Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеяй кіруе “калектыўны Пуцін”. Ці існуе “калектыўны Лукашэнка”?


Ігар Карней, Менск Замежныя й расейскія аналітыкі ўсё часьцей выказваюць меркаваньне, што Расейскай Фэдэрацыяй кіруе не прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, а калегіяльны апарат, аснову якога складаюць асобы, што фармуюць пуцінскую палітыку. А ці можна казаць пра нешта падобнае датычна Беларусі? Ці пускае каго Аляксандар Лукашэнка да кіраваньня дзяржавай? Меркаваньні экспэртаў і былых прэзыдэнцкіх паплечнікаў выслухоўваў Ігар Карней.

У Расеі — клясычная алігархія. У Беларусі — сучасная манархія

Былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі кажа, што фармальна Расею і Беларусь аб’ядноўвае аўтарытарная сыстэма кіраваньня.

Але калі ў Расеі аўтарытарызм ажыцьцяўляецца калегіяльна, то ў Беларусі — аднаасобна, кажа Пласкавіцкі:

“Гэта, відавочна, было заўсёды: у Расеі кіруе алігархія (калі пад алігархіяй разумець ня тое, што Нямцоў кажа, а што Чубайс спачатку казаў). Гэта алігархічная дзяржава — прычым, клясычны яе выгляд”.

Карэспандэнт: “У гэтым зьвязку ці можна казаць пра існаваньне нейкага гіпатэтычнага “калектыўнага Лукашэнкі”?”

“Беларусь — манархічная дзяржава зь першых дзён кіраваньня Лукашэнкі. Нават мянушка “Бацька” сама за сябе кажа. Таму ніякіх параўнаньняў”.

Карэспандэнт: “Мяркуеце, падначаленыя Лукашэнкі на яго не ўплываюць?”

“Ня можа быць, каб ніхто ніяк не ўплываў. Але гэта ня шкодзіць чыстай манархіі. Калі вы згадаеце хоць адну чыстую манархію, там таксама былі ўплывовыя асобы, хтосьці больш, хтосьці менш, хтосьці гэта спрабаваў рабіць мэтанакіравана, і нават здаралася, што ўплываў. Але ж гэта не азначае, што яны самастойна нешта могуць рабіць. Нічога ня могуць”.

Карэспандэнт: “Пуцін урэшце ўзначаліў выбарчыя сьпісы партыі “Единая Россия”. У Беларусі завяршаецца працэдура стварэньня праўладнай партыі “Белая Русь”. Ці можа яе ідэйным лідэрам стаць Лукашэнка?”

“Гэты чалавек ні ў якім выпадку ня будзе гуляць у камандзе. І наагул, калі б не такая вялікая прага да калектыўнага кіраваньня ў большасьці дзяржаўнага апарату, ён бы ніколі не пагадзіўся на такія гульні”.

Трэнэр Лукашэнка падбіраў каманду пад сябе

Першы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын сьцьвярджае, што “калектыўны Лукашэнка” разваліўся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, паступова ператварыўшыся ў аўтарытарнага кіраўніка.

Ад таго часу палітычная калода тасуецца з такой пэрыядычнасьцю, якую ўсталёўвае “джокер”, кажа Сініцын:

“Пра калектыўнае кіраўніцтва ў Беларусі цяжка нават разважаць. У сыстэму гэта выпрацавалася з часам, бо ад пачатку гэта насамрэч была калектыўная справа. Але паступова Лукашэнка неяк сам сфармаваўся як правадыр”.

Карэспандэнт: “То бок, можна казаць, што ў 1994-м да ўлады ішла каманда?”

“Вядома, каманда. І галасавалі людзі ў тым ліку за каманду. За тыя крытэры і ацэнкі, якія каманда выказвала. І амаль у поўным складзе каманда сышла.

Першая каманда — гэта быў якраз калектыў. А ўжо потым каманду набіраў трэнэр, пад сябе. Таму з Расеяй тут параўноўваць няма сэнсу, бо ніякага “калектыўнага Лукашэнкі” не існуе. Тады ён проста ня быў бы Лукашэнкам”.

Сам Лукашэнка сьцьвярджае, што нікому не замінае дэманстраваць здольнасьці ў кіраваньні дзяржавай. Але падчас апошняга “Ўсебеларускага народнага сходу” заявіў: ня трэба блытаць прафэсіяналізм са звычайным падхалімствам. А таму ён аддае перавагу “вымушанай адзіноце”:

“Ніякі я не правадыр, ніякі не дыктатар і ня нейкі там адміністратыўны кіраўнік. Але я цярпець гэтага не магу, не выношу й не пераношу гэтага ідалапаклонства і “вождизма”. У гэтым сэнсе мяне папракнуць складана. Хто гэтага не разумее? Вось генэрал Жадобін сядзіць, Навумаў сядзіць, Нявыглас, якія былі ў мяне начальнікамі службаў. Яны вам раскажуць: што за жыцьцё ў Лукашэнкі-прзыдэнта!”

Паплечнікі Лукашэнкі мусяць падзяляць усе ягоныя комплексы

Літаратар Валер Булгакаў прысьвяціў шмат працаў дасьледаваньням псыхалягічнага стану вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва. Ён перакананы, што наўрад ці хто з атачэньня Лукашэнкі наважыцца “ўдасканаліць” цяперашнія мэтады кіраваньня дзяржавай. Бо не для гэтага яны ва ўладзе.

“Увогуле вельмі мала вядома пра асобаў, якія стаяць вакол Лукашэнкі. Цяжка гаварыць прадметна, што ўласьціва для Віктара Шэймана альбо для якога-небудзь Генадзя Нявыгласа. Папросту гэтыя людзі вядуць мінімальнае публічнае жыцьцё.

Зь іншага боку, калі нават яны існуюць па-за публічнай палітыкай, яны, пэўна, думаюць, што ім дазволена ўсё — ці амаль усё. Бо пэрспэктывы зьмены палітычнага ладу ў Беларусі найбліжэйшым часам не праглядаюцца…

Тут папросту праблема не індывідуальная, а хутчэй праблема ўнівэрсальных культурных тыпаў, унівэрсальных паводзінаў. Безумоўна, што Лукашэнкавы паплечнікі — у пэўнай ступені Лукашэнкавы аднадумцы.

Але толькі ў тым, што яны падзяляюць комплекс культурнай непаўнавартасьці, у які трансфармуюць укаранёны ў працэсе калянізацыі комплекс нікчэмнасьці беларускай культуры і беларускай мовы ў такой самай меры, як і сам Лукашэнка. І гэта ўжо іншы псыхааналітычны сюжэт”.

Зь першага складу Лукашэнкавай абоймы цяпер побач зь ім толькі Віктар Шэйман. Астатнія — у ваяўнічай ці памяркоўнай апазыцыі, альбо на непрыкметных дзяржаўных пасадах. Многія пачалі справу ў эміграцыі, бо мала хто хоча рызыкаваць здароўем, займаючыся бізнэсам у Беларусі.

Генэрала Юр’я Сівакова з высокіх пасадаў кідалі двойчы — спачатку з крэсла міністра ўнутраных справаў, а потым — міністра спорту і турызму. Праўда, як і бальшыня службоўцаў, якія падзялілі яго лёс, ён нікога ў гэтым не вінаваціць:

“Канечне, з такой вышыні падаць, ды яшчэ калі без парашуту, вельмі балюча. Хоць, у прынцыпе, можна — калі своечасова згрупавацца і сканцэнтравацца. Але без гарантыяў удалага прызямленьня, гэта ўжо які ў каго лёс. Усё ўрэшце залежыць ад чалавека, ад яго асабістых якасьцяў, ад яго індывідуальнасьці, ад яго філязофскага стаўленьня да жыцьця...”

• У сына Лукашэнкі няма асабістага рэйтынгу, 16.10.2007

• Альтэрнатыва беларускага чыноўніка: бізнэс, краты, забыцьцё?, 12.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG