Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: бульба – “прыхаваны скарб”, які дапаможа змагацца з голадам у сьвеце


Радыё Свабода 19 кастрычніка, у Ўсясьветны дзень харчу, ААН абвясьціла пра пачатак Міжнароднага году бульбы.

У мінулым ААН ужо абвяшчала Міжнародныя гады міру, дыялёгу паміж цывілізацыямі, талерантнасьціі, сям’і, моладзі, пажылых людзей, пустэльняў, сьвежай вады... Аднак наступны год будзе прысьвечаны шырока вядомай і масава спажыванай, у тым ліку і беларусамі, бульбе. Абвяшчаючы “Міжнародны год бульбы”, ААН хоча прыцягнуць усясьветную ўвагу да гэтага сьціплага клубня, які можа дапамагчы ў барацьбе з голадам і беднасьцю.

Шмат для каго бульба ёсьць настолькі звычайнай рэччу, што абвяшчэньне “Міжнароднага году бульбы” можа падацца жартам. Аднак прадстаўніца Харчовага і сельскагаспадарчага ведамства ААН Эліса Годэр кажа, што ініцыятыва правядзеньня “году бульбы” ставіць перад сабою вельмі сур’ёзныя мэты, і што яе лёзунг будзе гучаць: “Прыхаваны скарб”.

“Сутнасьць ідэі Міжнароднага году бульбы палягае ў тым, каб дапамагчы бедным краінам усьвядоміць значэньне бульбы, прапагандаваць вырошчваньне гэтай гародніны і гэтак дасягнуць адной з важных мэтаў, пастаўленых ААН-аўскай “Праграмай тысячагодзьдзя” – палепшыць сытуацыю ў галіне здаровага харчаваньня і зьнізіць узровень беднасьці ва ўсім сьвеце”.

Бульба паходзіць з Паўднёвай Амэрыкі, з чылійскіх Андаў і выспы Хілоэ. У 16-м стагодзьдзі яна была завезеная ў Эўропу і першапачаткова выкарыстоўвалася ў якасьці дэкаратыўнай расьліны. Пасьля таго, як былі адкрытыя яе іншыя вартасьці, па загаду прускага імпэратара Фрыдрыха Вялікага і расейскага –Пятра Вялікага, бульбу пачалі вырошчваць на корм для хатняй жывёлы. Яе спажываньне значна павялічылася пасьля таго, як удалося знайсьці спосаб складваньня бульбы ў капцы, каб яна захавалася да вясны. У 19-м стагодзьдзі бульба стала адным з галоўных прадуктаў харчаваньня у Эўропе і па-за яе межамі – разам з кукурузай, пшаніцай і рысам.

Бульба вельмі калярыйная, багатая вуглеводамі і вітамінамі. Яна хутка расьце, лёгка капаецца, не патрабуе шмат дагляду ні нейкай адмысловай глебы. За апошнія 40 гадоў, спажываньне бульбы ў так званых краінах “трэцяга сьвету” павялічылася ўдвая, а Індыя і Кітай (а таксама Расея) сталі найбуйнейшымі вытворцамі бульбы. Бульбу ня толькі ядуць у самых розных варыянтах, але таксама яна выкарыстоўваецца ў вытворчасьці крухмалу і сьпірту.

У сытуацыі, калі колькасьць насельніцтва ў сьвеце расьце, а колькасьць ворнай зямлі і сельска-гаспадарчых пасеваў зьмяншаецца, трэба тым болей сур’ёзна ставіцца да патэнцыялу гэтага сьціплага клубня, лічаць экспэрты.

17 кастрычніка - Міжнародны дзень барацьбы зь беднасьцю, 17.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG