Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воранаўшчына: “Цяпер Расея можа нас акупаваць, а захоча — то й задушыць”


Міхал Карневіч, Воранаўскі раён Заходняя ўскраіна Гарадзеншчыны: мяжа зь Літвой. У назвах вёсак — балцкія карані. Тут усё часьцей сустракаюцца каталіцкія касьцёлы, і толькі зрэдку — праваслаўныя цэрквы.

Райцэнтар Воранава — дагэтуль гарадзкі пасёлак, трохі больш за шэсьць тысяч жыхароў. Але, як і паўсюль на Гарадзеншчыне, невялічкая плошча з помнікам Леніну і ўнівэрмаг. Яшчэ абавязкова аўтавакзал і бойкі рынак.

А я ў майстэрні тутэйшага разьбяра, Казіміра Місюры. Ён ужо дзевяць месяцаў працуе над аднаўленьнем фрагмэнтаў алтара ХVІІ стагодзьдзя з фарнага касьцёлу ў Горадні.

Летась там уначы адбыўся пажар — не ўдалося ўратаваць скульптуры двух апосталаў і двух анёлаў.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Карэспандэнт: “Як вам працуецца, ці атрымліваецца нешта?”

Місюра: “Я спачатку баяўся, што, можа, ня дам рады зрабіць. Я вельмі добра разумею, што гэта за помнік, якія людзі яго рабілі й на якім узроўні”.

Карэспандэнт: “Спадар Казімір, што самае галоўнае ў такой працы?”

Місюра: “Тут безь любові рабіць нельга, таму што тут усё дакладна важнае”.

Спадар Казімір займаецца разьбярствам амаль усё жыцьцё, ён скончыў мастацкае аддзяленьне віцебскага інстытуту, быў адным з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай вучэльні ў Міры, выкладаў працоўнае навучаньне ў воранаўскай вучэльні.

Але працоўныя месцы заўсёды даводзілася пакідаць з-за таго, што не падзяляў з начальствам поглядаў — cпадар Казімір адзін з актыўных сябраў БНФ у Воранаве.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Карэспандэнт: “Майстар Богша рабіў алтар для гарадзенскага касьцёлу разам са сваімі вучнямі, а з кім працуеце вы?”

Місюра: “З майстроў толькі я адзін. Але на дапамогу запрасіў сваіх сяброў — Віктара Рэкіша з Магілёўскай вобласьці й свайго сына Ігара, ён таксама мастак, скончыў гарадзенскі ўнівэрсытэт”.

Карэспандэнт: “А вашая актыўная палітычная пазыцыя не перашкаджае ў працы?”

Місюра: “Думаю, што буду займацца грамадзкай справай значна менш, паколькі з нашай местачковай палітыкай і з вынікамі апошніх выбараў мне становіцца ўжо не цікава”.

Пра палітыку больш не гаворым. Я аглядаю працы разьбяра на паліцах: прыгожая дзяўчына; вельмі калярытны твар нейкага чалавека; гэта, безумоўна, Міцкевіч; а вось гэты юны твар, выцягнутыя рукі да неба... Высьвятляецца — Кастусь Каліноўскі. Такога Каліноўскага я раней ня бачыў.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Місюра: “Мне хацелася паказаць яго мужным, манумэнтальным, чалавекам духу, які можа нешта сказаць народу, выйсьці да яго... Мне хацелася зрабіць яго воінам, рыцарам...”

Карэспандэнт: “А як мясцовыя жыхары ацэньваюць вашу працу?”

Місюра: “Зь вялікай цікавасьцю ставяцца. Яны кажуць, што я для іх трохі незвычайны чалавек. Ім падабаецца, яны прыходзяць да мяне разглядаюць усё, а потым хваляць”.

У дзьверы да мастака пастукалі. Гэта ягоныя паплечніцы ў грамадзкай дзейнасьці, дзьве спадарыні. Шмат гадоў удзельнічалі ў выбарчых кампаніях, хадзілі зьбіраць подпісы за кандыдатаў ад БНФ, дзяжурылі на выбарчых участках, стаялі ў пікетах, самі вылучалі свае кандыдатуры ў мясцовыя саветы.

А цяпер на заслужаным адпачынку, адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці, але па старой дружбе заходзяць у майстэрню да спадара Казіміра, каб паразмаўляць пра жыцьцё.

Багдановіч: “Я Эля Багдановіч. Раней добра сьпявала, у валейбол добра гуляла, а цяпер — што я магу? Нічога. Праўда, яшчэ машынай кіраваць даю рады”.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Спадарыня Эля каля трыццаці гадоў адпрацавала выкладчыцай у вучэльні. Яшчэ некалькі гадоў таму разам з мужам займалася фэрмэрствам — яны мелі 27 гектараў зямлі. Але як муж памёр, яна пакінула гэты занятак.

Карэспандэнт: “Ці зарабілі вы хоць нешта на зямлі?”

Багдановіч: “Першыя гады было нічога, а потым — адныя страты. Дый цяпер, ведаю, усе фэрмэры стогнуць”.

Карэспандэнт: “Чаму, на вашу думку, у нашай краіне чалавек ня здольны зарабіць на зямлі?”

Багдановіч: “Паўсюдна ў сьвеце для сельскай гаспадаркі выдаюць танныя крэдыты, а ў нас не заўсёды можна такое атрымаць. Я, канечне, разумею, што мы ня ўмеем так гаспадарыць, каб было згодна з тэхналёгіямі. Але зь іншага боку — на гэта заўсёды не ставала сродкаў. Рабілі, як зазвычай — цяп-ляп, дзе кінуў, дзе ня кінуў...”

Спадарыня Эля жыве цяпер адна — праўда, яе наведвае ўнук і дачка, якія таксама жывуць у Воранаве, часта зь Менску тэлефануе малодшая дачка. Спадарыня разважае пра жыцьцё:

Багдановіч: “З аднаго боку, жыцьцё ў Беларусі не такое ўжо й дрэннае. А з другога боку, надакучыла хамства, хлусьня. Крычаць, што ў нас ўсё дзеля чалавека, а калі той чалавек за нечым прыйдзе, яму цяжка паразумецца”.

Карэспандэнт: “У Воранаве можна працу знайсьці?”

Багдановіч: “Вытворчасьці тут няма ніякай. Працу можна знайсьці толькі на рынку. Некаторыя пэнсіянэры езьдзяць у Вільню, гандлююць і так дарабляюць да пэнсіі. А шмат хто езьдзіць на працу ў калгасы, там падзённа заробак плацяць. Іншага выйсьця няма”.

Карэспандэнт: “А калі чалавек культурна захоча адпачыць?”

Багдановіч: “Маючы грошы, заўсёды знойдзеш дзе адпачыць. У нас працуе клюб для тых, каму за пяцьдзясят. Але я туды не хаджу, бо адна, няма ў мяне мужыка”.

Да нашай размовы далучаецца Марыя Багданава. Яна блізкая сяброўка спадарыні Элі, настаўнічала ў Воранаве, мае пэдагагічны стаж трыццаць гадоў. Цяпер таксама жыве адна.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Карэспандэнт: “Ці ня сумна вам на пэнсіі?

Багданава: “Так добра на пэнсіі, ня трэба нікуды сьпяшацца, а ўсё ж жыцьцё бягом, бягом... Я настаўнікам мовы была — сшыткаў шмат, то сход нейкі, то палітзаняткі... А цяпер адпачываю, хоць першы час было даволі нязвыкла — устаеш раніцай, і нікуды ня трэба ісьці”.

Карэспандэнт: “Ці адчуваеце вы клопат з боку дзяржавы?”

Багданава: “Ніколі я да дзяржаўных структураў не зьвярталася, старалася абыходзіць начальства бокам. Ды й цяпер я не адчуваю ніякага клопату з боку дзяржавы. Ніякага”.

Карэспандэнт: “Вы маеце льготы? Ці адчуеце, калі іх адменяць?”

Багданава: “На мне асабіста гэта ніяк не адаб’ецца, бо я іх ня маю. У мяне двухпакаёвая кватэра, я яе аплачваю, і ўсё”.

Карэспандэнт: “А што кажуць тыя пэнсіянэры, якія жывуць побач з вамі?”

Багданава: “Вы ведаеце, частка людзей радуецца, што льготы адмянілі”.

Карэспандэнт: “Чаму?”

Багданава: “Ведаеце, шмат хто атрымаў іх праз знаёмства”.

Карэспандэнт: “А вы асабіста як думаеце?”

Багданава: “Мяне асабіста гэта ня радуе. Дзецям колькі на транспарт трэба, і вельмі спачуваю студэнтам. Адукацыя цяпер платная, ды яшчэ нельга дахаты прыехаць на выходныя за паўцаны”.

Карэспандэнт: “Спадарыня Марыя, вы выкладалі беларускую мову й літаратуру — а ці гавораць у Воранаве па-беларуску?”

Багданава: “Сытуацыя зь беларускай мовай такая, як і паўсюль. Каб чуць мову, трэба на ёй найперш гаварыць самому, заўсёды — у крамах, на рынках. І людзі адкажуць”.

А цяпер я ў вёсцы Кунеі Воранаўскага раёну ў гасьцях у Пётры Кузьміча — кіраўніка мясцовага аддзяленьня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, якім кіруе Анжаліка Борыс.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Пётра Кузьміч жыве адзін, ён на пэнсіі, займаўся фэрмэрствам, але кінуў — яму не далі дастатковага надзелу зямлі. Мы сядзім у ягоным пакоі, а на двары ўвесь час па страсе цыбаніць дождж.

Карэспандэнт: “Спадар Пётра, дык як існуе ваша непрызнаваная ўладамі арганізацыя?”

Кузьміч: “Вось так і існуем. Трошкі ёсьць дзеячаў больш актыўных, дый людзі не адмаўляюцца ад прыналежнасьці да Саюзу палякаў — праўда, выступаць баяцца, як раней”.

Карэспандэнт: “Дык што цяпер робіць непрызнаны Саюз?”

Кузьміч: “Паколькі мы непрызнаныя легальна, то хоць так проста зьбіраемся. Да нас даходзіць газэта “Glos znad Niomna”, якая выдаецца за мяжой”.

Карэспандэнт: “А ці існуе ў вашым раёне той Саюз палякаў, які ўлады прызнаюць?”

Кузьміч: “Дзяржаўны Саюз палякаў існуе толькі на паперы, а так — каб ён быў жывы, то такога няма”.

Карэспандэнт: “Спадар Пётра, у вас у вёсцы так ціха, нікога не відаць…”

Кузьміч: “У нас у вёсцы ўжо нікога не засталося, адна толькі загадчыца фэрмы, якая яшчэ не на пэнсіі. Астатнія пэнсіянэры”.

Карэспандэнт: “А хто ж працуе на той фэрме, акрамя загадчыцы?”

Кузьміч: “Прыяжджаюць новыя людзі аднекуль — можна сказаць, качэўныя, пабудуць трохі й зьяжджаюць. Вось і цяпер адна такая сям’я ёсьць, але колькі яны тут прабудуць, бог іх ведае”.

Карэспандэнт: “А вось што да мэдычнага абслугоўваньня — раптам каму хуткая дапамога патрэбная?”

Кузьміч: “Тут не было такога, каб ехала хуткая дапамога, ніхто яе й ня кліча. Калі што здараецца, то ідзе чалавек да суседа, і той падвозіць альбо ў Воранава, альбо ў Забалаць”.

Карэспандэнт: “Вясёла тут ў вас...”

Кузьміч: “А што зрабіць — як бог даў, так і ёсьць”.

А цяпер я ў суседняй вёсцы Місевічы, у гасьцях у Браніслава Русіновіча. Яму ўжо за восемдзесят, ён быў сярод тых, хто арганізоўваў і ўзначальваў першы калгас, герой сацпрацы. Жыве ўдвох з жонкай, гаспадаркі не трымае, але пагутарыць зь людзьмі любіць. Кажа, што вельмі любіць чытаць.

Воранаўшчына, 19.10.2007. Падарожжы Свабоды

Карэспандэнт: “А якія кніжкі чытаеце, спадар Браніслаў?”

Русіновіч: “Найбольш гістарычныя кніжкі люблю”.

Карэспандэнт: “І якая гісторыя вас цікавіць?”

Русіновіч: “Польская й беларуская, бо я тут нарадзіўся, тут жыву, вядома ж, яна мне самая блізкая”.

Карэспандэнт: “Спадар Браніслаў, калі ня супраць, давайце пагаворым пра сучаснае. Вы жылі пры паляках, пры бальшавіках, самі ўзначальвалі калгас. Скажэце, ці шмат што зьмянілася ў вашым калгасе з таго часу, як краінай кіруе цяперашні прэзыдэнт?”

Русіновіч: “Як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, з таго часу нічога тут не зьмянілася. Праўда, стала менш дэмакратыі, хоць яе й так ніколі тут не было”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце, чаму ў 1994 годзе людзі прагаласавалі за Лукашэнку?”

Русіновіч: “Таму што гэтая наша апазыцыя — дурак, вы ім так і скажыце. Яны пачалі ўсё ачарняць. Я таксама быў камуністам, яны пачалі ачарняць і мяне”.

Карэспандэнт: “А што — яны павінны былі хваліць камуністаў?”

Русіновіч: “Я тады верыў камуністам, лічыў, што яны чэсныя людзі”.

Карэспандэнт: “А Лукашэнку цяпер верыце?”

Русіновіч: “Веру, таму што ён робіць практычна ўсё так, як кажа. Адзінае, я ня згодзен, што ён цалкам сканцэнтраваў сваю палітыку на Расею”.

Карэспандэнт: “А як правільна?”

Русіновіч: “Трэба было разьвіваць стасункі з усім сьветам. А так цяпер Расея можа нас акупаваць, а захоча — то й задушыць...”

Карэспандэнт: “Лукашэнка вінаваты?”

Русіновіч: “Ня толькі Лукашэнка, абодва бакі”.

Карэспандэнт: “А які другі бок?”

Русіновіч: “Вінаватая й апазыцыя”.

Карэспандэнт: “А яна ў чым вінаватая?”

Русіновіч: “У тым, што яна толькі трубіць аб тым, што ў нас няма дэмакратыі, а нічога ня кажа аб тым, што будзе рабіць, калі скінуць Лукашэнку. І як ім верыць, і як даведацца, што яны будуць рабіць?”

Карэспандэнт: “А ці сустракаліся вы падчас прэзыдэнцкіх выбараў з кандыдатам ад апазыцыі — Мілінкевічам?”

Русіновіч: “Ён мне спадабаўся, але ж мы нічога так і не пагаварылі”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Русіновіч: “У нас не адбыўся сход — не прыйшлі людзі, ды яны й не маглі прыйсьці”.

Карэспандэнт: “Дык як тады быць апазыцыі, калі нават на сходы людзі ня могуць прыходзіць?”

Русіновіч: “Ім патрэбна найперш давесьці людзям сваю праграму, каб было ясна, што яны будуць рабіць, як прыйдуць да ўлады”.

Карэспандэнт: “Цікава, а што ж яны павінны людзям аб’явіць у той праграме?”

Русіновіч: “Я ня ведаю, што яны павінны аб’яўляць, але каб не было горш, чым ёсьць, а каб было лепей...”

Спадар Браніслаў запрапанаваў яшчэ гарбаткі, але ўжо позна, а да Горадні некалькі гадзін ехаць. Дый дождж так і не спыняецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG