Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Баланчук: “Нашая беларуская традыцыя – мы дапамагаем адзін аднаму”


Радыё Свабода Паводле новага прэзыдэнцкага Ўказу №503 “Аб ільготным перамяшчэньні праз мытную мяжу тавараў для асабістага карыстаньня”, увоз у Беларусь больш чым адной аўтамашыны ў год будзе лічыцца прадпрымальніцтвам. Як гэты ўказ паўплывае на працу тых, хто ўвозіць аўтамабілі ў Беларусь і на цэны на беларускім рынку аўтамабіляў?

Госьць “Начной Свабоды” – прадпрымальнік Эдвард Баланчук, які сярод іншага займаецца перагонкай аўтамабіляў у Беларусь.

Баланчук: Гэта ніяк не паўплывае на тых асоб, якія займаюцца гэтым афіцыйна, якія зарэгістраваныя прадпрымальнікамі і маюць ліцэнзію на ўвоз у Беларусь патрыманых аўто з Эўропы. А вось на грамадзянах гэта безумоўна скажацца. Машыны падаражэюць, іх стане меней, ня будзе такой вялікай канкурэнцыі – а калі няма канкурэнцыі, цэны заўсёды ідуць угару.

Знаткевіч: І гэта адбудзецца менавіта таму, што большасьць людзей, якія займаюцца ўвозам машын, ня маюць прадпрымальніцкай ліцэнзіі?

Баланчук: Так, гэта нашая звычайная беларуская традыцыя – мы дапамагаем адзін аднаму. Калі сусед працуе на такой працы, што ня мае магчымасьці наведаць Польшчу, Нямеччыну, Літву – звычайна мы прыбягаем да таго, што просім знаёмага, сябра, суседа, мы замаўляем машыну, кажам – я хацеў бы набыць такую й такую машыну – можаш мне дапамагчы? Безумоўна, мы бярэмся за такія справы і праз пэўны час падбіраем чалавеку такую машыну, як ён хоча. І ўсе задаволеныя. Бо калі чалавек ня можа знайсьці працы ў сваёй краіне, ён вымушаны такім чынам езьдзіць за мяжу, набываць гэтыя машыны, прыганяць іх і забясьпечваць гэтак сваю сям''ю.

Знаткевіч: Эдвард, з вашага досьведу – вашы знаёмыя, якія зарабляюць такім чынам – колькі разоў на год яны езьдзяць за мяжу і колькі машын яны прыганяюць у Беларусь?

Баланчук: Усё залежыць ад таго, колькі ў чалавека ёсьць грошай. Адныя езьдзяць шмат, другія – меней. Усё залежыць ад грошай – хто колькі назьбіраў, хто колькі змог пазычыць. Ня ў кожнага перагоншчыка ёсьць запас сваіх грошай. Даводзіцца пазычаць, каб пасьля, магчыма, адпрацаваць. Гэта вялікая рызыка, ня кожны можа, напрыклад, пазычыць грошай, купіць аўто, прыгнаць яго і выгадна тут прадаць. Пачатак 90-х ужо даўно прайшоў, няма колішніх вялікіх заробкаў, калі іншамарка ў Беларусі – гэта быў цуд, дзіва. Цяпер гэтым нікога ня зьдзівіш – ёсьць і машыны, і аўтасалёны. Але ў перагоншчыкаў гэта заўсёды таньней. Танна і надзейна.

Знаткевіч: Мы ўчора бралі камэнтары ў розных людзей у сувязі з гэтым новым прэзыдэнцкім указам, і вось старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што перагон аўтамабіляў – гэта такі самы бізнэс, які павінен быць зарэгістраваны, зь якога таксама трэба плаціць падаткі. Вось, што ён у прыватнасьці сказаў:

“Калі шмат аўтамабіляў чалавек пераганяе – гэта бізнэс. І гэта праўда. Дык у чым тут праблема? Чаму перагоншчыкі не павінны рэгістраваць свой бізнэс? Усё ж гэта вельмі дакладна рэгіструецца на мяжы і на мытні. І калі чалавек за год пераганяе, скажам, дзясятак аўтамабіляў – у яго прыбытак. Няхай аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, плаціць падаткі і працуе”.

Як бы вы пракамэнтавалі гэтае меркаваньне?

Баланчук: Спадар Патупа, напэўна, не прыганяў аўто і, мабыць, ня ведае, што ня кожнае аўто прадаецца з прыбыткам. Я, напрыклад, ведаю маіх сяброў, якія езьдзяць у Малінаўку па дзесяць базараў і ня могуць прадаць аўто. Вось нібыта і аўто нічога сабе – і файнае, і рухавічок, і выгляд мае – а вось не прадаецца, ня йдзе лешч, зрываецца! Што тады? І калі ён дзесяць аўто прыгнаў – ён можа на адным зарабіць, а на другім не зарабіць. А падаткі трэба заплаціць. Разумееце, гэта калі прадпрымальнікі езьдзяць у Маскву, яшчэ куды, узялі тавар – яны ведаюць, што гэты тавар ідзе, што яго там па сэзоне, па восені, па зіме, па вясьне бяруць. А аўтамабільны рынак насычаны. Былі такія выпадкі, калі чалавек радасны бяжыць, і пытаесься ў яго – што атрымалася? Так, мінус чатырыста, мінус трыста, але хоць грошы вярнуў! Калі чалавека абмяжоўваць – гэта абмяжоўваць яго правы. Я вось чытаю гэтыя ўказы, і мне робіцца трошкі сьмешна – “Аб ільготным парадку перамяшчэньня праз мытную мяжу тавараў для асабістага карыстаньня і спрошчаным парадку іх мытнага афармленьня”. Мы памятаем часы, калі пры Шушкевічу мы плацілі

па 10 амэрыканскіх цэнтаў за мілілітар. Звычайны рухавік 1,6 літра – 160 даляраў. А цяпер за такі рухавік прыкладна 800 эўра. Цяпер каб проста заплаціць мытныя пошліны, трэба заплаціць дзяржаве 2,5 мільёны. Фактычна, маленькую машыну для кабеты можна набыць за такія грошы! Вось гэта льгота!

Знаткевіч: Мы ўчора таксама бралі камэнтары ў людзей, якія займаюцца перагонкай аўтамабіляў у Беларусь, і вось адзін зь перагоншчыкаў – Пётар – перакананы, што ўсё адно ягоныя калегі будуць шукаць, так бы мовіць, “аб’яздныя шляхі”:

“Дапусьцім, я ганю вам машыну. Тэлефаную зь Нямеччыны, кажу, што буду ў польскай Кузьніцы такога чысла. Вы бярэце квіток на поезд. Мы з вамі разьлічваемся, вы сядаеце за руль машыны і адразу афармляеце яе на сябе, як будучая ўладальніца. Вось схема, якая ляжыць на паверхні”.

Так перагоншчык Пётар адказаў на пытаньне нашай карэспандэнткі. Што вы скажаце пра такую схему?

Баланчук: Я згодны. Пётар мае рацыю. Менавіта так і робіцца. Але ўлады будуць рабіць усё магчымае, каб такі перагон забараніць.

Знаткевіч: А якім чынам яны могуць канкрэтна перашкодзіць у апісаным выпадку?

Баланчук: Яны цяпер патрабуюць каб машына праходзіла мытнае афармленьне яшчэ ў Польшчы або Літве – каб была СМР-ка – там пазначаецца мытны груз (а аўто – гэта груз) і каб гэтая СМР-ка была аформленая на таго чалавека, які на гэтую машыну прэтэндуе. Такія памкненьні з боку Мытнага камітэту ўжо ёсьць. Можа яны яшчэ будуць гэта дашліфоўваць. Але пакуль што варыянт Пятра праходзіць. Але зь іншага боку, калі я, напрыклад, жыву пад мяжой, у Ашмянах, а ў мяне сястра, брат або маці жыве ў Гомелі, і мне проста прыехаць у Вільню, па даверанасьці, набыць на іх імя аўтамабіль і прыехаць. А цяпер выходзіць, што парушаюцца мае правы – я па даверанасьці не магу брату, тату, матулі прыгнаць аўто.

Знаткевіч: Мы вернемся да гутаркі неўзабаве, але сьпярша кароткае апытаньне.

“Колькі вам трэба працаваць, каб зарабіць на машыну, якую вы хочаце набыць?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Менску.



Знаткевіч: А Вам колькі трэба працаваць на машыну сваёй мары?

Баланчук: Як і тым, каго апытала Радыё Свабода, давядзецца працаваць шмат. На сёньняшні момант я ня маю свайго аўто. Я наагул люблю вандраваць па розных краінах аўтастопам. Мне гэта вельмі падабаецца. А перагон, якім я займаюся – гэта я раблю для сваіх сяброў. Напрыклад, вяртаюся з Трокаў, зь Вільні, і мяне просяць – памажы мне, і сам вырашыш сваю праблему – хутка дабярэсься дадому. І вось я стэлефаноўваюся, забіраю аўто, еду да мяжы... Але цяпер я не магу гэтага зрабіць. Раней індывідуальныя прадпрымальнікі мелі магчымасьць выпісаць даверанасьць на мяне, і паводле гэтай даверанасьці я мог ім прыгнаць. А апошнім часам гэтыя даверанасьці адмянілі – цяпер зноў даводзіцца езьдзіць аўтастопам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG