Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Буйвал: “Крыж пакуты будзе адноўлены да Дзядоў”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 16 кастрычніка)

Ва ўрочышычы Курапаты зьдзейсьнены чарговы акт вандалізму. Зламаны Крыж пакутаў, усталяваны ў 1989 годзе на месцы масавых расстрэлаў і асьвечаны сьвятарамі чатырох асноўных канфэсій – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай. У Менску створаны адмысловы аргкамітэт, які мяркуе аднавіць сьвятыню да сёлетніх Дзядоў. Сёньня наш госьць – сябра аргкамітэту, мастацтвазнаўца Валеры Буйвал.

Міхась Скобла: “Спадар Валеры, хрысьціянскай цывілізацыі ўжо дзьве тысячы гадоў. Больш за тысячу гадоў – хрысьціянству на тэрыторыі Беларусі. І тым ня менш, знаходзяцца людзі, якія змагаюцца з крыжамі, ламаюць іх. Што адбываецца? Чаму ў Беларусі, даволі густа застаўленай цэрквамі й касьцёламі, стаўся магчымым падобны акт вандалізму?”

Валеры Буйвал: “Падобныя акты вандалізму адбываюцца ва ўсім сьвеце, ва ўсіх хрысьціянскіх краінах. Але ў цывілізаваных краінах хрысьціянскія помнікі ахоўваюцца ўладамі, паліцэйскімі структурамі. Да іх з павагай і шанаваньнем ставіцца грамадзтва. У Беларусі ж мы назіраем адваротную карціну. Усім вядомы праваслаўны атэіст увёў зусім іншы парадак, зусім іншыя адносіны да помнікаў падобнага кшталту. Рэгулярна, ня толькі ў Курапатах, а і ў іншых мэмарыяльных месцах, зьвязаных з нацыянальнай гісторыяй, адбываюцца акты вандалізму. Міліцыя й пракуратура, нягледзячы на звароты грамадзкасьці, ня робяць абсалютна нічога дзеля таго, каб спыніць гэты працэс. За ўсе гады ня злоўлены й не асуджаны ніводзін з вандалаў! Гэта наводзіць на пэўны роздум адносна таго, хто насамрэч зьяўляецца заказчыкам гэтых актаў вандалізму”.

Скобла: “Крыж прастаяў амаль 18 гадоў. Вялі па Курапатах кружную дарогу – крыж стаяў. Ламалі, разьбівалі гэтак званую “лаўку Клінтана” – крыж стаяў. Чаму ж нехта вырашыў зьнішчыць яго менавіта ў гэтыя дні?”

Буйвал: “Крыж пакуты ў Курапатах пашкоджвалі ўжо неаднойчы, звычайна, напярэдадні Дзядоў, перад Радаўніцай. Крыж – знак пакуты Хрыста, сымбаль вечнага жыцьця, ён бароніць сябе сам. Яго баяцца людзі зь нячыстым сумленьнем. Той, хто ламае крыжы, хто блюзьнерыць з хрысьціянскіх і народных сьвятыняў, абавязкова будзе пакараны Госпадам. Сумленныя беларусы ня здольныя на такі антыхрысьціянскі, сатанінскі ўчынак. На месцы ўсіх актаў вандалізму, якія чыніліся ў Курапатах, заставаліся надпісы па-расейску, прычым фашыстоўскага зьместу. Мы перакананыя, што сатанінская дзейнасьць – гэта справа рук расейскіх фашыстаў, ненавісьнікаў Беларусі, нашай культуры й мовы”.

Скобла: “Крыж пры ягоным усталяваньні ў 1989 годзе асьвяцілі сьвятары чатырох канфэсій – праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай. Значыць, ён і для іх – сьвятыня. Як адрэагавалі на ўчынак вандалаў ерархі гэтых цэркваў?”

Буйвал: “Ніяк не адрэагавалі, мабыць, і не заўважылі. Што праўда, мы, аргкамітэт і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, не зьвярталіся ў царкоўныя структуры з апэляцыяй. Але калі падобнае адбываецца, то грамадзтва й без напаміну чакае адэкватнай рэакцыі ад прадстаўнікоў названых цэркваў”.

Скобла: “Вось што пішацца пра Курапаты ў афіцыйнай Беларускай энцыкляпэдыі (год выданьня – 1999): “Курапаты – месца расстрэлаў. У працэсе расьсьледаваньня правяраліся дзьве вэрсіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі, паводле другой – у Курапатах ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду”. Але ў любым выпадку, незалежна ад таго, хто страляў бязьвінных людзей, да Курапатаў павінна быць пашанлівае стаўленьне з боку дзяржавы. Тым больш, у свой час, была прынятая адпаведная пастанова Савету Міністраў. Чаму яна не выконваецца?”

Буйвал: “Пастанова тая таму не выкананая, што ў Беларусі сёньня пануе прамаскоўскі антыбеларускі рэжым. Рэжым унутранай акупацыі, узурпатарскі рэжым. Галоўная задача гэтага рэжыму – падрыў, зьнішчэньне, ліквідацыя беларускай дзяржавы, нашай мовы й нашай культуры, асыміляцыя й русыфікацыя беларускага народу. Адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці рэжыму зьяўляецца зьнішчэньне нацыянальнай памяці беларусаў. Памяці пра нашы ахвяры, ахвяры расейскага фашызму, расейскай акупацыі. І адным з самых жахлівых наступстваў гэтай акупацыі зьяўляюцца Курапаты, дзе былі расстраляныя тысячы бязьвінных людзей”.

Скобла: “Крыж пакуты – неад’емная частка Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Хто выступіў зь ідэяй стварэньня такога мэмарыялу?”

Буйвал: “Народны мэмарыял ствараецца пачынаючы з 1988 году. Гэта было духоўнае рушаньне беларусаў, якія прыносілі й ставілі ў Курапатах крыжы. Першым сфармуляваў ідэю Народнага мэмарыялу Зянон Пазьняк, які прапанаваў стварыць Лес Крыжоў. Гэта ёсьць працягам нацыянальнай хрысьціянскай традыцыі. Існуе сьвятая гара Грабарка на Беласточчыне, дзе праваслаўныя беларусы паставілі літаральна тысячы крыжоў. Гэта месца вельмі інтэнсіўнага духоўнага жыцьця. Гэта знак высокай рэлігійнай культуры нашых суайчыньнікаў на Беласточчыне. І сёньня стварэньне Народнага мэмарыялу ў Курапатах працягваецца. Кожны можа паставіць там свой крыж і далучыцца гэтым самым да высакароднай і вялікай справы”.

Скобла: “Мяне ў гэтай гісторыі вось яшчэ што зьдзівіла. Калі грамадзкасьць запатрабавала, каб міліцыя ахоўвала Курапаты і не дапускала там актаў вандалізму, зь Менскага абласнога ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных справаў быў канкрэтны адказ: плаціце нам, і мы будзем ахоўваць. Што б вы адказалі на гэтую прапанову нашай слаўнай міліцыі?”

Буйвал: “Такога ў сучаснай гісторыі Эўропы яшчэ не было. Ні ў адной эўрапейскай краіне паліцыя так сябе не паводзіць. Зразумела, што згаданая вамі “прапанова” не была лякальным крокам абласнога ўпраўленьня міліцыі, а нават і не Міністэрства ўнутраных справаў. Гэта ёсьць загад, пазыцыя, палітыка вярхоўнай улады ў Беларусі. Пазыцыя менавіта галоўных кіраўнікоў, якія служаць не Беларусі, а замежным сілам, а тыя не зацікаўленыя ў ахове нашых нацыянальных сьвятыняў”.

Скобла: “Адна з афіцыйных вэрсій – з крыжамі ў Курапатах ваююць сатаністы. Тады само па сабе напрошваецца пытаньне: навошта сатаністам трушчыць мэмарыяльную лаву, якую ў Курапаты прывёз прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, і на якой выбіты словы: “Ад народу ЗША – народу Беларусі дзеля памяці”. А яе ламалі ажно 12 (!) разоў. Чаму? Таму што яна – “амэрыканская”?”

Буйвал: “Безумоўна, менавіта таму. Бо гэта знак прыязьні, знак спачуваньня, знак хрысьціянскай салідарнасьці далёкага амэрыканскага народу народу беларускаму. Але як ні назаві гэтых цёмных людзей, якія ўчыняюць акты вандалізму ў Курапатах, – сатаністамі, расейскімі фашыстамі ці проста злачынцамі, – зьява застаецца тая ж самая. Гэта адназначна ёсьць дзеяньне варожых Беларусі сілаў, гэта ёсьць праява расейскай акупацыі на нашай зямлі”.

Скобла: “Якой вам бачыцца будучыня Курапатаў у новай Беларусі?”

Буйвал: “Курапаты будуць адным з апірышчаў нашага духоўнага жыцьця. Туды будуць прыходзіць людзі, кожны беларус пабудзе ў гэтым сьвятым месцы. Даведаецца пра нашу сапраўдную гісторыю, пра нашу нацыянальную трагедыю. У Курапатах будзе адбывацца катарсіс, ачышчэньне душаў праз пакуты, празь перажываньне, праз суперажываньне. Пакутнікі Курапатаў будуць жыць з намі, яны не павінны сысьці ў пустэчу нябыту. Як і ўсе помнікі нашай гістарычнай славы й трагедыі, Курапаты будуць пад належнай аховай сапраўднай беларускай дэмакратычнай дзяржавы”.

Скобла: “Хто ўжо далучыўся да працы вашага камітэту, і калі вы мяркуеце аднавіць Крыж пакуты?”

Буйвал: “Камітэт быў створаны на пасяджэньні ўправы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Мы зьвярнуліся да выдатных дзеячаў нашай культуры, і яны адгукнуліся на наш заклік. У камітэт уступілі Анатоль Грыцкевіч, Радзім Гарэцкі, Эдвард Зайкоўскі, Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч. Узначальвае камітэт Зянон Пазьняк, выканаўчы арганізатар – Юры Беленькі, ягоныя намесьнікі – Алесь Чахольскі й Сяргей Папкоў. Наша мэта – аднавіць Крыж да Дзядоў. Той, хто хоча далучыцца да камітэту, да нашай стваральнай працы, можа прыходзіць на нашы талокі, якія адбываюцца ў Курапатах штосуботы аб 11.00. І там, на месцы, зрабіць свой унёсак у стваральную мэмарыяльную працу”.

Грамадзкі камітэт аднаўляе Крыж “Пакутнікам Беларусі", 13.10.2007 Ва ўрочышчы Курапаты маліліся пратэстанцкія сьвятары, 13.10.2007 Курапаты: паламалі галоўны крыж, які некалі прынесьлі ва ўрочышча ад будынку КДБ (Слайд-рэпартаж), 08.10.2007 А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе, 05.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG