супраць сваіх сяброў.

Справу распачалі, нягледзячы на тое, што раней у судовай практыцы да адказнасьці на падставе такога абвінавачаньня нікога не прыцягвалі.

Паплечнік Зьмітра Дашкевіча Валер Мацкевіч паведаміў “Свабодзе”:

“На маю думку, падтрымліваць Зьмітра Дашкевіча тым, што мы стаім у ланцугах з партрэтамі, што ў Дзень салідарнасьці ставім сьвечкі, што робім нейкія заявы — гэта ўсё добра, але гэтага вельмі мала.

Гэта тая нязначная частка, якая пакуль не ўплывае на сытуацыю. Мы бачым, што ўлады на гэта абсалютна не рэагуюць. Трэба цяпер рабіць нешта вельмі тэрмінова і нешта вельмі ўплывовае, каб у гэтай новай крымінальнай справе не было працягу”.

Актывістка Людміла Атакулава дадала:

“Зьмітру цяпер пагражае новы тэрмін. Напэўна, ён сядзіць у турме за ўсю Беларусь, за ўсіх нас... Тыя маладафронтаўцы, якіх судзілі паводле гэтага артыкулу, атрымлівалі штрафы, а Зьмітру далі паўтара году. Калі яму дададуць яшчэ адзін тэрмін, то гэта будзе бесчалавечна. Таму мы імкнемся абудзіць грамадзкасьць і міжнародную супольнасьць”.

Выніковае паседжаньне камітэту пад старшынёўствам Аляксандра Мілінкевіча адбудзецца 24 кастрычніка.

• Крымінальную справу Зьмітра Дашкевіча перадалі ў пракуратуру, 10.10.2007 • Зьмітру Дашкевічу пагражаюць новым турэмным тэрмінам, 25.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG