Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дачыненьні Польшчы і Беларусі трэба зьмяняць, каб усім было лепш”


Міхал Карневіч, Горадня На Гарадзеншчыне многія ўважліва сачылі за парлямэнцкімі выбарамі ў суседняй Польшчы. Ці варта што-небудзь зьмяняць у беларуска-польскіх дачыненьнях? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да гарадзенцаў.

Спадар: “Я думаю, што так пытаньне наагул не павінна ставіцца. Яны нашыя суседзі, і мы павінны праводзіць зь імі палітыку добрасуседзкіх дачыненьняў. Вось толькі трэба найперш у сябе ў краіне парадкаваць — а палякі, думаю, самі разьбяруцца”.

Спадар: “Напэўна, зь беларускага боку іх варта зьмяняць у больш цывілізаваным адкрытым кірунку. Нам патрэбныя польскія інвэстыцыі, польскі досьвед у культуры й г.д. Адзінае, што я лічу: нельга дамаўляцца з дыктатарам”.

Спадарыня: “Трэба дружней нам жыць. Вось цяпер Туск перамог на выбарах, а Лукашэнкава ўлада нядаўна яго не пусьціла ў Беларусь. І што? Цяпер ім сорам, сорам ды ганьба”.

Спадар: “Трэба зьмяняць гэтыя дачыненьні ў лепшы бок, але не паміж урадамі, а паміж народамі, каб яны мелі магчымасьць разумець болей адны адных”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што па-суседзку трэба жыць неяк інакш, а не вылоўліваць тут палякаў, а каб яны маглі тут жыць і працаваць. А то ўсё прыдумваюць, што мы тут бомбы носім, ці яшчэ што-небудзь”.

Спадар: “Трэба зьмяняць стаўленьне да людзей, асабліва пры перасячэньні мяжы, дый у іншых выпадках. Толькі, наколькі я разумею, пры сёньняшняй уладзе гэта зьмяніць немагчыма”.

Спадар: “Наколькі я ведаю, дачыненьні й так дрэнныя. Настаў час зьмяніць іх на больш даверлівыя, братэрскія, добрасуседзкія”.

Спадар: “На мой погляд, трэба пачынаць зь нечага пазытыўнага. Вось прыехаў новы амбасадар у Менск з Варшавы — і пачынайце ад пачатку так, як гэта павінна быць па-суседзку. Ад гэтага ўсім будзе толькі карысьць”.

Спадар: “Як будуць лепшыя дачыненьні з Польшчай, то ўсім беларусам ад гэтага будзе лепей. Паглядзіце, якая чарга стаіць побач з польскім консульствам па візы. Вось канкрэтна, дзе палітыка адбіваецца на людзях. А трэба дачыненьні Польшчы і Беларусі зьмяняць з адной мэтай — каб усім было лепей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG