Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 19 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

У суполцы Жывога журналу “Беларуская палітыка” камэнтуюць навіну пра тое, што пасьля выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі адносна Бабруйску і габрэяў Ізраіль адклікаў дзеля кансультацыяў свайго амбасадара ў Беларусі. Сярод водгукаў на гэта наступныя:

“Малайцы габрэі, умеюць у позу станавіцца”.

“Ды хоць ты ненавідзь габрэяў (цыганоў, расейцаў, амэрыканцаў ці іншыя народы), май розум не выстаўляць свае комплексы на агульнае ганьбаваньне”.

“Просты калгасны хлопец. Палітэсу не навучаны. Ці варта зьдзіўляцца, што яго пасьля такіх прамоваў прымаюць толькі ў Маскве ды Тэгеране...”

Гэтая ж тэма актыўна абмяркоўваецца і на форуме парталу tut.by. Кика: “Канешне, так крута, як пра Гітлера, ужо ня будзе, але яшчэ пару разоў, як са Скарынам, тата мог бы і аджэгчы”.

serge_sp: “Ды адмажацца тата, не ўпершыню, скажа, што ён праваслаўны юдэй, што Скарына дапамагаў тору перакладаць, і наогул, калі крэдыт Ізраіль дасьць, дык усе вуліцы перайменуюць у ізраільскія гарады”.

Maverick: “Паважаю габрэяў. Моцны народ. Годны павагі. І яны прымушаюць сябе паважаць. А нам, беларусам, ужо ня локшыну на вушы вешаюць, а натуральна ў лайно апускаюць”.

Bullet: “Асноўны момант ва ўсім гэтым тое, што сказаць такое можа кожны пакрыўджаны жыцьцём, хто абвінавачвае ва ўсіх сваіх няўдачах габрэяў, іншаплянэцянаў і г.д., але не Прэзыдэнт Краіны”.

Карыстальнік insurhent распавёў, як ён праходзіў мэдкамісію ў ваенкамаце: “Наступным праходзiў стаматоляга. Iм аказаўся акурат той дзядзька, якi апошнi далучыўся да нашай размовы ў габiнэце псыхiятра. Дзядзька зьдзiвiў тарашкевiчаўскiм вымаўленьнем словаў "плëмба", "даляр", "Эўропа".

Пытаю: “Адкуль такое цудоўнае вымаўленьне?”

— “Свабоду” штодня слухаю...” Выходзiў я з ваенкамату са стойкiм адчуваньнем таго, што Зянон ужо наблiжаецца да межаў нашае Айчыны й ужо амаль з жаданьнем несьцi сьвятло беларускага слова ў камуфляжныя масы”.

Алесь Кавалёў піша на Сайце народных навінаў з усіх куткоў пра тое, што ўпершыню зруйнаваньне старога будынку ў Горадні ня выклікала пратэстаў насельніцтва: “Тут звычайна трымалі мясцовых дэмакратаў. Райаддзел міліцыі мясьціўся ў двухпавярховай камяніцы, якой прыблізна сто гадоў, але пераехаў у новы будынак. Спэцпрыёмнік стаяў у падворку, рабочыя з адбойнымі малаткамі вярнуліся, каб зраўнаць будынак зь зямлёю. У ім пад арыштам сядзелі многія гарадзенскія актывісты, перш за ўсё з БНФ, зь іншых партый, з Саюзу палякаў. Былы палітвязень і адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі пяць разоў апынаўся тут за кратамі, пачынаючы з 1999 году. Ахоўнікі яму расказвалі: у 1930-я гады ў камяніцы была стайня, якую ператварылі ў вязьніцу. Паводле Леванеўскага, умовы там горшыя, чым у турме, у якой ён апынуўся пазьней за сваю палітычную дзейнасьць. Гэта папросту сьвінушнік, гаворыць Валеры”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG